Чацвер, 24 Кастрычнік 2019 14:37

Прэзентацыя кнігі Уладзіміра Глазава «Симфония еврейского древа Брестчины»

23 кастрычніка 2019 г. у аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага адбылася прэзентацыя кнігі Уладзіміра Глазава «Симфония еврейского древа Брестчины» (Брэст, 2019).

«Симфония еврейского древа Брестчины» — кніга аб знакамітых земляках. Яна ўяўляе сабой цыкл нарысаў, якія друкаваліся ў газеце «Брестский курьер» на працягу некалькіх гадоў у рамках праекта «Фамильное древо Бреста». Гэта другое выданне, выпраўленае і дапоўненае аўтарам. Першае — «Симфония еврейских судеб Брестчины» (Брэст, 2015), карыстаецца ў чытачоў вялікім поспехам і часта экспануецца на кніжных выставах разнастайнай тэматыкі.

У працэсе свайго выступлення аўтар знаёміў з героямі нарысаў — на экране прысутныя маглі ўбачыць іх партрэты. У некаторых выпадках партрэты так і не былі знойдзены, што, на думку Уладзіміра Глазава, значна ўскладніла яго пісьменніцкую задачу. Аўтар адзначыў, што для яго быў прынцыпова важны парадак прытрымлівання нарысаў адно за адным: ад матэматыка Якава Громера, з якога пачыналася ўся праца, да —праз шэсць гадоў — фінансіста і банкіра Абрама Зака. Сярод героеў прэзентуемай кнігі: мастакі Ян Лебенштэйн і Якаў Балглей, паэт Анна Марголін (піша на ідыш)і пісьменніца Айн Рэнд, амерыканскія палітыкі Дэвід Дубінскі і Джэй Лаўстан, зорка палітычнага вышуку царскай Расіі Аляксандр Гартінг і інш.

Музычнае суправаджэнне сустрэчы складалася з невялікіх твораў кампазітараў, ураджэнцаў Брэст-Літоўска, Луіса Грюнберга іІсідора Фрыда, а таксама кампазіцый блюзмэна Мадді Уотэрса.

Сярод выступоўцаў і гасцей мерапрыемства ідэйны натхніцель і аўтар праекта «Фамильное древо Бреста» паэт і журналіст Мікалай Аляксандраў, пісьменнік і журналіст Васіль Сарычаў, кандыдаты гістарычных навук, дацэнты БрДУ імя А. С. Пушкіна Бодак Андрэй Юр’евіч і Свірыд Аляксандр Мікалаевіч і інш.

Супрацоўнікамі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі была падрыхтавана кніжная выстава «Имена и времена», на якой прадстаўляліся некаторыя ксеракопіі публікацый Уладзіміра Глазава з газеты «Брестский курьер», прысвечаныя лёсам героеў, якія ўвайшлі ў прэзентуемае выданне. На выставе таксама можна было пабачыць шэраг плакатаў, якія выдаваліся ў рамках праекта «Фамильное древо Бреста».

Напрыканцы мерапрыемства ва ўсіх прысутных была магчымасць набыць прэзентуемае выданне і атрымаць аўтограф пісьменніка.

 

Жэлянгоўская Ірына Іванаўна,

заг.аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі

Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 79