Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 14 Люты 2019 11:06

«Пінск — культурная сталіца Беларусі»

У студзені 2019 года г. Пінск прыняў эстафету рэспубліканскай акцыі «Культурная сталіца года». Да гэтай падзеі супрацоўнікі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага падрыхтавалі кніжную выставу «Пінск — культурная сталіца Беларусі».

На выставе прадстаўлены кнігі, энцыклапедыі, выяўленчыя матэрыялы. Асаблівую ўвагу займаюць рарытэты — ксеракопіі кніг: «Tradycje ziemi Pinskiej» (Варшава, 1935) Рамана Харашкевича; «Церковно-археологическіе памятники города Пинска» (Мінск, 1898) і «Пинскій Богоявленскій второклассный монастырь, 1800 г. – 29-го мая – 1900 г.» (Мінск, 1900) Аляксандра Іванавіча Мілавідава. Выстава дае магчымасць азнаёміцца з гістарычнымі момантамі ў станаўленні сучаснага горада: Пінск старажытны, гісторыя герба, атрыманне мястэчкам Магдэбургскага права і інш. Раскрываюцца гэтыя тэмы ў кнігах: «Древний Пинск, XI–XIII вв.» (Пінск, 2007) П. Ф. Лысенкі; «Пинск XVI столетия» (Мінск, 1994) А. І. Лазіцкага; «У пошуках страчанага» (Мінск, 2007); «Гарадская геральдыка Беларусі» (Мінск, 1989) А. Цітова; «Народный фотоальбом» (Брэст, 2014) і інш. Безумоўна, вялікая ўвага нададзена і тэме Вялікай Айчыннай вайны, акупацыі горада і знішчэння яўрэйскага насельніцтва (кнігі: «Пинск и евреи, 1939–1944» (2017), «Вырваны з агню» (Мінск, 2002) і інш).

З сучасным Пінскам знаёмяць кнігі: «Пинск: путеводитель по столице Полесья» (Пінск), «Пинск древний и молодой: фотоальбом» (Брэст, 2018), «Пінск: чароўная казка Палесся» (Мінск, 2002).
З Пінскам звязаны імёны творцаў: Сяргей Жылевіч — скульптар, Яўген Шатохін — графік, Яўген Пулхаў — мастак. З каталогамі работ гэтых і іншых аўтараў можна таксама азнаёміцца на экспазіцыі.

Горад знакаміты ўстановамі культуры і адукацыі. Добра вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі Палескі драматычны тэатр, на сцэне якога былі пастаўлены спектаклі па творах: «Пінская шляхта» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» Янкі Купалы, «Хто смяецца апошнім» К. Крапівы.

Літаратурнае жыццё горада Пінска вельмі цікавае і разнастайнае. Жыццёвая і творчая дзейнасць Якуба Коласа мела непасрэднае дачыненне да Палесся і Пінска. Вядома, што пасля заканчэння Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі ён пэўны час настаўнічаў на Палессі. Менавіта ў час пражывання Я. Коласа на Піншчыне, на хутары Смольня, адбылася першая сустрэча яго з Я. Купалам.

І сёння Піншчына багатая на літаратурныя таленты. Тут нарадзіліся, жылі і жывуць вядомыя паэты, пісьменнікі і літаратуразнаўцы: Яўгенія Янішчыц, Валянціна Коўтун, Тамара Лазнюха, Алена Ігнацюк, Павел Ляхновіч, Зіновій Вагер, Зіновій Прыгодзіч і іншыя. Высокую ўзнагароду за сваю працу — літаратурную прэмію імя У. А. Калесніка Брэсцкага аблвыканкама маюць пісьменнікі: Анатоль Шушко, Валерый Грышкавец, Надзея Парчук, Маргарыта Кобец. Іх творы прадстаўлены на выставе.

Кніжная выстава «Пінск — культурная сталіца Беларусі» будзе працаваць у аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі на працягу лютага.

Лахміцкая Наталля Сцяпанаўна,
бібліёграф аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі
Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 79

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1381 разоў Апошняя змена Чацвер, 19 Сакавік 2020 13:36