23 лютага 2020 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Паўла Мікалаевіча Мельніка (1950), ганаровага грамадзяніна Іванаўскага раёна (2018)
Павел Мікалаевіч Мельнік нарадзіўся 23 лютага 1950 г. у вёсцы Бродніца Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1973 г. скончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут па спецыяльнасці «заатэхнія». З 1977 г. працаваў у сельскагаспадарчай галіне Іванаўскага раёна.
29 кастрычніка 2019 г. — 65 гадоў з дня нараджэння Рыгора Рыгоравіча Бысюка (1954), дзяржаўнага дзеяча, работніка культуры
Рыгор Рыгоравіч Бысюк нарадзіўся 29 кастрычніка 1954 г. у вёсцы Неплі Брэсцкага раёна. Да 1969 г. вучыўся ў Клейнікаўскай васьмігадовай школе. У школьныя гады захапіўся танцамі, танцаваў у народным ансамблі песні і танца «Прыбужжа» СШ № 5 г. Брэста. Потым удзельнiчаў у народным ансамблі народнага танца «Радасць» Брэсцкага ГДК, з якім пабываў на гастролях у розных краінах. Скончыў філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна. Служыў у Савецкай арміі.
2019 г. — 75 гадоў з пачатку дзейнасці Брэсцкага інстытута ўдасканалення настаўнікаў (ДУА «Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі»; 1944)
Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР пры Брэсцкім абласным аддзеле народнай адукацыі быў створаны абласны педагагічны кабінет. Пастановай Савета Народных Камісараў БССР № 35 ад 17 студзеня 1941 г. гэты кабінет пераўтвораны ў абласны інстытут удасканалення настаўнікаў. Разгортванне яго работы спынілася ў сувязі з Вялікай Айчыннай вайной. Фактычна дзейнасць інстытута пачалася ў жніўні 1944 г., пасля вызвалення Брэста ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
4 жніўня 2019 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Аляксандравіча Сальнікава (1924–1982), канструктара радыёэлектроннай апаратуры і вылічальнай тэхнікі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР (1981)
Уладзімір Аляксандравіч Сальнікаў нарадзіўся 4 жніўня 1924 г. у г. Гусь-Хрустальны Уладзімірскай вобласці РСФСР. У 1942–1945 гг. служыў у Савецкай арміі. Пасля заканчэння спецшколы радыстаў Цэнтральнага штаба партызанскага руху ў Маскве быў накіраваны ў партызанскае злучэнне, якое дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Украіны і Беларусі. Служыў радыстам-аператарам 1-га Малдаўскага злучэння партызанскіх брыгад, радыстам аператыўнага аддзела штаба 2-га Украінскага фронту.
21 мая 2019 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Аляксандравіча Мартыненкі (1939), дзеяча культуры, музыканта, дырыжора
Аляксандр Аляксандравіч Мартыненка нарадзіўся 21 мая 1939 г. у Мінску. З дзяцінства захапляўся музыкай, у музычнай школе не вучыўся, але актыўна займаўся ў мастацкай самадзейнасці. У 10-м класе быў адным з арганізатараў вучнёўскага аркестра і абраны яго кіраўніком. Пасля школы паступаў у лётнае вучылішча, але няўдала, пайшоў працаваць. Праз год паступіў у Мінскае музычнае вучылішча.