24 лістапада 2020 г. — 290-гадоў з дня нараджэння Аляксандра Васільевіча Суворава (1730–1800), ваеннага дзеяча, палкаводца
У 1792–1794 гг. Аляксандр Васільевіч Сувораў камандаваў рускімі войскамі ва Украіне. У час падаўлення польскага паўстання 1794 г. разбіў пад Крупчыцамі (цяпер у Жабінкаўскім раёне) і пад Брэстам корпус генерала Ю. Серакоўскага. 4 лістапада штурмам авалодаў прадмесцем Варшавы — Прагай, 9 лістапада Варшава капітулявала.
2020 г. — 110 гадоў з часу адкрыцця двухкласнага мужчынскага вучылішча ў г. Кобрыне (ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Кобрына»; 1910)
Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Сярэдняя школа № 1 г. Кобрына» размешчана па вул. Савецкай, 94. Будынак школы прыцягвае ўвагу сваёй прыгажосцю і велічнасцю, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь. Гісторыя будынка каранямі сыходзіць да канца XIХ ст., першапачаткова збудаваны як аднапавярховы, належыў Міністэрству фінансаў. У тыя часы тут быў адзін з карпусоў былога вытворчага комплексу манапольнага віннага склада.
12 верасня 2020 г. — 135 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Дзіянісавіча Севасцьянава (1885–1956), ваеннага дзеяча, генерал-маёра юстыцыі, удзельніка Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў
Уладзімір Дзіянісавіч Севасцьянаў нарадзіўся 12 верасня 1885 г. у г. Кобрыне Гродзенскай губерні (цяпер Брэсцкай вобласці) у сям’і служачых. Са жніўня 1918 г. Уладзімір Севасцьянаў у Чырвонай арміі. Член партыі бальшавікоў з 1919 г. Удзельнік Грамадзянскай вайны, служыў у Ташкенце, Куйбышаве, прымаў удзел у баях на Паўднёвым фронце, супраць бандаў Мамантава і Махно, затым быў накіраваны на Далёкі Усход.
19 лістапада 2020 г. — 65 гадоў з дня нараджэння Вячаслава Віктаравіча Бурдыкі (1955), журналіста, публіцыста, пісьменніка
Вячаслаў Віктаравіч Бурдыка нарадзіўся 19 лістапада 1955 г. у вёсцы Сваткі Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. У дзяцінстве яго пахрысцілі, хросным бацькам запрасілі Яўгена Іванавіча Скурко, вядомага як паэта Максіма Танка, родам з суседняй в. Пількаўшчына. Але болей яны не сустрэліся, аб чым Вячаслаў шкадуе. Школьнікам марыў аб моры, але ў дзясятым класе захапіўся журналістыкай, пачаў друкавацца ў барысаўскай «раёнцы».
20 жніўня 2020 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Леаніда Фёдаравіча Глушко (1940), паэта, мастака
Леанід Фёдаравіч Глушко нарадзіўся 20 жніўня 1940 г. у вёсцы Курыцічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Ён быў чацвёртым, самым малодшым дзіцём у сям’і. Бацька, Фёдар Глушко, старшыня калгаса «Бальшавік», арганізаванага ў Курыцічах, пакінуў сваю сям’ю яшчэ да нараджэння малодшага сына. У 1943 г. ён загінуў пад Ленінградам. З вялікай цеплынёю паэт заўсёды гаворыць пра сваю маці, Аксінню Максімаўну Глушко (у дзявоцтве Бондар). Яшчэ ў самым пачатку вайны за сувязь з партызанамі немцы спалілі частку вёскі і хутар Забалоцце, дзе жыла Аксіння Максімаўна з дзецьмі. Разам з астатнімі жыхарамі вёскі яны пайшлі ў лес, пабудавалі зямлянкі і жылі ў іх да самага канца вайны.
2020 г. — 165 гадоў з дня нараджэння Яўгена Аляксандравіча Рагоўскага (1855–1911), фізіка, метэаролага, прафесара Пецярбургскага і Харкаўскага ўніверсітэтаў
Яўген Аляксандравіч Рагоўскі нарадзіўся ў 1855 г. у г. Кобрыне Гродзенскай губерні (цяпер Брэсцкай вобласці) у сям’і гарадскога ўрача, род якога паходзіў з патомнай шляхты Гродзенскай губерні.У 1874 г. Яўген Рагоўскі закончыў Беластоцкае рэальнае вучылішча, у 1876 г. паступіў у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут. Праз год здаў за курс гімназіі і паступіў на матэматычнае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта, дзе слухаў лекцыі Д. Мендзялеева, П. Чэбышава, Ф. Петрушэўскага, І. Боргмана, А. Хвольсана.
31 жніўня 2020 г. — 60 гадоў з часу заснавання ААТ «Кобрынскі інструментальны завод «СІТАМА» (Кобрын; 1960)
Гісторыя стварэння Кобрынскага інструментальнага завода пачынаецца з 1924 г., калі на ўскраіне горада, у тым месцы, дзе зараз размешчаны вялікія карпусы сучаснага прамысловага прадпрыемства, былі закладзеныя піларама і млын, якія прыводзіліся ў рух ад паравой машыны магутнасцю 100 конскіх сіл. У 1928–1930 гг. былі ўстаноўленыя гонтарэзны, стругальны станкі і яшчэ адна піларама.
11 лютага 2020 г. — 80 гадоў з часу заснавання Кобрынскага рамонтнага завода (ААТ «САЛЕА-Кобрын»; 1940)
Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР пачалося стварэнне саўгасаў і калгасаў, дзе выкарыстоўвалася аўтамабільная і трактарная тэхніка. Для забеспячэння яе бесперабойнай работы патрэбна была адпаведная рамонтная база. ЦК ВКП(б) і СНК СССР прынялі рашэнне аб будаўніцтве ў вызваленых абласцях рамонтных прадпрыемстваў.
23 лютага 2020 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Рыгоравіча Кузіча (1940), заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, ганаровага грамадзяніна Кобрынскага раёна
Уладзімір Рыгоравіч Кузіч нарадзіўся 23 лютага 1940 г. у вёсцы Павіцце Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці ў мнагадзетнай сялянскай сям’і. Пасля заканчэння школы адслужыў у Савецкай арміі, у Кіеве. Працоўную дзейнасць пачаў на будаўніцтве Чалябінскага металургічнага завода, куды быў накіраваны па камсамольскай пуцёўцы ў 1963 г.
2020 г. — 555 гадоў з часу першага пісьмовага ўпамінання Петрапаўлаўскай царквы г. Кобрына (1465)
Петрапаўлаўская царква — праваслаўны храм у гонар святых апосталаў Пятра і Паўла ў г. Кобрыне Брэсцкай вобласці. Дакладныя звесткі аб часе пабудовы гэтага храма адсутнічаюць. Зрэшты, першае дакументальнае згадванне пра царкву адносіцца да 1465 г., калі кобрынская князёўна Ульяна Сямёнаўна падаравала «зямлю з людзьмі» храму, які ўжо тады існаваў.