Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 21 Май 2019 09:36

Прэзентацыя кнігі «Народны фотаальбом. Маларыта. Кніга з фотаздымкамі пра Маларыту і яе жыхароў. 1566–2019»

У гарадскім Доме культуры адбылася прэзентацыя кнігі «Народны фотаальбом. Маларыта. Кніга з фотаздымкамі пра Маларыту і яе жыхароў. 1566–2019».

Выданне, аўтарам якога з’яўляецца маларытчанін Валерый Савасціёнак, напрыканцы красавіка ўбачыла свет у Брэсцкай тыпаграфіі. У прыгожа аформленым фотаальбоме на мелаванай паперы адлюстраваны праўдзівыя імгненні гісторыі нашага краю. На 328 старонках кнігі змяшчаецца 850 фотазымкаў як чорна-белых, так і каляровых. Яны зроблены як вядомымі, так і невядомымі фатографамі. Фотаальбом складаецца з трох вялікіх раздзелаў («Вуліцы горада», «Прадпрыемствы і ўстановы», «Людзі і падзеі»), кожны з якіх у сваю чаргу мае некалькі падраздзелаў. Кніга пачынаецца словам да чытача і прадмоваю. Выданне таксама мае эпілог, змест і дадатак («Імянны спіс асоб, размешчаных на фотаздымках», які змяшчае 2200 прозвішчаў).

Мерапрыемства арганізавалі і правялі супрацоўнікі Маларыцкай раённай бібліятэкі Галіна Кучына і Валянціна Ібрагімава. Адкрываючы прэзентацыю-сустрэчу, яе вядучая Галіна Кучына адзначыла, што фонд раённай бібліятэкі цяпер налічвае амаль 50 тыс. экз. кніг рознай тэматыкі. Сярод іх ёсць кнігі па гісторыі, геаграфіі, прыродзе Маларытчыны і аб яе знакамітых людзях. Аднак такіх выданняў, на жаль, пакуль што няшмат. Годнае месца у гісторыі роднага краю і павінна заняць новая кніга Валерыя Савасціёнка. Яе сапраўды можна лічыць своеасаблівай фотаэнцыклапедыяй Маларытчыны.

Падчас мерапрыемтва гучалі песні ў выкананні Валерыя Савасціёнка і Віктара Ярмалюка. Сваімі думкамі пра новае выданне Валерыя Антонавіча падзяліліся літаратуразнаўца, доктар педагагічных навук, член Акадэміі педагагічных і сацыяльных навук Расійскай Федэрацыі Марыя Жыгалава, старшыня Маларыцкай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання вэтэранаў Уладзімір Бойка, а таксама прадстаўнік Маларыцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў» Леанід Падалінскі, старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Соф’я Якубчык, маларытчане Аляксандр Шальноў і Мікалай Струнец. Валерый Савасціёнак хоць нарадзіўся і вырас у г. Бярозе (Брэсцкая вобласць), але сябе лічыць маларытчанінам, бо пражывае стала тут з 1958 г.

— Я не думаў, што калісьці з’явіцца такая кніга, — расказвае Валерый Антонавіч. — Уся мая працоўная дзейнасць звязана з аўтамабілямі. Акрамя таго, 14 гадоў аддаў службе ва Узброеных Сілах СССР.

Збіранне фотаздымкаў мінулага для Валерыя Савасціёнка спачатку было звычайным хобі, якім захапіўся яшчэ 14 гадоў назад. Спачатку «прасіў» фотакарткі ў знаёмых, а пасля і ў тых жыхароў райцэнтра, у якіх, ведаў, ёсць рэдкія, даўнія і цікавыя рэчы. Тыя з іх, якія зацікавілі, сканіраваў, архівіраваў. Калі ж фотаздымкаў стала шмат, задумаўся аб тым, аб выдаць асобную кнігу.

— Работа ад задумы да яе ажыццяўлення (выдання кнігі) у мяне заняла сем гадоў, — гаворыць Валерый Савасціёнак. — Не ведаў спачатку, з чаго пачынаць, што павінна быць у кнізе, як неабходна размясціць сабраны матэрыял. Аднак дзякуючы падтрымцы найперш маёй сям’і, Генадзю Леўчуку, які з’яўляецца тэхнічным рэдактарам кнігі, карэктару Марыі Федарук, а таксама ўсім неабыякавым людзям праца пачалася. І вось цяпер бачны яе вынік. Сёння мы маем такое цудоўнае ілюстраванае выданне.

Валерый Савасціёнак прызнаўся, што ў яго архівах цяпер ужо сабрана 35–40 тыс. фотаздымкаў мінулага. Таму ён не выключае, што, магчыма, будзе працяг народнага фотаальбома Маларыты.

Навумчык М. І.,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
ДУА «Маларыцкая раённая гімназія»

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1353 разоў Апошняя змена Чацвер, 19 Сакавік 2020 12:52