Фільтраваць
Імёны
Падзеі
Помнікі
Рэгіён
Прадметы
Установы
Спадчына: Паэты

Ала Канстанцінаўна Кабаковіч-Тычына нарадзілася 7 сакавіка 1943 года ў вёсцы Гутава Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька, Канстанцін Карпавіч Кабаковіч, у пошуках заробку ў 1930-я гады ездзіў у Аргенціну, у ліпені 1942 года быў расстраляны гітлераўцамі як камуніст і партызан. Маці, Надзея Сяргееўна Замкавец, працавала ў калгасе. Дзяўчынка расла сіратой, была ўражлівай, чулая да людскога болю, удзячная да самага малога выяўлення ўвагі. Ала Кабаковіч у 1959 годзе з залатым медалём закончыла Гутаўскую сярэднюю школу. У 1964 годзе з адзнакай закончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Вінцэнт (Вікенцій Іванавіч) Дунін-Марцінкевіч нарадзіўся 4 лютага 1808 года ў Бабруйскім павеце Мінскай губерні (цяпер у Валожынскім раёне Мінскай вобласці) у шляхецкай сям’і. Скончыў павятовую школу ў Бабруйску (1824), вучыўся ў Вільні. З 1827 года працаваў перакладчыкам Мінскай епархіяльнай кансісторыі, потым — крымінальнай палаты. Набыў фальварак Люцынка (Люцінка) каля Івянца (цяпер вёска ў Валожынскім раёне), дзе і жыў, часта наведваючы Мінск. У 1850-я гады пераважна жыў у Мінску.

Мікалай Рыгоравіч Цялічка нарадзіўся 20 лютага 1923 года на хутары Аляксееўшчына Казялецкага раёна Чарнігаўскай вобласці. У 1933 годзе сям’я пераехала ў Ленінград. Бацьку, ваеннага ўрача, пераводзілі па службе з горада ў горад, таму Мікалай вучыўся ў розных школах (Ленінград, Сталінград, Махачкала). Паэзіяй захапіўся рана, першыя яго вершы былі надрукаваны ў сталінградскай абласной піянерскай газеце ў 1938 годзе.

Міхаіл Кузьміч Луконін нарадзіўся 29 кастрычніка 1918 года ў сяле Кілінчы Астраханскай губерні ў сям’і паштовага служачага. Дзяцінства прайшло ў сяле Быкавы Хутары на Волзе (цяпер на гэтым месцы Валгаградскае вадасховішча). З 1926 года жыў у Сталінградзе, вучыўся ў фабрычна-завадской школе, працаваў на Сталінградскім трактарным заводзе. Друкавацца пачаў з 1934 года. У 1937 годзе скончыў Сталінградскі настаўніцкі інстытут, паступіў у Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1941 годзе. Удзельнік савецка-фінляндскай вайны (1939–1940), быў стралком лыжнага батальёна.

Анатоль Мікалаевіч Галушка нарадзіўся 20 лютага 1963 года ў вёсцы Магіліцы Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1980 годзе, скончыўшы Волькаўскую сярэднюю школу, паступіў у Калінінградскае мараходнае вучылішча, бо марыў убачыць свет, падарожнічаць. Перад ад’ездам на вучобу адправіўся на раку Шчару купацца. Няўдала нырнуў і атрымаў адну з самых страшных траўм пазваночніка — кампрэсійны пералом 5-га і 6-га шыйныхпазванкоў, пашкоджанне спіннога мозгу, пасля чаго атрафіраваліся мышцы рук, спіны, ног.

Грамадскасць г. Брэста шануе памяць пра паэта, аўтара-выканаўцы песень,акцёра тэатра і кіно Уладзіміра Сямёнавіча Высоцкага (1938–1980). Паводле архіўных даследаванняў яго радаслоўнай стала вядома, што яго прадзед паходзіў з вёскі Сялец (цяпер Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці). Магчыма, яшчэ раней продкі жылі ў г. Высокім (цяпер Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці).

Аляксандр Сяргеевіч Грыбаедаў нарадзіўся ў 1795 годзе ў Маскве ў забяспечанай радавітай сям’і. Пасля Маскоўскага пансіёна паступіў у Маскоўскі ўніверсітэт. Збіраўся прысвяціць сваё жыццё навуцы — кандыдат славесных навук, кандыдат права, ужо без «пяці хвілін» доктар права, але пачалася Айчынная вайна 1812 года. Аляксандр Грыбаедаў добраахвотна пайшоў у войска, стаў карнетам. Пакуль яго полк фарміраваўся, а затым рушыў на Захад у складзе рэзерву, асноўныя ваенныя дзеянні ішлі ўжо на тэрыторыі Заходняй Еўропы. Потым Аляксандр захварэў і здолеў дагнаць полк толькі ў пачатку восені 1813 года.

Аляксей Ільіч Белы нарадзіўся 2 студзеня 1953 года ў вёсцы Міхнавічы Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласцi. У роднай вёсцы атрымаў пачатковую адукацыю, а затым вучыўся ў Івацэвічах — у сярэднiх школах № 1 і № 2.

Аляксандр Сцяпанавіч Разанаў нарадзіўся 5 снежня 1947 года ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і служачых. Яго бацька, Сцяпан Іванавіч Разанаў (1910–1986), родам з вёскі Вялікая Ржакса Тамбоўскай вобласці; напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны прыехаў з геадэзічнай экспедыцыяй у Беларусь і застаўся жыць у Сяльцы; быў вывезены ў Германію на прымусовую працу, знаходзіўся ў канцлагерах, у 1945 годзе вярнуўся. Маці, Надзея Іванаўна, працавала медсястрой, фельчарам-акушэркай, пазней — у Сялецкай бальніцы.

Паўлюк (Павел Іосіфавіч) Багрым нарадзіўся 14 кастрычніка 1812 года ў мястэчку Крошын Навагрудскага павета (цяпер аграгарадок Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і слесара, каваля, у якога было сямёра дзяцей. Пачатковую адукацыю атрымаў у Крошынскай рымска-каталіцкай парафіяльнай школе. Дзякуючы ксяндзу Войцэху Магнушэўскаму, чалавеку высокай адукацыі і культуры, апекуну школы, Паўлюк шмат чытаў, захапляўся мастацкай літаратурай, асабліва паэзіяй, рана пазнаёміўся з творамі Гамера і Эзопа, якія ўразілі яго прыгажосцю вершаскладання і гуманізмам.

Старонка 5 з 13