Аўторак, 24 Лістапад 2015 10:41

9 лістапада 2015 г. – 70 гадоў з дня нараджэння (1945) Леаніда Барысавіча Тышко, артыста эстрады, заслужанага артыста БССР, аднаго са стваральнікаў ВІА «Песняры»

Леанід Барысавіч Тышко нарадзіўся 9 лістапада 1945 года ў г. Брэсце. У 1964 годзе закончыў Брэсцкае музычнае вучылішча па класу домры. У тым жа годзе быў прызваны на тэрміновую службу ў Савецкую армію. Служыў у адной частцы Беларускай ваеннай акругі з Уладзімірам Георгіевічам Мулявіным (1941–2003). Менавіта там ён і пазнаёміўся з будучым арганізатарам і мастацкім кіраўніком легендарнага ансамбля «Песняры», народным артыстам БССР.

Леанід Тышко быў адным з заснавальнікаў вакальна-інструментальнага калектыву «Песняры» (першапачатковая назва «Лявоны»), разам з Аляксандрам Дзямешка (1947–2006), Валерыем Яшкіным (1940–1997), Уладзіславам Місевічам, Валерыем Мулявіным (1938–1973). Працаваў у ансамблі з 1968 па 1982 гады. Ён граў на бас-гітары, выконваў басовыя вакальныя партыі (на падпеўках), пісаў вершы. Таксама выступіў аўтарам слоў некалькіх «песняроўскіх» песень.

1 верасня 1969 года калектыў “Лявоны” быў зарэгістраваны ў Мінскай філармоніі. У 1970 годзе Л. Тышко прапанаваў новую назву ВІА – “Песняры”, разам з У. Місевічам у бібліятэцы адшукалі літаратуру, каб пацвердзіць назву, якую У. Мулявін падтрымаў. З кастрычніка 1970 года замест “Лявонаў” стаў працаваць ВІА “Песняры”.

Ансамбль вылучаўся экспрэсіўнасцю выканання, каларытнасцю гучання. Творчасці “Песняроў” характэрны апора на нацыянальныя традыцыі, творчы пошук, падпарадкаванасць мелодыцы і паэтычнаму сэнсу песеннага сказа, уменне перадаваць фальклорныя песенныя інтанацыі сучаснымі сродкамі. Калектыў іграў значную ролю ў папулярызацыі старадаўніх беларускіх народных песень: “Ой, рана на Йвана”, “Перапёлачка”, “Касіў Ясь канюшыну”, “Купалінка”, “А ў полі вярба”, “Рэчанька” і інш.

Леанід Тышко як удзельнік ВІА «Песняры» зняўся ў двух мастацкіх музычных фільмах: «Эта весёлая планета» (“Масфільм”, 1973) і «Ясь і Яніна» (“Беларусьфільм”, 1974). У 1979 годзе Л. Тышко атрымаў ганаровае званне – Заслужаны артыст БССР.

ВІА “Песняры” шмат гастраліраваў па СССР і за мяжой (Венгрыя, ГДР і ФРГ, Куба, Індыя, Фінляндыя, Францыя, ЗША і інш.). У сакавіку 1982 года, пасля невялікіх гастроляў па Лацінскай Амерыцы і непаразуменняў, якія ўзніклі там, Л. Тышко добраахвотна вырашыў пакінуць ансамбль. Стаў другім музыкантам з «залатога складу» (пасля В. Яшкіна), хто пакінуў групу на грэбні яе поспеху. Разам з малодшым братам Эдуардам Леанід Тышко граў у рэстаранах «Юбілейны» і «Каменная кветка» г. Мінска, займаўся выкладчыцкай дзейнасцю.

У 1991 годзе з другой жонкай Л. Тышко з’ехаў на пастаяннае жыхарства ў Ізраіль. У 1998 годзе наведаў Беларусь і, зняўшы з сябе «зарок маўчання», зняўся на Беларускім тэлебачанні, даў інтэрв’ю газеце «Советская Белоруссия». Леанід Барысавіч прыязджаў на святкаванне 30-годдзя “Песняроў” (2001), пагасціў некалькі дзён у Мінску.

У маі 2005 года выйшаў дакументальны фільм «“Песняры”: зроблена Мулявіным у СССР» (рэжысёр Сяргей Мнацаканаў) з фрагментамі ўспамінаў Л. Тышко. Прапанову Леаніда Барткевіча прыняць удзел у аднаўленні «Песняроў» Л. Тышко адхіліў.

У 2009 годзе па запрашэнню Уладзіслава Місевіча Л. Тышко выступіў з ансамблем «Беларускія песняры» ў Палацы Рэспублікі (Мінск), прыняў удзел у юбілейным канцэрце на фестывалі «Залаты шлягер» у Магілёве.

У цяперашні час Леанід Барысавіч пражывае ў г. Хайфа (Ізраіль) з жонкай і сынам. Ён піша вершы і застаецца такім жа сціплым і засяроджаным чалавекам, якім быў і раней.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, загадчыца інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

 

1. Тышко Леонид Борисович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 420.

2. Тышко Леанід Барысавіч // Энцыклапедыя беларускай папулярнай музыкі / укл. Дз. Падбярэзскі, Г. Шостак [і інш.]. Мінск, 2008. С. 304.

3. Тышко Леанід Барысавіч / Г. М. Загародні // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 16. С. 87.

4. “Песняры” // Энцыклапедыя беларускай папулярнай музыкі / укл. Дз. Падбярэзскі, Г. Шостак [і інш.]. Мінск, 2008. С. 231–233.

5. “Песняры” / Г. М. Загародні // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 4. С. 272.

6. Владимир Мулявин. Нота судьбы : воспоминания, интервью, исследования / ред.-сост. Л. Крушинская. – Минск : Мастацкая лiтаратура, 2004. – 446 с. : ил.

7. Борткевич, Л. “Песняры” и Ольга / Леонид Борткевич. – Москва : Вагриус, 2003. 285 с.

8. Яшкин, В. На полпути от эстрады к театру / Валерий Яшкин. – Москва : Госконцерт, 1995. – 144 с. : ил.

9. Тышко, Л. Ностальжи под струнный звон / Леонид Тышко // СБ. Беларусь сегодня. 2010. 31 октября.

10. Улевич, О. Из первого состава “Песняров” в живых осталось двое музыкантов : [о В. Мисевиче и Л. Тышко] / Ольга Улевич // Комсомольская правда в Белоруссии. 2009. 27 августа.

11. Скороход, Ю. «Песняры» родились в Пинске? : [об истории создания ВИА «Песняры» и музыканте Л. Тышко] / Юрий Скороход // Полесская правда (Пинск). 2004. 11 сентября. С. 3.

12.Тышко, Л. Человек, который придумал название “Песняры” / Леонид Тышко : записал Виктор Лашков // Советская Белоруссия. 1998. 25 мая (№ 133–134).

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1106 разоў Апошняя змена Аўторак, 12 Май 2020 14:19