Серада, 29 Лістапад 2017 10:39

“Хто я, дзе я, адкуль і куды…”

26 лістапада ў Белаазёрскай гарадской бібліятэцы імя Ніны Мацяш адбылася сустрэча з паэтам - юбілярам 2017 года Сяргеем Амяльчуком. 

Сяргей Іванавіч — ураджэнец вёскі Рачыца Бярозаўскага раёна. Ён — сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, аўтар  паэтычных зборнікаў, укладальнік літаратурнага альманаха "Жырандоля", паэт, празаік, перакладчык.

Сяргей Амяльчук таксама займаецца даследваннем рода Мацяшоў,  да якога належыць знакамітая паэтка Ніна Язэпаўна Мацяш. Госць зацікавіў слухачоў вынікамі сваіх літаратурных даследванняў у гэтым накіругку. 

   На  размову з літаратарам былі запрошаны чытачы бібліятэкі, якія з’яўляюцца прыхільнікамі творчасці Ніны Мацяш і актыўна чытаюць літаратуру на роднай мове. У сваім аповядзе Сяргей Амяльчук паспрабаваў прасачыць гістарычныя падзеі мінулых гадоў, якія адбіліся ў вершах паэткі. Ён адзначыў, што Ніна Язэпаўна, на ўзроўні падсвядомай памяці, магла адчуць сваю сувязь з гэтымі падзеямі  і выказаць іх  ва ўласных  вершах.

Прыкладамі такіх праяўленняў, на думку нашага госця, з'яўляюцца такія вершаваныя творы, як паэма "Жніва", "Скарга дзікай яблыні", "Воран кружыць", "Amote", "Адна", "Расчараванне, як абвал...", "Алекса Доўбуш" і інш.

   Вершы паэткі гучалі ў выкананні загадчыцы філіяла Белаазерскай гарадской бібліятэкі Тамары Кузняцовай. Сяргей Амяльчук чытаў уласныя творы і адказваў на пытанні слухачоў.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1695 разоў Апошняя змена Серада, 07 Люты 2018 15:58