Чацвер, 17 Сакавік 2016 15:54

9 лютага 2016 г. - 65 гадоў з дня нараджэння Віктара Анатольевіча Фядосіка (1951), вучонага-гісторыка, лаўрэата прэміі БДУ імя акадэміка У. І. Пічэты (2003), узнагароджанага медалём Свяціцеля Кірылы Тураўскага Беларускай Праваслаўнай Царквы (2006

Віктар Анатольевіч Фядосік нарадзіўся 9 лютага 1951 года ў вёсцы Сінкевічы Ленінскага раёна Пінскай вобласці (цяпер Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці). Яго бацька – беларускі вучоны-фалькларыст Анатоль Сямёнавіч Фядосік (1925–2005), доктар філалагічных навук (1974), прафесар (1981). Маці, Алена Астапаўна Раманоўская, медык, яе брат, гісторык-навуковец Васіль Піліпавіч Раманоўскі (1918–1992), зрабіў уплыў на Віктара ў дачыненні выбару прафесіі.

З 1959 года сям’я жыла ў Мінску. Сярэднюю школу Віктар Фядосік скончыў у 1968 годзе з залатым медалём. У 1968–1973 гадах вучыўся на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў з адзнакай. У 1973–1976 гадах – у аспірантуры пры кафедры гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў БДУ. Навуковым кіраўніком быў прафесар Фёдар Макар’евіч Нячай. У 1977 годзе Віктар Фядосік абараніў кандыдацкую дысертацыю па раннехрысціянскай абраднасці. У савецкі час рэлігійная тэматыка не была прыарытэтнай, выбар такой тэмы для маладога вучонага стаў шляхам у сапраўдную навуку, не арыентаваную на савецкую ідэалогію.

У 1976–1983 гадах В. А. Фядосік працаваў у Мінскім інстытуце культуры выкладчыкам, дацэнтам кафедры гісторыі СССР, БССР і замежных краін. З 1983 года – у БДУ: дацэнт кафедры гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў, з верасня 1988 года – загадчык гэтай кафедры. У 1992 годзе Віктар Анатольевіч абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Хрысціянская царква ў Рымскай імперыі ў III – пачатку IV ст. (станаўленне хрысціянскай царквы і рэлігійная палітыка імператарскай улады)”. У 1993 годзе яму прысвоена вучонае званне прафесара. Прафесар В. А. Фядосік выкладае і на тэалагічным факультэце, з’яўляецца членам савета гэтага факультэта.

Віктар Анатольевіч прыкладае шмат намаганняў для арганізацыі навукова-даследчай працы студэнтаў. Сярод студэнтаў лічыцца выдатным лектарам, бо яго лекцыі заўсёды захапляльныя, даходлівыя. Як сапраўдны глыбокі навуковец, ён можа проста растлумачыць самыя складаныя рэчы. Сапраўдны прафесіянал, ліберальны выкладчык, цікавы, добры і вясёлы чалавек.

В. А. Фядосік апублікаваў больш за 60 навуковых работ, у тым ліку манаграфіі: “Таинства без тайн. Возникновение и социальная сущность первых христианских таинств” (1979), “Критика богословских концепций сущности христианского катехумената” (1983), “Церковь и государство” (1988), “Киприан и античное христианство” (1991).

Сёння прафесар В. А. Фядосік з’яўляецца адным з вядучых антыказнаўцаў і медыявіcтаў у Беларусі. Асноўныя напрамкі навуковай работы – даследаванне гісторыі Рымскай імперыі і сярэдневяковай Італіі. Навуковыя працы В. А. Фядосіка шырока вядомыя за межамі Беларусі, публікаваліся ў Расіі, Украіне, Казахстане, Кіргізіі, уключаюцца ў спісы рэкамендаванай літаратуры ўніверсітэцкіх курсаў па гісторыі старажытнага свету і спецкурсаў па раннім хрысціянстве замежных універсітэтаў. В. А. Фядосік стажыраваўся ў якасці прафесара-даследчыка ў Пенсільванскім універсітэце (Філядэльфія, ЗША). Чытаў лекцыі па гісторыі хрысціянства ў Рымскай імперыі ў Вроцлаўскім універсітэце (Польшча).

Пад яго навуковай рэдакцыяй выдадзены першы беларускі навучальны дапаможнік для вышэйшых навучальных устаноў “Гісторыя сярэдніх вякоў” у 2-х частках на беларускай мове і ў 3-х частках на рускай (2002–2008), у якім В. А. Фядосік таксама з’яўляецца аўтарам.

В. А. Фядосік актыўна ўдзельнічае ў стварэнні падручнікаў і навучальных дапаможнікаў для школ Беларусі. Пад яго навуковай рэдакцыяй і пры яго аўтарстве выдадзены школьныя падручнікі і навучальныя дапаможнікі па гісторыі сярэдніх стагоддзяў. Больш за дзесятак з іх маюць грыф Міністэрства адукацыі РБ. Усяго В. А. Фядосік ўдзельнічаў у стварэнні больш за 20 падручнікаў і навучальных дапаможнікаў па гісторыі сярэдніх вякоў і сусветнай гісторыі для школ Беларусі. Ён з’яўляецца аўтарам і суаўтарам хрэстаматый, атласаў, вучэбных карт, рабочых сшыткаў, тэставых заданняў, дапаможнікаў для настаўнікаў па школьным курсе па гісторыі сярэдніх вякоўі сусветнай гісторыі.

В. А. Фядосік узнагароджаны Граматай Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР (1983), Ганаровай граматай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь (1996), Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі РБ (2001, 2004), нагрудным знакам Міністэрства адукацыі РБ “Выдатнiк адукацыi” (2009). У 2003 годзе за цыкл навуковых прац «Чалавек і соцыум у антычнасці і сярэднявеччы» быў удастоены прэміі імя Уладзіміра Іванавіча Пічэты. У 2006 годзе ўзнагароджаны медалем свяціцеля Кірылы Тураўскага Беларускай Праваслаўнай Царквы.

 

Матэрыал падрыхтаваны ў 2016 г. Лунінцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Бушыла Іна Васільеўна, гал. бібліёграф аддзела абслуговання і інфармацыі

 

Працы В. А. Фядосіка

  1. Мученичество в раннем христианстве : очерки исторического восприятия / В. А. Федосик, В. В. Яновская, О. А. Яновский. – Минск : Издательство Белорусского Экзархата Московского Патриархата, 2011. – 254 с., [8] л. ил.

  2. Перзашкевич, О. В. Древний мир. Культура, искусство, история : иллюстрированная энциклопедия / О. В. Перзашкевич, В. А. Федосик. – Москва : Эксмо, Наше слово, 2008. – 254 с. : ил.

  3. Перзашкевич, О. В. Весь Восток в алфавитном порядке : иллюстрированная энциклопедия / О. В. Перзашкевич, В. А. Федосик. – Москва : Эксмо, Наше слово, 2008. – 256 с. : ил.

  4. Смирнова, Е. Средние века. Культура, искусство, история : иллюстрированная энциклопедия / Елена Смирнова, Людмила Сушкевич, Виктор Федосик ; под ред. В. А. Федосика. – Москва : Эксмо, Наше слово, 2007. – 304 с. : ил.

  5. Всемирная история и история Беларуси : тесты и тест. задания / авт.-сост.: В. А. Федосик и др. Минск : Юнипресс, 2006. – 703 с. – (Для школьников и абитуриентов).

  6. Семь чудес света / В. А. Федосик. – Минск : Беларусь, 2002. – 413 с. : ил.

  7. Материалы по истории Древнего мира и Средних веков : справ. пособие / В. А. Федосик, А. А. Прохоров, И. О. Евтухов. – Минск : Экоперспектива, 2002. – 216 с.

  8. Киприан и античное Христианство : монография / В. А. Федосик. – Минск : Университетское, 1991. – 208 с.

  9. Церковь и государство: критика богословских концепций : монография / В. А. Федосик ; под ред. Е. М. Бабосова. – Минск : Наука и техника, 1988. – 203 с.

  10. Критика богословских концепций сущности христианского катехумената : монография / В. А. Федосик ; ред. Г. М. Лившиц. – Минск : Наука и техника, 1983. – 87 с.

  11. Таинства без тайн. Возникновение и социальная сущность первых христианских таинств : монография / В. А. Федосик ; науч. ред. Ф. М. Нечай. – Минск : Наука и техника, 1979. – 150 с.

  12. Заходняя Еўропа ў Познім сярэдневякоўі: адмена асабістай залежнасці сялянства / В. А. Фядосік, І. А. Еўтухоў // Беларускі гістарычны часопіс. 2011. № 10. С. 3–9.

  13. Узнікненне Рыма ў старабеларускім перакладзе «Рымскага летапісца» / В. А. Фядосік // Працы гістарычнага факультэта : навук. зборнік. Вып. 1 / рэдкал.: У. К. Коршук (адк. рэд.) [і інш.]. Мінск : БДУ, 2006. С. 135–143.

  14. Старажытная Грэцыя і Беларусь / В. А. Фядосік, К. А. Рэвяка // Беларускі гістарычны часопіс. 2001. № 1. С. 8–15.

 

Аб жыцці і творчасці В. А. Фядосіка

  1. Фядосік Віктар Анатольевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 16. С. 511.

  2. Фядосік Віктар Анатольевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2003. Т. 6, кн. 2. С. 53.

  3. Федосик Виктор Анатольевич // Корзенко, Г. В. Историки Беларуси в начале ХХI столетия : биобиблиогр. справочник / Г. В. Корзенко. Минск : Белорусская наука, 2007. С. 401–402.

  4. Фядосік Віктар Анатольевіч // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Лунінецкага раёна / укл.: Т. В. Канапацкая. Мінск : Беларусь, 1995. С. 633–634.

  5. Стрелец, М. Виктор Анатольевич Федосик: портрет ученого-историка и педагога / Михаил Стрелец // Гісторыя: праблемы выкладання : навукова-метадычны часопіс. 2011. № 2. С. 64.

  6. Еўтухоў, І. Лёс навукоўца, шлях грамадзяніна / Ігар Еўтухоў, Андрэй Прохараў, Сяргей Ходзін // Беларускі гістарычны часопіс. 2011. № 2. С. 45–48.

  7. Евтухов, И. О. Виктор Анатольевич Федосик : [к 60-летию доктора исторических наук, профессора] // И. О. Евтухов, А. А. Прохоров, С. Н. Ходин // Веснік БДУ. Серыя 3, Гісторыя. Філасофія. Псіхалогія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Права. 2011. № 1. С. 110–111.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1604 разоў Апошняя змена Пятніца, 05 Чэрвень 2020 15:04