Чацвер, 28 Люты 2019 09:55

Творчая сустрэча «Літаратурныя акорды Маларытчыны»

Да Міжнароднага дня роднай мовы ў Маларыцкай раённай гімназіі была праведзена творчая сустрэча «Літаратурныя акорды Маларытчыны», падрыхтаваная супрацоўнікамі раённай бібліятэкі. На мерапрыемства да вучняў 8–10-х класаў і педагогаў установы адукацыі былі запрошаны вядомыя паэты Маларытчыны: Мікалай Пацяюк (аг. Ляхаўцы), Генадзь Мішчук (в. Отчын) і Уладзімір Данілюк (аг. Чарняны).

Спачатку вядучая, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Асіпук, нагадала гісторыю ўзнікнення свята, выказала думкі наконт важнасці роднай мовы для кожнага народа, а затым прадставіла гасцей сустрэчы. Мікалай Іванавіч, Генадзь Пятровіч і Уладзімір Мікітавіч па чарзе расказвалі пра свой няпросты шлях «у паэты», пра тое, чаму цяпер вершы пішуць на беларускай мове, як у іх выспявае задума і нараджаюцца паэтычныя творы, што і хто натхняе на творчасць, а таксама падзяліліся сваімі планамі на будучае…

Прысутныя з вялікім задавальненнем слухалі мясцовых пісьменнікаў, здаецца, лавілі кожнае сказанае імі слова. Самым эмацыянальна напружаным момантам сустрэчы было чытанне паэтамі сваіх вершаў як даўно напісаных, так і новых. У выкананні Мікалая Пацеюка, Генадзя Мішчука і Уладзіміра Данілюка яны гучалі з асаблівай цеплынёй, шчыра, узнёсла. Гэта не магло не крануць вучняў і педагогаў. Своеасаблівым аздабленнем сустрэчы сталі песні, выкананыя навучэнцамі раённай гімназіі на беларускай мове. Напрыканцы мерапрыемства мясцовыя паэты адказалі на пытанні, раздалі аўтографы.

Спецыяльна да сустрэчы была падрыхтавана кніжная выстава «Родная мова — тое, што нас яднае». На ёй была прадстаўлена частка зборнікаў мясцовых паэтаў, выдадзеных аддзелам бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі.

Навумчык М. І.,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце ДУА “Маларыцкая раённая гімназія”