Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 04 Май 2023 12:23

«Гістарычны летапіс: ад Брэст-Літоўскай крэпасці да мемарыялу. 190 гадоў з пачатку будаўніцтва Брэст-Літоўскай крэпасці (1833), 55 гадоў з пачатку будаўніцтва МК «Брэсцкая крэпасць-герой» (1968)»

             У аддзеле краязнаўства Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага экспануецца кніжная выстава «Гістарычны летапіс: ад Брэст-Літоўскай крэпасці да мемарыялу. 190 гадоў з пачатку будаўніцтва Брэст-Літоўскай крэпасці (1833), 55 гадоў з пачатку будаўніцтва МК «Брэсцкая крэпасць-герой» (1968)».На выставе прадстаўлены кнігі навуковага і мастацкага характару, часопісы, навуковыя артыкулы, карты, фотальбомы і паштоўкі.   

 Сваімі каранямі гісторыя Брэсцкай крэпасці адыходзіць да XVIII стагоддзя і непарыўна звязана са Старым горадам Брэст-Літоўск. Першы камень крэпасці быў закладзены 1 чэрвеня 1836 года па загадзе імператара Мікалая I, а 26 красавіка 1842 года над ёй, ва ўрачыстай абстаноўцы, ўзвіўся крапасны штандар. На той момант гэта было адно з найлепшых абарончых збудаванняў у краіне, якім імператар вельмі ганарыўся і не аднойчы наведваў. Яно змяшчалася ў месцы зліцця дзвюх рэк Заходняга Буга і Мухаўца, дзе знаходзіўся прыродны востраў, які і стаў месцам размяшчэння Цытадэлі — галоўнага ўмацавання крэпасці.

    

Яшчэ тры выспы стварылі штучна, выкарыстоўваючы воды ракі Мухавец і рукатворную сістэму равоў. На іх размясціліся дадатковыя ўмацаванні: Кобрынскае, Валынскае і Цярэспальскае. Пра гэты перыяд гісторыі Цытадэлі шмат пісалася, але, мабыць, сярод усёй літаратуры можна вылучыць такія кнігі як: Воробей, А. В. «Город и замок Брест Литовский» (Брест, 2018), Гладыщук, А. А. «Замок Берестейский. Книга 1. Русь» (Гродно, 2017), «Атлас крепости Брест-Литовск. Фортовый период (1876–1915)» (Брест, 2017), «Атлас крепости Брест-Литовск. Бастионный период (1823–1876)» (Брест, 2017), «Брэст і наваколле ад старажытнасці да сучаснасці [Карты]» (Мінск, 2020) і інш.

 

Гераічная і ўсім вядомая гісторыя бастыёна пачалася 22 чэрвеня 1941 года, калі Брэсцкая крэпасць прыняла на сябе першы ўдар гітлераўскіх войскаў. Паміраючы ад знясілення, пад пастаянным агнём, байцы да апошняй хвіліны жыцця працягвалі ваяваць з супернікам. Канчаткова ўзяць Брэсцкую крэпасць пад свой кантроль немцам удалося толькі ў канцы жніўня.   

 

Першым пісьменнікам, які ўзяўся асвятляць гераічную абарону Брэсцкай крэпасці, быў Сяргей Сяргеевіч Смірноў. На выставе «Гістарычны летапіс: ад Брэст-Літоўскай крэпасці да мемарыялу» можна ўбачыць шэраг кніг гэтага аўтара, у тым ліку — адно з першых выданняў «Брестская крепость» (Москва, 1964) Сяргея Смірнова з аўтографам пісьменніка. Цікавыя чытачу будуць і кнігі: «Брестская крепость на ветрах истории» (Брест, 2004) і «Брестская крепость. Война и мир» (Брест, 2010) пад рэдакцыяй А. М. Суворава, В. В. Бешанова «Брестская крепость» (Минск, 2004). Плённая праца С. С. Сміронава не была дарэмнай — аб Крэпасці загаварылі.

 

У 1965 годзе, падчас святкавання 20-годдзя Перамогі над фашызмам, крэпасці было прысвоена званне «Крэпасць-герой», а ў 1971 годзе яна становіцца мемарыяльным комплексам.   

       

Пастановай № 295 ад 23 ліпеня 1966 г. Савет Міністраў БССР зацвердзіў творчую групу і даручыў ёй выканаць праект помніка абаронцам крэпасці. Творчы калектыў для распрацоўкі праекта помніка ўзначаліў лаўрэат Ленінскай і Дзяржаўнай прэміі СССР, народны мастак СССР, скульптар А. П. Кібальнікаў. Галоўным архітэктарам праекту быў народны архітэктар СССР У. А. Караль. 25 верасня 1971 года адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой».

 

На сённяшні дзень Брэсцкая крэпасць з'яўляецца мемарыяльным комплексам, чыім абавязкам стала захаваць і данесці ўсю гісторыю Цытадэлі да юнага пакалення. З гісторыяй станаўлення крэпасці мемарыялам можна азнаёміцца у наступных кніжных крыніцах: «Реликвии музейных коллекций мемориального комплекса «Брестская крепость-герой» (Брест, 2018), «Брестская крепость. От музея до мемориала: история создания, экспозиция, уникальные объекты» (Брест, 2006), «Музей обороны Брестской крепости: Путеводитель» (Минск, 1978) і інш.

 

Пазнаёміцца з выставай «Гістарычны летапіс: ад Брэст-Літоўскай крэпасці да мемарыялу» можна ў аддзеле краязнаўства да канца мая.

 

Аддзел краязнаўства

+375 162 57 48 79

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 280 разоў Апошняя змена Чацвер, 04 Май 2023 16:15