Чацвер, 18 Люты 2016 15:24

26 мая 2016 г. – 40 гадоў з дня нараджэння Аляксея Валер’евіча Авечкіна (1976–2013), латвійскага і беларускага балетнага танцоўшчыка, саліста Латвійскага Нацыянальнага балета і Беларускага Вялікага акадэмічнага тэатра оперы і балета

Аляксей Валер’евіч Авечкін нарадзіўся 26 мая 1976 года ў Брэсце. Яго бацька, Валерый Васільевіч Авечкін, працаваў вадзіцелем, а маці, Людміла Дзмітрыеўна, была работнікам кніжнага гандлю. Аляксей быў другім дзіцём у сям’і пасля сястры Наталлі.

Сваё прызванне адчуў у вельмі раннім узросце. У адным з сваіх інтэрв’ю Аляксей Авечкiн успамінаў: «Калі гучыць музыка, многія дзеці могуць сядзець спакойна, але я не мог. Я неадкладна павінен быў паказаць, што я пачуў. Перакласці гэта! Як перакладчык павінен перакласці. Я казаў сваім целам і быў вельмі гаваркі. Дома ў Брэсце мы з сястрой заўсёды ладзілі прадстаўленні ў садзе. Мы запрашалі нашых бацькоў і суседзяў...»

Аляксей Авечкін паступіў у СШ № 5 г. Брэста з музычна-харэаграфічным ухілам (цяпер – гімназія № 3). Танцаваў у арганізаваным пры школе дзіцячым народным ансамблі песні і танца «Прыбужжа» і неўзабаве быў рэкамендаваны мінскімі педагогамі-харэографамі для паступлення ў Беларускае дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча. У 1987 годзе паспяхова вытрымаў уступныя іспыты і быў залічаны ў пяты клас вучылішча. Аляксей вучыўся ў педагогаў Г. П. Сінельнікавай, А. С. Мартынава, У. А. Азімава.

У 1994 годзе, пасля заканчэння вучобы, Аляксей Авечкін быў прыняты ў трупу Дзяржаўнага акадэмічнага оперы і балета Вялікага тэатра Рэспублікі Беларусь. Ужо з першых роляў ён знайшоў прызнанне публікі. За тры гады працы прайшоў шлях ад танцоўшчыка кардэбалета да саліста, выканаўцы сольных і вядучых партый у класічных балетах «Жызэль», «Дон Кіхот», «Бахчысарайскі фантан», «Рамэа і Джульета», «Раймонда», «Карсар» і інш. Ён таксама выконваў партыі Яраполка ў нацыянальным балеце «Страсці (Рагнеда)», Бога ў «Стварэнні свету». У гэтых ролях праявіў сябе як танцоўшчык з вельмі яркай індывідуальнасцю.

Улетку 1997 года Аляксей Авечкін па запрашэнні Літы Бейрыс, дырэктара Балтыйскага фестывалю балета, выступіў у Рызе, выканаўшы па-дэ-дэ з «Лебядзінага возера». Гэта выступленне вызначыла яго далейшы лёс. Кіраўніцтва Латвійскай Нацыянальнай оперы (ЛНО) запрасіла А. Авечкіна выканаць партыю Альберта ў «Жызэлі», а ў 1998 годзе ён стаў салістам балетнай трупы ЛНО.

За 16 гадоў працы ў ЛНО Аляксей Авечкін станцаваў больш за 40 вядучых і сольных партый. У яго рыжскім рэпертуары і вядучыя партыі ва ўсіх класічных балетах, і такія далёкія ад амплуа прынца і рамантычнага героя персанажы сучасных балетаў як Двайнік у «Чайкоўскім», Пятручы ва «Утаймаванне свавольнай», Хасэ ў «Кармэн», Вальмон у «Небяспечных сувязях», Карэнін у «Ганне Карэнінай», Копала ў «Пясочным чалавеку», Атэла і іншыя. Усе гэтыя вобразы, створаныя ўнікальным спалучэннем таленту акцёра і майстэрства танцоўшчыка, адрознівала глыбіня, эмацыйная яркасць, адухоўленасць.

Крытыка па праве называла Аляксея Авечкіна ўніверсальным танцоўшчыкам з абсалютна непаўторнай пластыкай і выдатнымі акцёрскімі дадзенымі. Яго поспех і папулярнасць прадвызначаліся талентам, працавітасцю і чалавечымі якасцямі. Аляксей любіў музыку, літаратуру, паэзію, мастацтва, разумеў іх. Ён умеў не толькі працаваць, але і ствараць вакол сябе творчую, добразычлівую атмасферу, для кожнага знаходзіў усмешку і словы падбадзёрвання.

Значнае месца ў творчасці А. Авечкіна займаў удзел у пастаноўках расійскага харэографа А. М. Сігалавай. З 1998 па 2003 гады Аляксей танцаваў у васьмі яе пастаноўках, балеты «Жоўтае танга» і «Пацалунак феі» называў аднымі з лепшых сваіх балетаў.

Творчасць Аляксея Авечкіна неаднаразова адзначалася рознымі прэміямі і ўзнагародамі. У 2001 годзе ён стаў дыпламантам конкурсу артыстаў балета ў Хельсінкі. У 1999 годзе атрымаў Оперны прыз кампаніі «Алдарыс», у 2002 годзе Вялікі музычны прыз Латвіі за выкананне партыі прынца Зігфрыда ў балеце Лебядзінае возера”. Узнагароджаны штогадовай Нацыянальнай тэатральнай прэміяй Латвіі «Spēlmaņunakts» («Ночь лицедеев») у намінацыі «Лепшы артыст балета» ў 1999 годзе, у 2008-м – за выкананне ролі Карэніна ў балеце «Ганна Карэніна», у 2012-м – за выкананне ролі Салора ў балеце «Баядэрка».

Артыст танцаваў на сцэнах тэатраў усяго свету: Расіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Кітая, Японіі, Германіі, Польшчы, Швецыі, Аўстрыі, Галандыі, Бельгіі, ЗША, Італіі, Іспаніі, Партугаліі, Даніі, Фінляндыі.

У 2010 годзе Аляксей Авечкін паспрабаваў свае сілы ў працы харэографа – ён стаў адным з рэпетытараў, якія ажыццявілі перанос балета «Небяспечныя сувязі» на сцэну тэатра імя Станіслава Манюшкі ў Познані (Польшча), а затым – Нацыянальнага тэатра ў Брно (Чэхія). Як асістэнт харэографа ён працаваў таксама над пастаноўкай балета «Атэла» ў Латвійскай Нацыянальнай оперы.

У сакавіку 2011 года Аляксей Авечкін выйшаў на сцэну тэатра імя Массавета (Масква) у ролі Міхаіла Новікава ў спектаклі «Кастынг», упершыню выступіўшы ў якасці драматычнага акцёра. Усяго ім было сыграна 50 (па іншых дадзеных 30) спектакляў.

19 жніўня 2013 года Аляксей Валер’евіч Авечкін заўчасна памёр ад цяжкай хваробы. Пахаваны на брэсцкіх могілках «Плоска». Аўтар праекта надмагільнага помніка – Бруна Страуціньш, прафесар, загадчык кафедры скульптуры Латвійскай акадэміі мастацтваў.

У 2014 годзе ў Латвіі была створана праграма харэаграфічнай адукацыі памяці Аляксея Авечкіна. У Рызе выдадзена кніга «Piekūna lidoims. Baletdehotājs Alekseis Avečkins. Atmiņu impresuas. Парение сокола. Артист балета Алексей Овечкин. Импрессия воспоминаний» (2015).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Трубіцына Любоў Пятроўна, загадчык аддзела перыядычных выданняў

 

  1. Парение сокола. Артист балета Алексей Овечкин. Импрессия воспоминаний = Piekūna lidoums. Baletedehotājs Aleksejs Avečkins. Atmiņu impresijas / воспоминания собрала Гунта Балиня; перевод на русский выполнила Надежда Милейко. – Рига : [б. и.], 2015. – 135 с., ил., фото. – На рус. и лат. языках.

  2. Глазов, В. Алексей Овечкин. Жизнь как одно мгновение артиста балета из Бреста / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2014. 13 февраля (№ 7). С. 20.

  3. Артист ушел в небо : [памяти А. В. Овечкина] // Брестский вестник. 2013. 29августа (№ 35). С. 7.

  4. Шаврей, А. Солист балета Алексей Авечкин: “День театра – абсолютно рядовой день…” / Андрей Шаврей ; фото: Никита Кузьмин // Телеграф. ЖЗЛ. 2010. 26 марта. С. 6.

  5. Авечкин, А. Есть вещи, которые должны остаться тайной / Алексей Авечкин ; беседовала Ольга Лобко // Pastaiga.ru. Рига, 2009. № 2. С. 38–43.

  6. Яськевич, И. Пространство сцены и поле любви : [о спектакле Аллы Сигаловой «Поцелуй Феи», в роли Юноши – А. Авечкин] / Ирина Яськевич // Балет. Москва, 2003. № 9.

  7. Авечкин, А. Как Ромео укротителем стал / Алексей Авечкин ; беседовала Евгения Подберезина // Вечерняя Рига. 2001. 16 ноября.

  8. Авечкин, А. Судьба Авечкина хранила… / Алексей Авечкин ; беседовала Наталия Морозова // Республика. Рига, 2000.27 декабря.

  9. Авечкин, А. Принц, который обожает голубцы / А. Авечкин ; беседовала Елена Конивец ; фото Яниса Гжибоскиса // Земе. Рига, 1999.18 февраля.

  10. Овечкин, А. Шаг в сторону : с танцовщиком Алексеем Овечкиным беседует Ольга Петерсон / А. Овечкин ; О. Петерсон // Ригас Балсс. Рига, 1998. 22 сентября.

  11. Саліст Акадэмічнага тэатра балета Беларусі Аляксей Авечкін / фота Васіля Майсяёнка // Мастацтва. 1997. № 12. 2-я стар. вокл.

  12. Бакунчык, Д. Яго немагчыма не заўважыць / Дана Бакунчык // ЛіМ. 1997. 24 кастрычніка (№ 43). С. 10–11.

  13. Шилина, И. “Нападение” на белорусский балет в Гранаде : [о гастролях труппы балета Беларуси в Испании] / Ирина Шилина // Вечерний Минск. 1995. 17 января.

  14. Spalva, E. Atvadās no baletdejotāja Avečkina : [ПрощаниесартистомбалетаА. Авечкиным] / Е. Spalva//Kasjauns. 2013. 35.

  15. Post scriptum// Sestidiena. 2013. 2329 augusts.

  16. Lūsiņa, I.Аvečkins Vēl tikai mazliet gribu padejot [Авечкин: ещетольконемногохочупотанцевать] / І. Zandere // Diena.2013. 23 augusts.

  17. Lūsiņa, I. Alekseja Avečkina emociju balets : [БалетэмоцийАлексеяАвечкина] / І. Zandere// Diena.2012. gada 17. Aprīlis.

  18. Tivums,E.AleksejsAvečkins: 13 no 31 gada : [Алексей Авечкин: 13 из 31 года] // Maкslaplus.2007. № 5.

  19. Rušeniece, L. LNO baleta trupas solists Aleksejs Avečkins: jautājumi sev pašam : [солистбалетаЛНОАлексейАвечкин: вопросысамомусебе] // NRA. 2007. gada 1. Februārī.

  20. Zandere, I. I d like to be a circle/ І. Zandere // Baltic outlook. December2005 January 2006.

  21. Zandere, I . Gribetos but aplim / І. Zandere // Rigas laiks. 2005. № 9.

  22. Tivums,E. BaltkrievuprincisLNOpremjers : [Белорусский принц – премьер ЛНО] / Е. Tivums // Diena. 1998. gada 25. Novembris.

  23. АлексейОвечкин. Aleksejs Avečkins: проектожизниитворчестве [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://alekseyavechkin.blogspot.com.by/

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1216 разоў Апошняя змена Аўторак, 24 Сакавік 2020 11:48