Пятніца, 03 Жнівень 2012 11:24

Юбілей Ю. І. Крашэўскага.

28 ліпеня 2012 года спаўняецца 200 год з дня нараджэння Юзафа Ігнацыя Крашэўскага (1812, Варшава – 1887, Кракаў) – пісьменніка, гісторыка, мастака, кампазітара, выдаўца, грамадскага дзеяча, акадэміка Кракаўскай Акадэміі. У дзяцінстве і сталым узросце ён пэўны час жыў у сваім маёнтку ў в. Доўгае каля Пружан.

25 ліпеня ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага адбылася прэзентацыя кніжнай выставы “Беларусь – яго калыска: 200 год з дня нараджэння Ю. І. Крашэўскага” і міжнароднага праекта ”Віртуальная рэканструкцыя спадчыны Ю. І. Крашэўскага”.
Адкрыла, вяла імпрэзу і знаёміла прысутных са зместам і развіццём віртуальнага праекта намеснік дырэктара па навуковай рабоце Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага А. М. Мяснянкіна, аб кніжнай выставе расказвала загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Т. С. Кавенька. Усіх прывітала і выказала сваю любоў да бібліятэк віцэ-консул Генеральнага консульства Рэспублiкi Польшча ў  г. Брэсце Анна Домска-Лучак. Кандыдаты філалагічных  навук,  загадчыкі кафедр БрДУ імя А. С. Пушкіна А. Г. Ківака і Т. В. Сянькевіч гаварылі аб асаблівасцях літаратурнай творчасці Ю. І. Крашэўскага, мастак А. М. Дзенісевіч звярнуў увагу на жывапісныя і графічныя працы, лірычную ноту перакладамі вершаў Ю. І. Крашэўскага на рускую мову ўнесла паэтэса Л. Красеўская. Сярод гасцей былі таксама пісьменнікі Л. Валасюк, В. Дэбіш, Л. С. Цыплюк, краязнавец А. Нікітчык, брэсцкія журналісты.
Словы даследчыка творчасці Ю. І. Крашэўскага, вядомага беларускага вучонага, краязнаўцы Г. Каханоўскага, “Беларусь – яго калыска”, сталi назвай юбiлейнай кніжнай выставы, якую падрыхтавалі супрацоўнікі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Т. С. Кавенька і С. М. Паўловіч.

Галоўная мэта выставы – знаёмства грамадскасці з шматграннай творчасцю Ю. І. Крашэўскага. Тут прадстаўлены кнігі са збораў твораў пісьменніка, асобныя выданні яго гістарычных раманаў і аповесцей, ксеракопіі выдадзеных у сярэдзіне ХІХ ст.  матэрыялаў падарожжаў і г. д. Значную частку творчай спадчыны складае перапіска з роднымі , сябрамі, знакамітымі людзьмі таго часу, сярод якіх мы сустрэнем В. Каратынскага, У. Сыракомлю, В. Дуніна-Марцінкевіча.  На рускай мове творы Ю. І. Крашэўскага з’явіліся ў другой палове ХІХ ст. У пачатку ХХ ст. у Расійскай імперыі быў выдадзены Збор твораў. Упершыню на беларускай мове апублікаваны верш “Пан і мужык” ў газеце “Наша Доля” у перакладзе Будзіцеля (І. Тукеркеса). Вершы Ю. І. Крашэўскага на беларускую мову перакладаў Я. Купала, прозу – вядомыя перакладчыкі В. Сёмуха, П. Бітэль, М. Кенька. Кнігі Ю. І. Крашэўскага, выдадзеныя ў савецкі час на рускай мове і беларускамоўныя выданні, займаюць на выставе сваё пачэснае месца.
Сярод кніг аб жыцці і творчасці Ю. І. Крашэўскага асобна можна выдзеліць працы брэсцкай журналісткі, Ганаровай чытачкі Бібліятэкі Р. Гусевай, якая правяла шмат часу ў чытальных залах нашай Бібліятэкі, вывучаючы навуковыя матэрыялы, і заўсёды з удзячнасцю прыймала дапамогу нашага калектыва.
Для больш глыбокага знаёмства з творчай спадчынай Ю. І. Крашэўскага ёсць магчымасць чытаць іншыя літаратуразнаўчыя працы на польскай, рускай і беларускай мовах, а таксама зазірнуць у бібліяграфічныя паказальнікі.
Кніжная выстава “Беларусь – яго калыска: 200 год з дня нараджэння Ю. І. Крашэўскага” будзе дзейнічаць на працягу 2012 г.
Віншуем усіх берасцейцаў з 200-гадовым юбілеем нашага знакамітага земляка Юзафа Ігнацыя Крашэўскага, які так удала супадае з Днём галоўнага  горада Берасцейшчыны!

Тэлефон для даведак: +375 (162) 23 22 04 Кавенька Таццяна Сямёнаўна

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 5227 разоў Апошняя змена Пятніца, 03 Жнівень 2012 11:27