Серада, 16 Май 2018 14:29

Кніжная выстава «Імгненні важаць болей, чым гады…»

У аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Бібліятэкі пачала работу кніжная выстава «Імгненні важаць болей, чым гады…», прысвечаная юбілею пісьменніка Алеся Паплаўскага (1958).

Алесь Паплаўскі нарадзіўся ў 1958 годзе ў в. Мазуры Кобрынскага раёна. Пасля заканчэння ў 1975 г. Шамятоўскай СШ вучыўся ў Полацкім лясным тэхнікуме. У 1988 г. скончыў Беларускі тэхналагічны інстытут па спецыяльнасці «Лясная гаспадарка». Працаваў у лясгасах Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны. Зараз жыве і працуе ў Брэсце.

Алесь Паплаўскі — аўтар трох паэтычных зборнікаў: «Спынены лістапад» (Брэст, 1997), «Незваротнасць» (Брэст, 2001), «Скрыжалі душы» (Мінск, 2013), а таксама кніжак прозы «Тэрыторыя скразнякоў» (Брэст, 2000), «Пастка для рэха» (Мінск, 2009). Ён — член Саюза беларускіх пісьменнікаў (2003), лаўрэат абласной прэміі за кнігу аповесцей «Тэрыторыя скразнякоў» (2004), у 2009 г. атрымаў Літаратурную прэмію аблвыканкама імя Уладзіміра Калесніка ў галіне прозы за кнігу «Пастка для рэха», а за аповесць «Лапідо», апублікаваную ў часопісе «Дзеяслоў» у 2012 г., пісьменнік стаў лаўрэатам рэспубліканскай прэміі «Залаты апостраф».

Кніжная выстава складаецца з некалькіх раздзелаў. Першы раздзел прысвечаны творчасці пісьменніка. Ён уключае кнігі Алеся Паплаўскага і творы, якія апублікаваны ў вядомых літаратурна-мастацкіх часопісах: «Маладосць», «Крыніца», «Першацвет», «Тэрмапілы», «Дзеяслоў». Ёсць тут і першая публікацыя — верш «Рыжегубой тоской увядающий лес…», які быў апублікаваны ў газеце «Сельскае жыццё» (Маларыта) у 1988 г.

У раздзеле «Аб жыцці і дзейнасці» прадстаўлены кнігі, артыкулы з часопісаў і газет, фотаздымкі з асабістага архіва пісьменніка і фотаархіва Бібліятэкі. Крытыка неаднаразова адзначала, што Алесь Паплаўскі шукае свой асаблівы спосаб размовы з чытачом. А сам пісьменнік лічыць свае творы псіхалагічнымі галаваломкамі.

Алесь Паплаўскі — асоба рознабаковая: піша вершы і прозу, складае песні і выконвае іх, займаецца прафесійна фатаграфіяй і праводзіць фотавыставы. 

Кніжная выстава «Імгненні важаць болей, чым гады…» будзе працаваць у аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі да сярэдзіны чэрвеня.

 

Бельская Алена Лявонцьеўна, бібліёграф аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі

Тэлефон для даведак: + 375 162 57 48 79

  

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 14 разоў Апошняя змена Чацвер, 17 Май 2018 11:40