Фільтраваць
Імёны
Падзеі
Помнікі
Рэгіён
Прадметы
Установы
Спадчына: Столінскі раён

Павел Аляксеевіч Матусевіч нарадзіўся 15 ліпеня 1930 г. у г. Давыд-Гарадку Палескага ваяводства (цяпер Столінскага раёна Брэсцкай вобласці). У гады Вялiкай Айчыннай вайны знаходзіўся ў партызанскім атрадзе «Бальшавік» брыгады «Беларусь», якая дзейнічала на тэрыторыі Мінскай вобласці. Скончыў Давыд-Гарадоцкую сярэднюю школу (1947).

Аляксандр Сяргеевіч Ключнікаў нарадзіўся 13 ліпеня 1945 г. у г. Давыд-Гарадку Пінскай вобласці (цяпер Столінскага раёна Брэсцкай вобласці). Закончыў Альшанскую сярэднюю школу ў 1962 г., паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У. І. Леніна, які скончыў па спецыяльнасці «радыёфізіка» ў 1967 г.

Віктар Васільевіч Вабішчэвіч нарадзіўся 9 ліпеня 1960 г. у вёсцы Рубель Столінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька працаваў на трактары ў калгасе, вельмі любіў чытаць кнігі, шкадаваў, што з-за пасляваеннай галечы не атрымаў адукацыю. Маці закончыла толькі чатыры класы, але ведала на памяць шмат вершаў Янкi Купалы, Якуба Коласа, iншых паэтаў.

Іван Іванавіч Пашкевіч нарадзіўся 11 мая 1955 г. у вёсцы Бор-Дубінец Столінскага раёна Брэсцкай вобласці ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Быў дзясятым дзіцём, з пяці гадоў пасля заўчаснай смерці маці яго выхоўвалі яе сёстры ў в. Беражное. Іван Пашкевіч скончыў ПТВ, працоўную дзейнасць пачаў у 1972 г. слесарам-аўтарамонтнікам.

Леанід Фёдаравіч Глушко нарадзіўся 20 жніўня 1940 г. у вёсцы Курыцічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Ён быў чацвёртым, самым малодшым дзіцём у сям’і. Бацька, Фёдар Глушко, старшыня калгаса «Бальшавік», арганізаванага ў Курыцічах, пакінуў сваю сям’ю яшчэ да нараджэння малодшага сына. У 1943 г. ён загінуў пад Ленінградам. З вялікай цеплынёю паэт заўсёды гаворыць пра сваю маці, Аксінню Максімаўну Глушко (у дзявоцтве Бондар). Яшчэ ў самым пачатку вайны за сувязь з партызанамі немцы спалілі частку вёскі і хутар Забалоцце, дзе жыла Аксіння Максімаўна з дзецьмі. Разам з астатнімі жыхарамі вёскі яны пайшлі ў лес, пабудавалі зямлянкі і жылі ў іх да самага канца вайны.

Алена Канстанцінаўна Аўсянік нарадзілася 23 студзеня 1945 г. у вёсцы Струга Столінскага раёна Пінскай (цяпер Брэсцкай) вобласці. У сялянскай сям’і любілі песню, маці спявала ў царкоўным хоры, у фальклорным калектыве. Галіна ў чатырнаццаць гадоў пачала працаваць бібліятэкарам у Столінскай дзіцячай бібліятэцы, вучылася ў вячэрняй школе, актыўна ўдзельнічала ў аматарскай мастацкай творчасці.

Галіна Сідараўна Бабарыка нарадзілася 19 чэрвеня 1960 г. у вёсцы Мачуль Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Бацькі былі простымі сялянамі, якім Вялікая Айчынная вайна перашкодзіла вучыцца, яны скончылі толькі чатыры класы польскай школы, але любілі літаратуру, шмат чыталі бібліятэчных кніг. У школе Галіна вучылася добра, асабліва любіла ўрокі мовы і літаратуры. У дзесяцігадовым узросце пачала пісаць вершы. Некаторыя з іх былі надрукаваны ў раённай газеце «Навіны Палесся», часопісе «Вясёлка» (1970).

У вёсцы Дубянец Пінскага павета ВКЛ (цяпер Столінскага раёна Брэсцкай вобласці) у 1717–1720 гг. на сродкі пінскага краўчага Івана Колб-Сялецкага пабудавана царква. Паводле некаторых звестак першая царква ў Дубянцы магла быць у ХVI ст. Новая царква асвечана ў гонар Раства Прасвятой Багародзіцы. Лічыцца, што Прачыстая Багародзіца клапоціцца аб земляробстве, сям’і, асабліва апякуецца аб маці. Прастольнае свята адзначаецца 21 верасня.

Аляксандр Пятровіч Шаўцоў нарадзіўся ў 1954 г. у г. Давыд-Гарадку Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Маці яго, гарадчанка Наталля Мікалаеўна (у дзявоцтве Стахейка). Бацька, Пётр Захаравіч Шаўцоў, літаратуразнавец, даследчык паэм «Энеіда навыварат» i «Тарас на Парнасе» — аб гэтых творах напісаў кнігу «Спрадвечнае» (1973) — працаваў рэдактарам у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Жылі Шаўцовы ў г. Крычаве Магілёўскай вобласці, дзе Алесь скончыў сярэднюю школу, потым у Мінску.

У г. Давыд-Гарадку Столінскага раёна Брэсцкай вобласці здаўна меліся праваслаўныя храмы, у пісьмовых крыніцах узгадваюцца з 1486 г. Пад 1663 і 1675 гг. узгадваецца Свята-Георгіеўская царква, якая была пабудавана на сродкі ўладальніка горада князя Міхаіла Караля Радзівіла (1600–1666) у першай палове ХVІІ ст. (у некаторых крыніцах называюць 1648 г.). Выява гэтай двухзрубнай царквы нам невядома, знаходзілася яна на ўсходняй ускраіне паселішча, па шляху на Тураў. У 1724 г. (па іншых звестках у 1724–1726 гг.) царква ў імя святога Георгія Перамаганосца была значна перабудавана.

Старонка 1 з 6