Спачатку вядучая, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Асіпук, нагадала гісторыю ўзнікнення свята, выказала думкі наконт важнасці роднай мовы для кожнага народа, а затым прадставіла гасцей сустрэчы. Мікалай Іванавіч, Генадзь Пятровіч і Уладзімір Мікітавіч па чарзе расказвалі пра свой няпросты шлях «у паэты», пра тое, чаму цяпер вершы пішуць на беларускай мове, як у іх выспявае задума і нараджаюцца паэтычныя творы, што і хто натхняе на творчасць, а таксама падзяліліся сваімі планамі на будучае…
Прысутныя з вялікім задавальненнем слухалі мясцовых пісьменнікаў, здаецца, лавілі кожнае сказанае імі слова. Самым эмацыянальна напружаным момантам сустрэчы было чытанне паэтамі сваіх вершаў як даўно напісаных, так і новых. У выкананні Мікалая Пацеюка, Генадзя Мішчука і Уладзіміра Данілюка яны гучалі з асаблівай цеплынёй, шчыра, узнёсла. Гэта не магло не крануць вучняў і педагогаў. Своеасаблівым аздабленнем сустрэчы сталі песні, выкананыя навучэнцамі раённай гімназіі на беларускай мове. Напрыканцы мерапрыемства мясцовыя паэты адказалі на пытанні, раздалі аўтографы.
Спецыяльна да сустрэчы была падрыхтавана кніжная выстава «Родная мова — тое, што нас яднае». На ёй была прадстаўлена частка зборнікаў мясцовых паэтаў, выдадзеных аддзелам бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі.
Навумчык М. І.,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце ДУА “Маларыцкая раённая гімназія”