Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 12 Красавік 2023 14:53

Кніжная выстава «Берасцейцы на старонках часопіса „Маладосць“: да 70-годдзя з пачатку выдання»

Кніжная выстава «Берасцейцы на старонках часопіса „Маладосць“: да 70-годдзя з пачатку выдання»

 

У аддзеле краязнаўства Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага распачала працу кніжная выстава «Берасцейцы на старонках часопіса „Маладосць“: да 70-годдзя з пачатку выдання».

 

Часопіс «Маладосць» — штомесячны літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны ілюстраваны часопіс, самы малады па годзе заснавання сярод літаратурных выданняў Беларусі. 16 красавіка 1953 г. быў падпісаны да друку першы яго выпуск. Неглядзячы на тое, што часопіс арыентаваны ў асноўным на дарослую моладзь, на яго старонках з’яўляліся і масцітыя беларускія аўтары з сур’ёзнымі мастацкімі публікацыямі У розныя гады тут друкаваліся: Якуб Колас, Іван Мележ, Аркадзь Куляшоў, Пятрусь Броўка, Янка Брыль, Іван Шамякін, Іван Чыгрынаў, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Янка Сіпакоў і інш.

Сярод суквецця творчых імёнаў і пісьменнікі Берасцейшчыны. На старонках часопіса адбівалася ўся гісторыя берасцейскай літаратуры, публікаваліся шматлікія празаічныя і паэтычныя творы пісьменнікаў-землякоў. Проза, паэзія, публіцыстыка, крытычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі і пераклады — нашыя землякі заўжды прадстаўлялі і прадстаўляюць сёння ўсе літаратурныя жанры.

Экспазіцыя «Берасцейцы на старонках часопіса «Маладосць»: да 70-годдзя з пачатку выдання» змяшчае публікацыі 60-х гг. Валянціна Таўлая, Івана Кірэйчыка, Міхася Рудкоўскага, Міколы Купрэева і інш; 70-х — Яўгеніі Янішчыц, Івана Арабейкі, Ніны Загорскай, Любові Тарасюк, Раісы Баравіковай, Клаўдзіі Каліны і інш.; 80-х — Алеся Разанава, Ніны Мацяш, Віктара Гардзея, Васіля Жуковіча, Міколы Пракаповіча, Алеся Каско, Зінаіды Дудзюк і інш.; 90-х — Міколы Бусько, Алеся Бадака, Міколы Антаноўскага, Анатоля Крэйдзіча і інш.

Экспазіцыя прадстаўляе першыя публікацыі 2000-х гг. у рубрыцы «Упершыню ў “Маладосці”» аўтараў: Віктара Вабішчэвіча, Алены Ігнацюк, Алеся Паплаўскага, Васіля Барысюка і інш.

У 2002–2012 гг. часопіс уваходзіў у склад рэдакцыйна-выдавецкай установы «Літаратура і мастацтва». Пазней, да 2021 г., у склад выдавецкага дома «Звязда». З 2021 г. увайшоў у склад выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Берасцейская літаратура новага стагоддзя прадстаўлена тэматычнымі нумарамі, прысвечанымі Брэсцкай вобласці, а таксама публікацыямі сучасных маладых творцаў-берасцейцаў: Маргарыты Кобец, Сяргея Белаяра, Таццяны Дземідовіч, Алены Папко, Маргарыты Латышкевіч, Кацярыны Мядзведзевай і інш.

На выставе таксама змешчаны кнігі з серыі «Бібліятэкі часопіса “Маладосць”». (выдаваліся з 1988 г. да пачатку 2000-х і з 2013 г. па12 кніг у год), дзе надрукаваны першыя кнігі шэрагу беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку берасцейцаў: Івана Сычыка, Анатоля Шушко, Валянціны Куксы, Анатоля Кудласевіча, Міколы Сянкевіча, Ніяны Загарэўскай, Ірыны Дарафейчук і інш.

Кніжная выстава «Берасцейцы на старонках часопіса «Маладосць»: да 70-годдзя з пачатку выдання» будзе экспанавацца на працягу гэтага месяца ў аддзеле краязнаўства.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 494 разоў Апошняя змена Серада, 19 Красавік 2023 15:27