Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 14 Люты 2018 15:55

Кніжная выстава «Ішоў наперадзе свайго часу…»

У аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Бібліятэкі пачала работу кніжная выстава «Ішоў наперадзе свайго часу…», прысвечаная 260-годдзю з дня нараджэння Юльяна Урсын Нямцэвіча (1758–1841), пісьменніка, гісторыка, публіцыста, палітычнага дзеяча Рэчы Паспалітай.

Юльян Урсын Нямцэвіч нарадзіўся 16 лютага 1758 г. у вёсцы Скокі Брэсцкага раёна. Падчас паўстання 1794 г. — ад’ютант і сакратар Т. Касцюшкі. З 1813 г. — сакратар Сената Каралеўства (Царства) Польскага. У маёнтку Урсынаў пад Варшавай сабраў вялікую бібліятэку. У 1820 г. у Віцебску ставілася камедыя Ю. Нямцэвіча «Пан Навіна». Падчас паўстання 1830–1831 гг. увайшоў у склад Часовага ўрада, абраны сенатарам-кашталянам. У 1838 г. заснаваў у Парыжы Польскую бібліятэку. 

Юльян Урсын Нямцэвіч — адзін з найвыдатнейшых польскіх пісьменнікаў эпохі Асветніцтва, ініцыятар і рэдактар выдання «Збор гістарычных мемуараў пра старажытную Польшчу» (1822–1836. Т. 1–7).

Кніжная выстава складаецца з некалькіх раздзелаў. Першы раздзел прысвечаны творчасці пісьменніка і ўключае яго дзённікі і творы.

 Наступны раздзел называецца «Аб жыцці і дзейнасці», куды ўключаны матэрыялы аб ім: кнігі, артыкулы з часопісаў, зборнікі навукова-практычных канферэнцый, энцыклапедыі. Вялікую каштоўнасць маюць дзённікі Вітальда Урсын Нямцэвіча, патомка нашага славутага суайчынніка. Вітальд Нямцэвіч падарыў Бібліятэцы 18 рукапісных тамоў з матэрыяламі пра род Нямцэвічаў. Кніга берасцейскага краязнаўца Анатоля Антонавіча Гладышчука «Нямцэвічы. Сапраўдныя гісторыі» (Мінск, 2009), што напісана на аснове гэтых дзённікаў, таксама прадстаўлена на выставе.

Трэці раздзел «Скокі — малая радзіма» пра радавое гняздо Юльяна Урсын Нямцэвіча, дзе сёння працуе гісторыка-мемарыяльны музей «Сядзіба Нямцэвічаў». 

Кніжная выстава «Ішоў наперадзе свайго часу…» будзе працаваць у аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі да сярэдзіны сакавіка. 

 

Бельская Алена Лявонцьеўна, бібліятэкар аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі

 

Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 79

Чытаць 1728 разоў Апошняя змена Чацвер, 10 Май 2018 13:11