Чацвер, 17 Сакавік 2016 15:52

4 ці 16 студзеня 2016 г. – 190 гадоў з дня нараджэння Рамуальда Людвікавіча Траўгута (1826–1864), ваеннага дзеяча, генерала, аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гг. у Беларусі і Польшчы

Рамуальд Людвікавіч Траўгут нарадзіўся 4 студзеня 1826 года ў вёсцы Шастакова Брэсцкага павета (цяпер Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці). Прадзед Рамуальда, першы з роду Траўгутаў, – выхадзец з Саксоніі, – паявіўся ў Польшчы ў першай палове XVIII ст. і перадаў сваім нашчадкам нямецкае прозвішча.

Дзед Рамуальда, Якуб Траўгут, быў удзельнікам паўстання 1794 года. Бацька Рамуальда, Людвік Траўгут, быў незаможны дваранін, арандаваў невялікі маёнтак Шастакова. Маці, Алаіза Блоцкая, была ўніяткай, таму Рамуальда хрысцілі ва ўніяцкай царкве ў суседніх Царкоўніках. У двухгадовым узросце хлопчык страціў маці і яго выхаваннем займалася бабуля Юстына Блоцкая. Яна прывіла ўнуку любоў да каталіцтва, што моцна паўплывала на яго характар.

У 1836 годзе Рамуальд Траўгут паступіў у Свіслацкую гімназію. Падчас вучобы праяўляў асаблівую цікавасць да матэматыкі, добра і ахвотна маляваў. У 1842 годзе закончыў гімназію з сярэбраным медалём і спрабаваў паступіць у Пецярбургскую інжынерную акадэмію, але з-за маладых гадоў яго не прынялі. Ён стаў пансіянерам Галоўнага інжынернага вучылішча.

У канцы 1844 года васямнаццацігадовы Рамуальд Траўгут добраахвотна пайшоў у армію. Свой вайсковы шлях ён пачаў юнкерам у 3-м сапёрным батальёне ў мястэчку Жэлехава. У 1847 годзе Р. Траўгуту было прысвоена званне прапаршчыка. З пачатку 1849 года ўдзельнічаў у падаўленні паўстання ў Венгрыі. Быў узнагароджаны ордэнам св. Ганны 2-й ступені. У жніўні 1849 года венгерская кампанія была завершана і Р. Траўгут працягваў службу ў Жэлехаве, выкладаў для ніжэйшых чыноў у школе 1-й сапёрнай брыгады, з’яўляўся батальённым казначэем.

У 1852 годзе Рамуальд Траўгут ажаніўся з дачкой варшаўскага ювеліра Ганнай Пікель, праз год нарадзілася першая дачка Ганна. Але ціхае сямейнае шчасце было нядоўгім – пачалася Усходняя вайна. У 1853–1854 гадах Рамуальд Траўгут у званні паручніка ўдзельнічаў у Крымскай вайне. Пад агнём праціўніка ўзводзіў пазіцыі для батарэй, ладзіў пераправы праз Дунай. У 1855 годзе ўдзельнічаў у абароне Севастопаля.

У чэрвені 1855 года Р. Траўгута перавялі з Севастопаля ў Харкаў у штаб Паўднёвай арміі. Ён выконваў абавязкі старшага ад’ютанта камандуючага арміяй князя Аляксандра Меншыкава. У гэты час у Харкаве ў 1856 годзе нарадзілася другая дачка – Алаіза.

У 1859 годзе Р. Траўгута перавялі ў Пецярбург у Тэхнічную гальванічную ўстанову, дзе ён прысвяціў сябе навуцы. Аднак з пераездам у Пецярбург на сям’ю Р. Траўгута пачалі абрушвацца цяжкія ўдары. Адзін за адным памерлі малалетнія дзеці-блізняты, затым бабуля Юстына, а праз некалькі месяцаў не стала і жонкі. У лютым 1860 года ў сваім маёнтку Востраў Кобрынскага павета (цяпер Астроўе Маларыцкага раёна) памёр брат бабкі Юстыны Віталіс Шуйскі, які пакінуў Р. Траўгуту спадчыну.

14 ліпеня 1862 года быў падпісаны загад аб адстаўцы Р. Траўгута. Ён звольніўся са службы ў чыне інжынера-падпалкоўніка і пасяліўся ў Востраве. Тут ён уступае ў новы шлюб з траюраднай пляменніцай Т. Касцюшкі Антанінай Касцюшка. Гэты шлюб быў прадыктаваны не моцным каханнем, а перш за ўсё клопатам аб дзецях.

У 1863 годзе пачынаецца ўзброеннае паўстанне на тэрыторыі Беларусі. Вялікая губернія была падзелена на дзве часткі: на чале арганізацыі паўднёвых паветаў, якія атрымалі назву Брэсцкага ваяводства, стаяў Апалін Гафмейстар – сын памешчыка, у якога бацька Р. Траўгута арандаваў маёнтак Шастакова. 26 красавіка 1863 года Р. Траўгут, пад псеўданімам Кракаўскі, прыняў камандаванне паўстанцкім атрадам Кобрынскага павета. Перспектывы паўстання Р. Траўгут ацэньваў вельмі песімістычна і ўступіў у рады паўстанцаў толькі таму, што быў вялікі патрыёт.

У маі 1863 года тройчы атрад Р. Траўгута трымаў бой з урадавым войскам каля вёскі Горкі. У чэрвені 1863 года з Брэсцкім атрадам Я. Ваньковіча зрабіў рэйд па Піншчыне і Паўночнай Валыні, але атрад Р. Траўгута панёс значныя страты. Р. Траўгут не мог мірыцца з тым, што ваенныя дзеянні вядуцца без прадуманага кіраўніцтва. Ён вырашыў шукаць прычыну ў паўстанцкім цэнтры, таму ў ліпені 1863 года ён з дапамогай Элізы Ажэшкі выехаў у Варшаву. Там адкрылася новая і апошняя старонка жыцця Рамуальда Траўгута.

2 жніўня 1863 года Нацыянальны паўстанцкі ўрад прысвоіў яму званне генерала, а пасля накіраваў у Парыж. 17 кастрычніка 1863 года Р. Траўгут узначаліў Нацыянальны паўстанцкі атрад і кіраваў паўстаннем у найбольш цяжкія для паўстанцаў апошнія шэсць месяцаў. Ва ўмовах спаду паўстання Р. Траўгут прыняў меры па радыкалізацыі руху, аднаўленню сувязей з рэвалюцыйнымі сіламі іншых краін. Ён спрабаваў правесці ў жыццё дэкрэт Нацыянальнага паўстанцкага ўрада аб перадачы сялянам зямлі ва ўласнасць і надзяленні зямлёю беззямельных. Рамуальду Траўгуту ўдалося папоўніць рады паўстанцаў сялянамі, ажывіць баявыя дзеянні. Але рэвалюцыйна-дэмакратычныя пераўтварэнні прыйшлі занадта позна, урад увёў значныя ваенныя сілы і падавіў паўстанне.

30 сакавіка 1864 года Р. Траўгут быў арыштаваны і паводле прыгавору ваеннага суда 24 ліпеня павешаны ў Варшаўскай цытадэлі.

Пасля смерці Р. Траўгута яго маёнтак у Востраве быў спалены. Урад рабіў усё, каб сцерці памяць аб паўстанні, але народ не забыў сваіх герояў. У 1916 годзе на адхонах Варшаўскай цытадэлі збудаваны крыж з цярновым вянком у памяць аб Р. Траўгуце і яго паплечніках. У 1928 годзе помнік Р. Траўгуту быў адкрыты ў г. Свіслачы. У в. Шастакова захаваўся памятны камень, на якім у 1990 годзе была адноўлена мемарыяльная дошка. Вясной 1933 года у в. Востраў на месцы спаленага маёнтка ўстаноўлены памятны знак – вялікі дубовы крыж. На мясцовым прыродным камені высечаны словы: «Рамуальду Траўгуту – вялікаму сыну Палесся». Новы памятны знак у выглядзе валуна з крыжам устаноўлены ў 2003 годзе.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,
гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Траўгут Рамуальд Людвікавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 15. С. 519.

  2. Траўгут Рамуальд Людвікавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 518–519.

  3. Траугутт Ромуальд Людвикович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. Брестская область. С. 410.

  4. Михаевич, И. И. Мятежный генерал / Игнат Михаевич. Минск : Конфидо, 2007. 48 с.

  5. Парафянюк, Г. Р. Л. Траўгут / Г. Парафянюк // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 141–144.

  6. Федорук, А. Т. Островье : [о жизни и деятельности Р. Траугутта] / А. Федорук // Старинные усадьбы Берестейщины / А. Т. Федорук. Мінск, 2004. С. 387–390.

  7. Мешечко, Е. Н. Общественно-политические деятели / Е. Н. Мешечко // Путешествие по Беларуси. В краю Немана, Западного Буга и Припяти : путеводитель / Е. Н. Мешечко. Брест, 2012. С. 215–225. Из содерж.: Траугутт Ромуальд. С. 224.

  8. Змагар за свабоду : да 185-годдзя з дня нараджэння Р. Траўгута : [бібліяграфічны дапаможнік] / Камянецкая цэнтральная раённая бібліятэка імя У. Ігнатоўскага ; склад. І. У. Лось, Н. С. Андрайчук. – Каменец, 2011. – 6 с.

  9. Марціновіч, А. Вяшчун свабоды з воляй дыктатара : Рамуальд Траўгут // Марціновіч, А. Хто мы, адкуль мы... : гістарычныя эсэ, нарысы / Алесь Марціновіч. Мінск, 2007.

  10. Rusin, J. Romuald Traugutt w sluzbie polskich mitow politycznych XIX i XX wieku / Joanna Rusin // Prace Humanistyczne: Seria 1.Nr. 32. №2006. S. 191–198.

  11. Wieczorek, A. Legenda Romualda Traugutta (Сz.2) / Adam Wieczorek // Kresowe stanice : Kwartalnik/ Stow-nie Rodzin Osadnikow Wojskowych i Cywilnych Kresow Wschodnich. Warszawa, 2004. Nr. 1. С. 2630.

  12. Восстание в Литве и Белоруссии 18631864 гг. : материалы и документы / АН СССР. Ин-т славяноведения; АН БССР. Iн-т гiсторыi. Москва : Наука, 1965. 586с.

  13. Ермоленко, В. А. [Ромуальд Траугут] // Ермоленко, В. А. 400 имен : жизнеописания видных деятелей истории и культуры Гродненщины (с древнейших времен до начала ХХ века) / В. А. Ермоленко, В. Н. Черепица. Гродно, 2014. С. 322323.

  14. Карпович, О. Участие населения белорусских уездов Гродненской губернии в восстании 1863-1864 гг. / О. Карпович // Веснiк Гродзенскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта. Серыя Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія. 2009. № 1. С. 3–11.

  15. Зяньковіч, І. Вандроўка ў мінулае з… атракцыяй : [пра Р. Траўгута] / Іван Зяньковіч // Полымя. 2008. № 5. С. 197–199.

  16. Чаропка, В. Апошні дыктатар паўстання Рамуальд Траўгут / Вітаўт Чаропка // Беларускі гістарычны часопіс. 2005. № 8. С. 26–41.

  17. Мощик, С. Шипы или розы? : [о судьбе усадьбы Р. Траугутта в Островье] / Сергей Мощик // Вечерний Брест. 2015. 12 декабря. С. 1, 5. (Вечерний экспресс).

  18. Хоміч, І. Малітва за душу героя : Ушанаванне памяці Рамуальда Траўгута / Іна Хоміч // Брестский курьер. 2014. 14 августа (№ 33). С. 10.

  19. Карсека, М. Траўгут у Калодным : [цяпер Столінскі раён] / М. Карсека // Краязнаўчая газета. 2008. № 15 (красавік). С. 4.

  20. Міхаевіч, І. Пачатак лёсу – у Шастакове… : [кароткае апісанне жыцця Р. Траўгута] / Ігнат Міхаевіч // Навіны Камянеччыны. 2006. 30 жніўня. С. 3.

  21. Корбут, В. Дом, где не слышны шаги : [о Р. Траугутте] / В. Корбут // Советская Белоруссия. 2006. 21 марта. С. 15.

  22. Марцiновiч, А. Вяшчун свабоды з воляй дыктатара / Алесь Марціновіч // Народная трыбуна. 2005. 3 верасня.

  23. Павлючук, И. Страницы судьбы перелистав... / Ирина Павлючук // Заря. 2003. 11 сентября.

  24. Паўлючук, I.Iмя ў вечнасцi / Ірына Паўлючук // Народная трыбуна. 2003. 28 чэрвеня.

  25. Рубашевский, Ю. За нашу и вашу свободу! : [о междунар. конференции Ромуальд Траугутт и Константин Калиновский в 140-ю годовщину январского восстания (Брест, 2325 мая 2003 г.); об открытии памятных знаков героям-повстанцам в Кобринском и Малоритском районах] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2003. 30 мая. С. 5.

  26. Бандарэнка, М. Пра Рамуальда Траўгута / Мікола Бандарэнка // Полымя. 1999. № 8. С. 202–212.

  27. Маркевич, И. «Краковский», наследник Костюшко : [о Р. Траугутте] / И. Маркевич // Радавод. 1998. № 1. С. 24–26.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1463 разоў Апошняя змена Пятніца, 15 Май 2020 11:02