Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 01 Лістапад 2022 10:25

Фонд аддзела краязнаўства папоўніўся новымі выданнямі

Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага высока шануе кніжныя набыткі ад сваіх дарыльшчыкаў. Бібліятэка з удзячнасцю прымае ў дар кнігі, часопісы і іншыя матэрыялы, асобнай каштоўнасцю сярод якіх карыстаюцца мясцовыя выданні і выданні краязнаўчага зместу.

 

 Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна з’яўляецца даўнім сябрам і партнёрам нашай установы, выкладчыкі і студэнты — нашымі пастаяннымі чытачамі і аўтарамі. На днях супрацоўнікі філалагічнага факультэта перадалі ў дар нашай бібліятэцы шматлікія выданні сваёй навучальнай установы.

Дары складаюцца з малатыражных зборнікаў навуковых артыкулаў, матэрыялаў рэспубліканскіх, а таксама рэгіянальных навукова-практычных канферэнцый і семінараў БрДУ імя А. С. Пушкіна. Падораныя зборнікі змяшчаюць рэдкія і каштоўныя крыніцы, якія, пасля аналітычнай апрацоўкі бібліёграфамі нашай установы, знойдуць прымяненне ў навуковых і даследчых працах чытачоў.

Сярод падораных выданняў зборнікі матэрыялаў Рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцый «Жанравая дынаміка і вобразны свет беларускай літаратуры XX — пачатку XXI стагоддзя» (Брэст, 2018 г.), «Дзясятыя Калеснікаўскія чытанні» (Брэст, 2019 г.), «Адзінаццатыя Калеснікаўскія чытанні» (Брэст, 2021 г.), «Актуальныя праблемы сучаснага літаратурнага працэсу» (Брэст, 2017, 2020 гг.), «Нацыянальна-культурны кампанент у літаратурнай і дыялектнай мове» (Брэст, 2016, 2018, 2020, 2021 гг.), «Актуальныя праблемы мовазнаўства і лінгвадыдактыкі» (Брэст, 2008, 2013 гг.) і інш.

Супрацоўнікі і чытачы Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага выказваюць шчырую падзяку за аказаную дапамогу ў папаўненні бібліятэчнага фонду ўстановы. Усе падораныя выданні зоймуць годнае месца ў фондзе аддзела краязнаўства і стануць даступнымі кожнаму яго карыстальніку.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 506 разоў Апошняя змена Серада, 02 Лістапад 2022 10:12