Серада, 21 Лістапад 2018 10:36

Літаратурная вечарына ў гонар 70-гадовага юбілею Міколы Пракаповіча

15 лістапада 2018 г. у Бібліятэцы адбылася літаратурная вечарына ў гонар 70-гадовага юбілею вядомага беларускага паэта і тэлежурналіста, Ганаровага чытача Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага Міколы Пракаповіча.

 

Падчас мерапрыемства адбылася прэзентацыя новай кнігі паэта «Прытулак душы». Кніга выбранага выйшла ў сталічным выдавецтве «Кнігазбор» у серыі «Кнігарня пісьменніка». Уступным словам да зборніка стаў артыкул Алеся Каско «Што зжылося з лістападам: Да творчага партрэта Міколы Пракаповіча».

Юбіляра і прысутных павітала дырэктар Бібліятэкі Алена Стрыжэвіч.

Павіншаваць Міколу Пракаповіча, паслухаць яго творы прыйшлі пісьменнікі, мастакі, журналісты, бібліятэкары, настаўнікі. Паэзію Міколы Пракаповіча любіць і моладзь. Студэнты БрДУ імя А. С. Пушкіна пачыталі яго вершы. Асабліва кранальна прагучалі радкі з паэмы Міколы Пракаповіча «Галасы берасцейскага дзядзінца» ў выкананні вучаніцы СШ № 28 г. Брэста Паліны Рамановіч.

Святочнасці мерапрыемству надало выступленне народнага ансамбля песні Тэльмаўскага СДК «Спадчына» пад кіраўніцтвам кампазітара Уладзіміра Літвінчука, даўняга сябра паэта. Удзельнікі ансамбля выканалі народныя песні, а таксама песні на вершы Міколы Пракаповіча.

Вёў мерапрыемства кандыдат філалагічных навук Уладзімір Сенькавец. 

На ўспамін аб сустрэчы Бібліятэка атрымала падарунак — кнігу з аўтографам М. Пракаповіча: «Руплівым гаспадынькам берасцейскіх кніжных скарбаў з удзячнасцю».

Кніжная выстава, прысвечаная творчасці Міколы Пракаповіча, будзе дзейнічаць у аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі на працягу лістапада.

 

Кавенька Таццяна Сямёнаўна, заг. аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі 

Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 79

 

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 49 разоў Апошняя змена Чацвер, 22 Лістапад 2018 10:57