У чытальнай зале бібліятэкі адбылася творчая сустрэча з пісьменнікам, у якой прынялі ўдзел прыхільнікі беларускай літаратуры, сябры і літаратурныя паплечнікі юбіляра.
Валерый Гапееў належыць да слаўнай кагорты рупліўцаў беларускага слова, якія пашыраюць колькасць чытаючых па-беларуску, садзейнічаюць таму, каб ў жыцці нашых людзей прысутнічала кніга. Валерый Мікалаевіч — адзін з нешматлікіх пісьменнікаў, які закранае ў сваіх творах праблемы сучасных падлеткаў. Яго кнігі – “Пастка на рыцара”, “Урокі першага кахання”, “Ведзьміна тоня” – выклікалі шмат палемічных водгукаў, сталі прадметам абмеркавання падлеткавай аўдыторыі.
Шмат цёплых слоў пачуў у гэты дзень Валерый Гапееў. Сябры-літаратары Алесь Зайка і Віктар Рэчыц (на здымку) адзначылі асноўныя рысы яго творчай манеры, пажадалі плёну і далейшага росквіту яго літаратурнага таленту.
Марына Рэхва,
метадыст Івацэвіцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы