Чацвер, 24 Снежань 2015 16:17

28 лістапада 2015 г. – 115 гадоў з дня нараджэння Аляксандры Паўлаўны Асторынай (1900–1982), актрысы, рэжысёра, заслужанай артысткі БССР

Аляксандра Паўлаўна Асторына нарадзілася 28 лістапада 1900 года ў г. Чэлябінску (Расія) у дваранскай сям’і. Бацька, Павел Аляксандравіч Тапарнін, банкаўскі работнік, добра іграў на скрыпцы; мацi, Ганна Сцяпанаўна, урач, выдатна спявала. Аляксандра атрымала добрае выхаванне, свабодна валодала нямецкай, французскай, польскай мовамі.

У 1917 годзе Аляксандра Асторына скончыла музычнаевучылішча Рускага імператарскага музычнага таварыства. На сцэне яна дэбютавала ў 1918 годзе, у тэатры імя Карла Маркса ў г. Самара. Майстэрству слова вучылася ў акцёра, тэатральнага рэжысёра і педагога Уладзіміра Мікалаевіча Давыдава (1849–1925). Выступала ў перасоўных і ваенных тэатрах на Усходнім фронце. З 1922 года працавала ў тэатрах Масквы, Разані, Арэнбурга, Арла, Кастрамы, Ліпецка.

У 1936–1940 гадах Аляксандра Паўлаўна – артыстка Варонежскага маладзёжнага тэатра, дзе яна іграла ролі Кабаніхі («Навальніца», А. Астроўскі), Хлястовай («Гора ад розуму», А. Грыбаедаў) і інш.

У пачатку 1949 года камітэт па справах мастацтваў пры Савеце Міністраў БССР вырашыў узмацніць трупу Брэсцкага драматычнага тэатра, сюды былі запрошаны акцёры з Магілёва і іншых гарадоў: М. Абрамаў, Г. Качаткова, Т. Аляксеева, С. Прасцякоў, А. Веташкін, Л. Арыніна, А. Асторына, В. Захарава, П. Маркін i iнш. Аляксандра Асторына прыйшла ў брэсцкую трупу сталым майстрам, мела ўплыў на малады калектыў. У 1949–1973 гадах Аляксандра Паўлаўна працавала ў Брэсцкім абласным драматычным тэатры імя ЛКСМБ. Рэпертуар тагачаснага тэатра вызначаўся героіка-рамантычнай тэматыкай, шырока ставілася класіка.

Аляксандра Асторына – характарная актрыса, майстар пераўвасаблення, сцэнічнай дэталі і эпізоду, шчодра карысталася мастацкім перабольшаннем, а часам і гратэскам. Псіхалагічнай глыбінёй вобразаў, скупасцю формы, тэмпераментнасцю вызначаліся яе ролі ў п’есах А. Астроўскага і М. Горкага. Стварыла шэраг каларытных, пераважна вострахарактарных эпізадычных вобразаў. Сярод роляў: Акуліна («Жаніцьба Бальзамiнава», А. Астроўскі), Манефа («На ўсякага мудраца даволі прастаты», А. Астроўскі), Мярчуткіна («Юбілей», А. Чэхаў), баба Вера («Адна», С. Алешын), Альжбета («Кветка папаратніка», І. Козел), Маці («Брэсцкая крэпасць», К. Губарэвіч) і інш.

Як рэжысёр яна паставіла спектаклі «Тры жарты» (А. Чэхаў, 1956), «Позняе каханне» (А. Астроўскі, 1963).

15 снежня 1957 года А. П. Асторына атрымала званне заслужанай артысткі БССР. Узнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”, медалём “За доблестный труд”, Граматай Вярхоўнага Савета БССР (1967). Выбіралася дэпутатам Брэсцкага гарадскога Савета.

А. П. Асторына з’яўлялася адным з арганізатараў Брэсцкага тэатра лялек: у 1963–1964 гадах узначальвала лялечную трупу пры драмтэатры, ажыццявіла шэраг пастановак: «Іван – сялянскі сын» (Б. Сударушкіна, 1963), «Сакрэтны пакет» (В. Паўлава, 1963), «Балабушка» («Калабок») і «Рэпка» (Г. Ландау, 1964), “Выкраданне цыбулін” (М. К. Машаду, 1964).

Аляксандра Паўлаўна Асторына памерла 15 ліпеня 1982 года.

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (Мінск) захоўваюцца дакументы творчай дзейнасці А. П. Асторынай: афішы і праграмы спектакляў з яе ўдзелам; фатаграфіі актрысы ў ролях і сцэнах са спектакляў, якія яна іграла ў Разанскім савецкім тэатры, Маскоўскім тэатры драмы і камедыі, Кастрамскім гарадскім тэатры, Варонежскім абласным маладзёжным тэатры, у Брэсцкім драмтэатры, а таксама рукапісы Аляксандры Паўлаўны: артыкулы, рэцэнзіі, лекцыя-канцэрт, нататкі і лісты, асабістыя дакументы, дакументы творчай, службовай і грамадскай дзейнасці актрысы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, загадчыца інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

 

  1. Асторына Аляксандра Паўлаўна // Культура Беларусі : энцыклапедыя : Мінск, 2010. Т. 1. С. 295.

  2. Асторина Александра Павловна // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т.1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 1. С. 28.

  3. Асторина Александра Павловна // Республика Беларусь : энциклопедия : [в7т.]. Минск, 2006. Т.2. С.154.

  4. Асторына Аляксандра Паўлаўна / Р. М. Бакіевіч // Тэатральная энцыклапедыя : у 2 т. Минск, 2002. Т. 1. С. 63.

  5. Асторына Аляксандра Паўлаўна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 2. С. 47.

  6. Асторына Аляксандра Паўлаўна / Р. М. Бакіевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 209.

  7. Асторына Аляксандра Паўлаўна // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1969. Т. 1. С. 532.

  8. Перепелица, К. И. Асторына А. // Перепелица, К. И. Галера святых и грешных... : Воспоминания : [актёра Брестского областного театра драмы и музыки о коллегах-актёрах и театре] / Константин Перепелица. Брест : Изд-во С. Лаврова, 2002. С. 133–141.

  9. Нікіценкава, Л. П. Брэсцкі абласны тэатр драмы і музыкі / Л. П. Нікіценкава, У. І. Нікіценкаў; Сідарук, І. Брэсцкі абласны тэатр лялек / І. Сідарук // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск : БЕЛТА, 2001. Кн. 2. С. 578–583.

  10. Волчецкий, Л. Годы, спектакли, роли… : очерк о творческой деятельности Брестского областного драматического театра имени Ленинского комсомола Белоруссии / Леонид Волчецкий. Минск : Мастацкая литаратура, 1974. 172 с., [6] л. фото.

  11. Брэсцкі драматычны тэатр – 50 / [укл. З. Дудзюк]. – [Брэст], 1995. – 64 с. : іл.

  12. Крейдич, М. «Театру всегда будет не хватать Асториной...» : [о заслуженной артистке БССР А. П. Асториной, работавшей в областном театре драмы. К 100-летию со дня рождения] / Мария Крейдич // Вечерний Брест. 2000. 21 июня. С. 8.

  13. Александра Павловна Асторина : [некролог] // Заря. 1982. 17 июля. С. 3.

  14. Жардецкая, Р. “Молодость – понятие такое…” : [об А. П. Асториной] / Р. Жардецкая // Советская Белоруссия. 1973. 4 февраля.

  15. Хорошко, Н. Щедрость души : [о депутате Брестского горсовета А. П. Асториной] / Н. Хорошко // Заря. 1967. 7 января.

  16. Хорошко, Н. Гордая должность : [о депутате Брестского горсовета А. П. Асториной] / Н. Хорошко // Советская Белоруссия. 1967. 4 марта.

  17. Рыбакоў, М. Чалавек, актрыса, грамадскі дзеяч : [А. П. Асторына] / М. Рыбакоў // ЛіМ. 1965. 12 сакавіка.

  18. Фрейдин, В. Гордость театра : [аб артистах А. Асториной и М. Абрамове] / В. Фрейдин // Заря. 1961. 5 мая.

  19. Сурскі, А. Сорак год на сцэне : [пра актрысу А. П. Асторыну] / А. Сурскі // ЛіМ. 1961. 7 сакавіка.

  20. Любін, М. Гэта і ёсць подзвіг : [да 60-годдзя з дня нараджэння і 40-годдзя сцэнічнай дзейнасці актрысы А. П. Асторынай] / М. Любін // Зара. 1961. 1 сакавіка.

  21. Асторына, А. Шлях рэжысёра : [пра рэжысёра Брэсцкага драматычнага тэатра Ю. А. Арынянскага] / А. Асторына // Заря. 1961. 9 красавіка.

  22. Асторына, А. Мастак жыццёвай праўды : [пра артыста Брэсцкага драматычнага тэатра М. А. Абрамава] / А. Асторына // ЛіМ. 1960. 10 лютага.

  23. Асторина, А. Артист Юрий Власов / А. Асторина // Заря. 1960. 22 мая.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1175 разоў Апошняя змена Панядзелак, 11 Май 2020 16:06