Панядзелак, 23 Лістапад 2015 16:04

16 лістапада 2015 г. – 110 гадоў з дня нараджэння Мікалая Аляксеевіча Аўчыннікава (1905–1980), мастака, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны

Мікалай Аляксеевіч Аўчыннікаў нарадзіўся 16 лістапада 1905 года ў горадзе Карачаве Арлоўскай губерні (цяпер Бранскай вобласці) Расіі ў шматдзетнай сям’і. Бацька мастака рана пайшоў з жыцця, таму Мікалай быў вымушаны з дзяцінства зарабляць на кавалак хлеба.

 У 1937 годзе Мікалаю Аўчыннікаву ўдалося ўладкавацца ў арцель «Культура», там ён дапамагаў у мастацкіх майстэрнях. У маладога чалавека заўважылі талент і адправілі вучыцца ў Маскву – на курсы па выяўленчаму мастацтву пры Усесаюзным Доме народнай творчасці імя Н. К. Крупскай. Ужо ў 1940 годзе М. Аўчыннікаў, як малады мастак, упершыню ўдзельнічаў у абласной выставе прафесійнай і народнай творчасці ў г. Арле.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Аляксеевіч быў накіраваны ў Чырвоную армію, ў Еланскія лагеры Уральскай ваеннай акругі. Працаваў старшым мастаком гарнізоннага клуба, маляваў патрыятычныя стэнды і плакаты. У 1944 годзе адбылася 5-я акруговая выстава чырвонаармейскай творчасці Уральскай ваеннай акругі ў Свярдлоўску. Мікалай Аўчыннікаў прымаў удзел у выставе, дзе прадставіў серыю прац «Урал у перыяд Вялікай Айчыннай вайны».

У 1945 годзе пасля дэмабілізацыі М. Аўчыннікаў пераехаў у Брэст. Пры абласным Доме народнай творчасці яму ўдалося сабраць брыгаду мастакоў. Спачатку брыгада была нешматлікая, але паступова ўключаліся новыя кадры, і брыгада расла. Гэта былі Іван Фяцісаў, Іван Рудчык, Васіль Шыкін, Мікалай Чураба, Эдуард Куфко і інш. Перад мастакамі ставіліся задачы ў першую чаргу – творчай актыўнасці і павышэння прафесійнага майстэрства.

У 1948 годзе Расійскі Дом народнай творчасці набывае яго карціну з маскоўскай выставы «З зямлянак у новыя дамы». У 1949 годзе Мікалая Аляксеевіча, як актыўнага грамадскага дзеяча выбралі кіраўніком Брэсцкага філіяла Саюза мастакоў БССР. У 1955 годзе праводзіліся дні Беларускай культуры ў Маскве, дзе Мікалая Аляксеевіча ўзнагародзілі Граматай Вярхоўнага Савета БССР за папулярызацыю беларускага мастацтва.

У лістападзе 1959 года была арганізавана яго персанальная выстава, на якой мастак прадставіў больш за 100 твораў. У 1960 годзе М. Аўчыннікаў становіцца членам Саюза мастакоў БССР. Ён шмат працуе ў галіне станковага жывапісу, у жанрах пейзажу, сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта. Толькі з 1940 па 1974 гады ён прыняў удзел у 48-мі выставах, выступіў з паказам работ перад жыхарамі Расіі, Беларусі і Польшчы. У 1975 годзе ў Брэсце адбылася яго персанальная выстава, прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння і 35-годдзю творчай дзейнасці.

Сярод значных работ мастака: “Лiст родным” (1943), “Вернасць баявому сцягу” (1961), “Лясная дарога” (1962), “Стаяць насмерць” (1963), “Трактарысты” (1966), “Берлін 1945 года” (1974), “Подзвіг Івана Цубы. Беларускі Сусанін” (1978).

Творы Мікалая Аляксеевіча знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, фондах Беларускага саюза мастакоў і  ў прыватных калекцыях.

М. А. Аўчыннікаў памёр 3 кастрычніка 1980 года.

15 снежня 2005 года ў Брэсцкім мастацкім музеі адбылася вечарына памяці, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Мікалая Аляксеевіча Аўчыннікава, аформлена выстава яго твораў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, загадчыца інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

 

1. Николай Овчинников // Художники Брестчины : альбом-каталог. Минск, 2002. С. 84–85.

2. Николай Овчинников // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск : БЕЛТА, 2001. Кн. 2. С. 649.

3. Аўчыннікаў Мікалай Аляксеевіч // Беларускі саюз мастакоў. 1938–1998 : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1998. С. 42.

4. Аўчыннікаў Мікалай Аляксеевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 227.

5. Овчинников Николай Алексеевич // Художники Советской Белоруссии. Минск : Беларусь, 1976. С. 256.

6. Юбилейная выставка произведений Н. А. Овчинникова, посвященная 70-летию со дня рождения и 35-летию творческой деятельности : каталог / Брестская областная организация Союза художников БССР ; [вступ. ст. И. Рудчик]. – Брест, 1975. – 8 с. : ил.

7. Павлова, Л. Таланта свет горит 100 лет : [в Художественном музее прошел вечер памяти художника Николая Овчинникова, посвящённый его 100-летнаму юбилею ] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2005. 29 декабря. С. 10.

8. Павлова, Л. Юбилейная осень берестейских художников : [в т. ч. 100-летие со дня рождения Н. Овчинникова] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2005. 24 ноября. С. 9.

9. [Овчинников Николай Алексеевич : некролог] // Заря. 1980. 11 октября.

10. Сурскі, А. Створана ў Брэсце : [з юбілейнай выстаўкі твораў М. А. Аўчыннікава] / А. Сурскі // ЛіМ. 1976. 20 лютага. С. 9.

11. Потолков, Ю. Перекрёстки таланта : [о выставке работ Н. А. Овчинникова] / Ю. Потолков // Заря. 1975. 20 декабря.

12. Рудчик, И. Душа и палитра художника : [о живописце Н. А. Овчинникове] / Иван Рудчик // Заря. 1975. 25 ноября.

13. Сурскі, Арк. Творы брэсцкіх мастакоў [М. Аўчыннікава і І. Рудчыка] / Арк. Сурскі // ЛіМ. 1959. 16 снежня. 

14. Сурский, А. Творчество художников : [о выставке работ художников Н. Овчинникова и И. Рудчика в связи с их 50-летием] / А. Сурский // Заря. 1959. 5 декабря.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1072 разоў Апошняя змена Панядзелак, 11 Май 2020 16:21