Фільтраваць
Імёны
Падзеі
Помнікі
Рэгіён
Прадметы
Установы
Спадчына: Героі Сацыялістычнай Працы

 

Аляксандр Мікалаевіч Дудук нарадзіўся 27 студзеня 1929 г. у в. Нарашэвічы Несвіжскага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер Клецкага раёна Мінскай вобласці) у беднай сялянскай сям’і. Да Вялікай Айчыннай вайны закончыў 7 класаў. У час вайны ўдзельнічаў у партызанскім руху. З верасня 1943 г. – партызан спецатрада «Авангард», які дыслацыраваўся на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці.

Галіна Фёдараўна Скакун (у дзявоцтве Асіюк) нарадзілася 10 кастрычніка 1943 г. у в. Барысы Дамачаўскага (цяпер Брэсцкага) раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька быў арыштаваны немцамі, неўзабаве памёр ад туберкулёзу. Маці, Галіна Іванаўна Асіюк, у 1950-я гг. – перадавая даярка, Герой Сацыялістычнай Працы (1958). Галіна з ранніх гадоў прызвычайвалася да цяжкой сялянскай працы, дапамагала маці..

Яўгенія Андрэеўна Мелісевіч нарадзілася 22 лістапада 1914 г. у в. Белавусаўшчына Пружанскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і малазямельных сялян. Ужо з дванаццаці гадоў Яўгенія пачала працаваць на панскім агародзе, з чатырнаццаці гадоў разам з маці даіла панскіх кароў. З 1939 г. працавала ў саўгасе «Белавусаўшчына», які быў створаны на базе панскага маёнтка.

Ганна Іванаўна Карповіч (у дзявоцтве Сухарэбская) нарадзілася 1 студзеня 1938 г. у в. Быткоўшчына Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Дзіцём перажыла нямецка-фашысцкую акупацыю. Бацька памёр заўчасна неўзабаве пасля вайны, з маці, Марыяй Пятроўнай, засталіся тры сыны – Сігізмунд, Казімір, Вячаслаў і дачка Ганна. Ганна закончыла сем класаў і пайшла працаваць.

Іван Міхайлавіч Сярэдзіч нарадзіўся 13 сакавіка 1928 г. у в. Забараўцы Лагішынскай гміны Пінскага павета Палескага ваяводства (цяпер Пінскага раёна Брэсцкай вобласці) ук шматдзетнай сялянскай сям’і. У гады Вялікай Айчыннай вайны перажыў нямецка-фашысцкую акупацыю. Атрымаў няпоўную сярэднюю адукацыю і прафесію трактарыста.

У 1950 г. Іван Сярэдзіч пачаў працаваць трактарыстам на Лагішынскай машынатрактарнай станцыі. Набыў практычны вопыт, займаўся самаадукацыяй, стаў механізатарам шырокага профілю. З 1958 г. – трактарыст калгаса імя Кірава (цяпер ААТ «Лышча») Пінскага раёна.

Багуслаў Багданавіч Вільчкоўскі нарадзіўся 17 сакавіка 1928 г. у в. Пагулянка Навагрудскага ваяводства (цяпер Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці). У чатырнаццаць гадоў Багуслаў (з восені 1942 г.) стаў сувязным партызанскага атрада імя Катоўскага брыгады «ХХV год БССР». Збіраў звесткі і перадаваў партызанам, неаднаразова ўдзельнічаў у падрывах чыгункі і варожых эшэлонаў.

Любоў Ціханаўна Мазоль нарадзілася 27 лістапада 1923 г. у в. Аснежыца Пінскага павета Палескага ваяводства (цяпер аг. Аснежыцы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і сялян. У гады Вялікай Айчыннай вайны перажыла нямецка-фашысцкую акупацыю. Пасля вайны працавала ў аднаасобнай сялянскай гаспадарцы.

Леанід Кандрацьевіч Грэбень нарадзіўся 18 жніўня 1888 г. у сяле Крынкі Воўчынскай воласці Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер вёска Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і земскага доктара. Экстэрнам здаў экзамен за курс рэальнага вучылішча ў г. Рагачоў Магілёўскай губерні, працаваў рахункаводам казначэйства (1901–1909). У 1910 г. прызваны ў Рускую армію, служыў у Забайкаллі, скончыў Віленскае ваеннае вучылішча (1913).

У гады Першай сусветнай вайны Леанід Грэбень удзельнічаў у баявых дзеяннях з 17 верасня 1914 г. Капітан 2-га Сібірскага сапёрнага батальёна, малодшы афіцэр 1-й сапёрнай роты. 18 лістапада 1914 г. быў паранены ў г. Лодзь і адпраўлены на лячэнне ў Варшаўскі шпіталь, які пакінуў у студзені 1915 г. Узнагароджаны ордэнамі Св. Ганны i Св. Станіслава, удастоены Георгіеўскай зброі за знішчэнне моста каля в. Алеснікі, што засведчана ў загадзе 12-й арміі № 160 ад 13.02.1917 г.

Кацярына Парфіраўна Ляснічая (у дзявоцтве Белавус) нарадзілася 23 ліпеня 1933 г. у в. Аснежыца Пінкавіцкай гміны Пінскага павета Палескага ваяводства (цяпер аграгарадок Аснежыцы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Маці Кацярыны памерла, калі дзяўчынцы было ўсяго шэсць месяцаў. Неўзабаве пасля гэтага бацька ажаніўся другі раз. Бацька і мачыха не забывалі маленькую Кацю, якая з маленства жыла ў бабулі Зосі на іншым канцы вёскі, усяляк падтрымлівалі, асабліва ў суровыя гады нямецкай акупацыі (1941–1944).

Кацярына Белавус хадзіла ў мясцовую пачатковую школу. Нягледзячы на нягоды пасляваеннага часу, скончыла школу на «выдатна». Але вучыцца дзяўчынцы больш не давялося. З малых гадоў яна спасцігала сялянскую навуку ў полі і на лузе. Разам з сяброўкамі стала выходзіць на палявыя работы ў мясцовым калгасе імя І. В. Сталіна, які арганізаваны ў 1948 г. З шаснаццаці гадоў Кацярына была занята на розных работах у паляводстве, паспяхова працавала ў калгасе нароўне з дарослымі.

Іван Пятровіч Першукевіч нарадзіўся 12 лютага 1912 г. у в. Пятрэвічы Навагрудскага павета Мінскай губерні (цяпер Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У Першую сусветную вайну сям’я Першукевічаў з бежанцамі падалася на ўсход і спыніліся ў г. Оршы. Тут прайшло дзяцінства Івана, тут ён пачаў працоўны шлях мулярам, узводзіў у Оршы дамы.

Старонка 1 з 7