Аўторак, 16 Сакавік 2021 17:21

«Брест на перекрёстках уникальных судеб»

11 сакавіка 2021 г. у аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага прайшла прэзентацыя кнігі гістарычных нарысаў Мікалая Аляксандрава «Брест на перекрёстках уникальных судеб».

Наш горад стаў скрыжаваннем лёсаў многіх людзей. Некаторыя з іх тут нарадзіліся, іншыя былі праездам, трэція праславілі родны горад. «Брест на перекрёстках уникальных судеб» — кніга пра знакамітых землякоў. Яе аўтар больш за дваццаць гадоў па крупінках збіраў матэрыял для гэтых нарысаў у дзяржаўных і хатніх архівах, сустракаючыся з відавочцамі падзей або іх нашчадкамі.

Мікалай Аляксеевіч — таленавіты журналіст, выдатны гісторык, цудоўны паэт... З усімі гранямі яго творчасці можна было пазнаёміцца з дапамогай кніжнай выставы, падрыхтаванай супрацоўнікамі бібліятэкі. Сярод выданняў, прадстаўленых на ёй, — зборнікі паэзіі Мікалая Аляксеевіча «Кварта» (Брэст, 2002), «Долгий путь в Китеж» (Брэст, 2009), публікацыі ў літаратурных зборніках: «Истоки» (Масква, 1987), «Поэзия русского слова» (Мінск, 2019), «Небесная река» (Разань, 2017), паэтычная падборка з біяграфічнай даведкай у кнізе Леаніда Валасюка «Непрыдуманыя партрэты» (Брэст, 2014) і інш.

Шэраг публікацый Мікалая Аляксандрава прысутныя маглі прачытаць у літаратурным альманасе Саюза беларускіх пісьменнікаў «Жырандоля». Акрамя паэтычных падборак у ім друкаваліся эсэ, прысвечаныя Мікалаю Чурабу і Дзмітрыю Карбышаву. Экспазіцыя знаёміла з публікацыямі аўтара ў часопісах «Молодая гвардия», «Родина», ксеракопіямі артыкулаў з газеты «Брестский курьер», прысвечаных некаторым персаналіям, чые лёсы раскрываюцца ў прэзентуемай кнізе.

Аўтар распавёў аб працы над кнігай, паказаў відэапрэзентацыю сваіх даследаванняў — старыя эксклюзіўныя фотаздымкі берасцейцаў з каментарамі аб іх лёсах.

Жэлянгоўская Ірына Іванаўна,

заг. аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі

Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 79

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 55 разоў