Аўторак, 30 Кастрычнік 2018 16:01

Супрацоўнікі і чытачы віншуюць з 70-гадовым юбілеем Міколу Пракаповіча!

Супрацоўнікі і чытачы Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага віншуюць з 70-гадовым юбілеем беларускага паэта і тэлежурналіста Міколу Пракаповіча!

З гэтай нагоды ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі распачала працу кніжная выстава «Аднойчы пачуеш — Радзіма...», прысвечаная жыццю і творчай дзейнасці нашага вядомага земляка.

У разделе «Творчасць» прадстаўлены асобныя кнігі паэта, калектыўныя зборнікі паэзіі, а таксама творы, змешчаныя ў перыядычным мясцовым і рэспубліканскім друку. Вядома, што першая кніга Мікалая Мікалаевіча «Белая вежа» была надрукавана ў калектыўным зборніку «Нашчадкі» (1979). Далей былі зборнікі «Неад’емнае» (1982), «На кругі свае» (1986), «Мяжа надзеі» (1993). За зборнік вершаў «Мяжа надзеі» выдавецтва «Мастацкая літаратура» прысудзіла Міколе Пракаповічу прэмію імя М. Багдановіча. Паэт таксама з’яўляецца адным з лаўрэатаў Літаратурнай прэміі Брэсцкага аблвыканкама імя У. Калесніка за калектыўны зборнік «Трохперсце» (Мінск, 2008). Усе вышэйпералічаныя выданні можна пабачыць на нашай выставе.

Творы Міколы Пракаповіча друкаваліся і ў шматлікіх калектыўных зборніках паэзіі. Вось толькі невялікая частка з іх: «Анталогія беларускай паэзіі. У 3 т. Т. 3. Вершы і паэмы» (Мінск, 1993), «Дзядзінец. Паэзія Берасцейшчыны» (Брэст, 1999), гісторыка-краязнаўчыя і літаратурныя зборнікі «Берасцейскія карані» (Брэст, 1993) і «Берасцейскія карані’ 98» (Брэст, 1998), «...І нараджалася Слова : зборнік літаратурных твораў супрацоўнікаў тэлерадыёкампаніі „Брэст“» (Брэст, 2012) і інш. Дзясяты выпуск літаратурнага альманаха «Жырандоля» Брэсцкага абласнога аддзялення ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» змяшчае п’есу для батлейкі «Прытулак памяці», прысвечаную асобе вядомага народнага майстра Мікалая Тарасюка. Мікола Пракаповіч з’яўляецца аўтарам перадач пра творчасць апошняга. Паводле гэтай п’есы, на радзіме народнага майстра быў пастаўлены батлеечны спектакль. У выданні «Пасланец Праметэя : кніга пра Уладзіміра Калесніка» ( Брэст, 2007) змешчаны артыкул Мікалая Мікалаевіча «Што чакае за крутой гарой…», прысвечаны яго літаратурнаму настаўніку, пісьменніку і крытыку Уладзіміру Андрэевічу Калесніку.

Шматлікія вершы Міколы Пракаповіча перакладаліся на расійскую і ўкраінскую мовы. У свой час ён быў адным з арганізатараў і натхняльнікаў беларуска-ўкраінскіх літаратурных сустрэч на тэрыторыі Берасцейшчыны, таму, невыпадкова, асобная ўвага надаецца і яго перакладніцкім працам. На выставе можна пабачыць кнігі: «Берестейське багаття. Твори поэтів і прозаïків Берестейщини в перекладах волинських літераторів украïнською мовою» (Луцьк, 2012), «Думы і песні Валыні. Творы паэтаў і празаікаў Валыні ў перакладах берасцейскіх пісьменнікаў на беларускую мову» (Луцк, 2012), «Белой вежи свет : сборник поэзии Брестчины» (Минск, 2010), альманахі Валынскай абласной арганізацыі Нацыянальнага Саюза пісьменнікаў Украіны «Світязь» і інш.

Чытачы таксама могуць азнаёміцца з вершамі-прысвячэннямі беларускіх пісьменнікаў: Івана Лагвіновіча, Алеся Каско, Расціслава Бензерука, Кастуся Жмінько, Надзеі Парчук і інш.

Паэт Мікола Пракаповіч з’яўляецца сталым чытачом і наведвальнікам нашай Бібліятэкі. Ён плённа супрацоўнічае з мясцовымі кампазітарамі, сябруе з мастакамі, з калектывам абласнога тэатра лялек. Гэта знайшло сваё адлюстраванне і на нашых кніжных паліцах. Напрыклад, у альбоме берасцейскага мастака Пятра Данеліі «Жывапіс. Графіка» (Брэст, 2011) можна пабачыць рэпрадукцыю партрэта паэта Міколы Пракаповіча 1981 г.

Другі раздзел выставы «Аб творчасці» змяшчае даследаванні жыцця і літаратурнай дзейнасці пісьменніка-юбіляра: біяграфічныя звесткі, літаратурна-крытычныя артыкулы, артыкулы аб яго тэлежурналісцкай працы і інш.

З 1981 г. Мікола Пракаповіч з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў. У 1984–1990 гг. быў сакратаром Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. На працягу 10 гадоў паэт кіраваў літаратурнай студыяй «Спадчына» ў Брэсцкім абласным ЦМТ, якая яднала маладых паэтаў горада. Больш за 40 гадоў аддаў Мікола Пракаповіч журналісцкай працы на тэлебачанні. Яго аўтарская перадача «Край» вядома ўсім, хто цікавіцца гісторыяй і культурай роднай Берасцейшчыны. У 1999 г. Мікола Пракаповіч у намінацыі «Журналістыка» атрымаў званне «Берасцейская зорка». У 2015 г. стаў пераможцам у намінацыі «Лепшы вядучы рэгіянальных праграм» («Край з Міколам Пракаповічам», ТРК «Брэст») XI Нацыянальнага конкурсу «Тэлевяршыня».

На паліцах гэтага раздзела выставы можна пабачыць пяты том біябібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменнікі» (Мінск, 1995), «Беларускія пісьменнікі (1917—1990): даведнік» (Мінск, 1994), «Энцыклапедыю літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5-ці т. Т. 4» (Мінск, 1986), «Літаратурную карту Берасцейшчыны» (Брэст, 2008), кнігу В. Я. Ляшук і Г. М. Снітко «Літаратурная Берасцейшчына : краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы» (Мінск, 2008) і інш. Вывучэнне літаратурнай спадчыны паэта прадстаўлена артыкуламі: Н. М. Борсук «Пошукі сучаснага берасцейскага паэта М. Пракаповіча ў галіне праблемы „Чалавек і грамадства“» (зборнік «Матэрыялы навуковай канферэнцыі „Сучасныя праблемы беларусікі“, прысвечанай У. А. Калесніку, 16–17 снеж. 1999 г.» Брэст, 2000), Г. М. Праневіча «Салавейка берасцейскага дзядзінца» («Радаводнае дрэва Прыпяці». Брэст, 2002), У. А. Сенькаўца «Вобраз пушчы як стылёвая дамінанта творчасці паэтаў Берасцейшчыны» (зборнік навуковых артыкулаў «Моўнакультурная прастора Берасцейшчыны». Брэст, 2010) і інш.

Кніжная выстава «„Аднойчы пачуеш — Радзіма...“ : 70 гадоў з дня нараджэння паэта і журналіста Міколы Пракаповіча» будзе працаваць на працягу лістапада ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі. Запрашаем усіх жадаючых і неабыякавых да паэтычнага слова нашага славутага паэта-земляка Міколы Пракаповіча азнаёміцца з матэрыяламі фондаў Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага.

 

Жыццё падарыла нам дзіва:

Як ветрыку лёгкі павеў,

Аднойчы пачуеш — «Радзіма»,

Пасля зразумееш — навек.

I будуць дарогі вяртацца

У той незабыты куток,

Дзе ў квецені белых акацый

Жыцця твайго чысты выток.

Дзе змалку да болю знаёмы

I дрэвы, і твары людзей,

I роўнага болей якому

Ніколі не знойдзеш нідзе.

                             Мікола Пракаповіч

 

Жэлянгоўская Ірына Іванаўна, галоўны бібліёграф аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі

Тэлефон для даведак: +375 162 57 48 79

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 56 разоў