Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 03 Люты 2016 11:01

4 сакавіка 2016 г. – 95 гадоў з дня нараджэння Эдуарда Станіславіча Куфко (1921–1998), жывапісца

Эдуард Станіслававіч Куфко нарадзіўся 4 сакавіка 1921 года ў сяле Славоціна Селіжараўскага раёна Цвярской вобласці (Расія) у сям’і чыгуначніка. Скончыў Абазерскі лесатэхнічны тэхнікум.

У 1938–1939 гадах Эдуард Куфко вучыўся ў Яраслаўскім мастацкім вучылішчы. Паспеў скончыць толькі два курсы, потым былі служба ў арміі, вайна, фронт, палон… Гітлераўскія канцлагеры. А пасля вызвалення… зноў калючы дрот ужо ў савецкім ГУЛАГу. На долю маладога Эдуарда Куфко выпалі цяжкія фізічныя і духоўныя выпрабаванні.

У Брэсце Эдуард Станіслававіч апынуўся ў 1955 годзе і адразу пачаў плённа працаваць як жывапісец. Хутка аднавіў свае прафесійныя веды і навыкі, хоць прапусціў пасля вучылішча 15 гадоў. Удзельнічаў у выставах такіх жа, як і сам, мастакоў-франтавікоў. У 1957 годзе быў рэабілітаваны. У 1964 годзе прыняты ў Саюз мастакоў СССР.

Працаваў у жанрах сюжэтна-таматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Героіка-трагедыйным гучаннем вызначаюцца творы антыфашысцкага цыкла, у якіх выкрываецца антыгуманная, бесчалавечная сутнасць фашызму: “Праклён фашызму” (1960), “Уцёкі” (1961), “Правда” (1963), “Не забудзем” (1964), “Голад” і “Роздум” (1966), “Вызваленне” (1967), “Няскораны” і “Рукі” (1969), “Асвенцым” (1974), “Памяці вязняў Ламсдорфа” (1977) і інш.

Псіхалагізм, выяўленне ўнутранага свету чалавека – адметная рыса партрэтаў “Маці партызана” (1957), скульптара І. Хоміча (1968), Ф. М. Дастаеўскага (1972), Героя Сацыялістычнай Працы В. Д. Махновіча (1975), партызана М. А. Хлебнікава (1979), кампазітара Э. Ханка і пісьменніка У. Калесніка (1980) і інш. Выканаў шэраг нацюрмортаў, краявідаў Прыбалтыкі і Каўказа, карцін на сучасныя тэмы. Творчай манеры Э. Куфко ўласцівы экспрэсіўнасць, выразнасць каларыту, арыгінальнасць кампазіцыйнай будовы, шырокае выкарыстанне сімволікі.

У 1992–1996 гадах з вялікім поспехам прайшлі выставы карцін Эдуарда Куфко ў ЗША. Яго творы пераязджалі з горада ў горад, з галерэі ў галерэю, расказваючы горкую праўду пра жахі сталінскага таталітарнага рэжыму.

Эдуард Станіслававіч захапляўся літаратурай, шмат чытаў. Любіў жыццё, любіў людзей, з ім было цікава знаходзіцца побач, ён умеў слухаць субяседніка. Пры ўсёй сваёй мужнасці ён заставаўся чалавекам мяккага сэрца. Ён быў чалавекам-легендай.

Яго сын, Уладзіслаў Эдуардавіч Куфко, таксама стаў прафесійным мастаком, у 1987 годзе прыняты ў Беларускі саюз мастакоў, правёў шэраг персанальных выстаў.

Эдуард Станіслававіч Куфко памёр 18 кастрычніка 1998 года.

У лістападзе 2006 года ў Брэсцкім мастацкім музей адбыўся вечар памяці мастака Э. С. Куфко. У студзені 2011 года ў выставачнай зале Брэсцкага АГКЦ праведзена выстава яго твораў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Куфко Эдуард Станіславіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 9. С. 62.

  2. Куфко Эдуард Станіславіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 319–320.

  3. Эдуард Куфко // Мастакі Брэстчыны : альбом-каталог / аўт.-склад. М. П. Кузьміч. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2010. С. 74–75.

  4. Эдуард Куфко // Художники Брестчины : альбом-каталог / авт.-сост. М. Коньков и др. Минск : А. Климов, 2002. С. 74–75.

  5. Куфко Эдуард Станіславіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 182–183.

  6. Куфко Адуард Станиславович // Художники Советской Белоруссии. Минск : Беларусь, 1976. С. 200.

  7. Выстаўка твораў мастака Э. С. Куфко : каталог. – [Б. м.], 1972.

  8. Валасюк, Л. З племени няскораных // Валасюк, Л. Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст, 2014. С. 8–9.

  9. Волосюк, Л. Памяти Э. С. Куфко : [стихи] // Волосюк, Л. Блики дня : стихи / Леонид Волосюк. Брест : Облтипография, 1999. С. 64.

  10. Бунеева, Л. Человек выстоявший : [о выставке живописи Э. С. Куфков выставочном зале ООКЦ (с 16 дек. 2011 г.)] / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2011. 28 декабря. С. 9.

  11. Лосич, П. Искусство как напоминание : [об открытии выставки Э. С. Куфко (1921–1998) в выставочном зале Брестского ООКЦ (16 дек. 2011 г.). / Павел Лосич // Заря. 2011. 20 декабря. С. 5.

  12. Валасюк, Л. З племенi непакорных / Лявон Валасюк // Народная трыбуна. 2011. 5 сакавiка. С. 12.

  13. Гармель, Е. «Хронос». Памяти художника : [о выставке произведений Э. С. Куфко в выставочном зале ООКЦ] // Заря. 2011. 13 декабря. С. 3.

  14. Пракаповiч, М. Што пажнеш, калi пасееш страх? / Мікола Пракаповіч // Вечерний Брест. 2007. 19 января (№ 6). С. 8.

  15. Павлова, Л. Штрихи судьбы и творчества : К 85-летию Эдуарда Куфко : [о вечере памяти художника в Брестском художественном музее] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2006. 9 ноября. С. 3.

  16. Павлова, Л. «Живые с мёртвыми – Для славы мёртвых нет» : К 85-летию со дня рождения брестского художника Э. С. Куфко / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2006. 2 марта (№ 9). С. 2.

  17. Логашева, Ю. Автопортрет в арестантской робе : [о брестском художнике Э. С. Куфко к 80-летию со дня рождения] / Ю. Логашева // Вечерний Брест. 2001. 16 марта. С. 8.

  18. Александров, Н. Прощание с эпохой : [памяти художника Э. С. Куфко] / Николай Александров // Брестский курьер. 1998. 22 октября. С. 17.

  19. В Нью-Йорке открылась выставка брестского художника Э. С. Куфко // Брестский курьер. 1992. 13–19 марта.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1543 разоў Апошняя змена Пятніца, 15 Май 2020 10:09