Чацвер, 10 Красавік 2025 09:35

5 лістапада 2025 г. — 75 гадоў з дня адкрыцця дзяржаўнай установы адукацыі «Кобрынскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці» (1950)

У СССР была створана шырокая сетка пазашкольных устаноў, якія вялі работу з вучнямі ў пазаўрочны час. 5 лістапада 1950 г. у невялікім аднапавярховым будынку быў адкрыты Кобрынскі раённы Дом піянераў і школьнікаў. Першым дырэктарам установы стаў Міхаіл Барысавіч Берлін. У трох пакоях працавала чатыры гурткі дэкаратыўна-прыкладнай творчасці.

Паступова Дом піянераў пашыраў сферу сваёй дзейнасці: павялічвалася колькасць гурткоў, далучаліся новыя творчыя кірункі. З 1952 г. па 1958 г. Дом піянераў узначальвала Надзея Максімаўна Дзёміна. Установа становіцца цэнтрам, дзе папаўняюць свае веды старшыя піянерскія важатыя школ горада і раёна. У 1958 г. дырэктарам Дома піянераў стала Вольга Анатольеўна Здановіч, якая пазней узначаліла Рэспубліканскі Палац піянераў. Пашырылася сетка гурткоў. У 1962 г. Дом піянераў і школьнікаў пераведзены ў будынак былога клуба афіцэраў па вул. Леніна, 43.

За вялікую работу па выхаванні і навучанні школьнікаў, актыўны ўдзел ва Усесаюзным аглядзе пазашкольных устаноў Кобрынскі Дом піянераў быў узнагароджаны дыпломам I ступені Міністэрства асветы БССР, Ганаровымі граматамі Цэнтральнага Савета Усесаюзнай піянерскай арганізацыі імя У. І. Леніна, Цэнтральнага камітэта Ленінскага камсамола і інш.

Дванаццаць гадоў (1978–1990) калектыў Дома піянераў і школьнікаў узначальвала Валянціна Арсенцьеўна Астравух, выдатнік асветы БССР. У гэты перыяд студыя выяўленчага мастацтва атрымала ганаровае званне «народная», эстрадны ансамбль «Крыніца» — званне «ўзорны». Дом піянераў неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі рознага ўзроўню. Дзякуючы намаганням Валянціны Арсенцьеўны быў сабраны найбагацейшы матэрыял па гісторыі Кобрыншчыны і створаны гісторыка-краязнаўчы музей.

Добрыя справы піянераў і камсамольцаў не засталіся без увагі на самым вышэйшым узроўні. Дзякуючы вялікай колькасці сабранага імі металалому раён атрымаў аўтобусы «А. Гайдар» і «Аляксандр Сувораў», а шэсць трактароў «МТЗ-80» былі перададзены лепшым камсамольцам Кобрыншчыны.

За сваю гісторыю цяперашні раённы цэнтр дзіцячай творчасці неаднаразова мяняў не толькі прапіску, але і назву. У 1990 г. Дом піянераў і школьнікаў быў перайменаваны ў Дом творчасці юных, і яго ўзначаліла Галіна Дзмітрыеўна Кабакова. Адным з вядучых напрамкаў дзейнасці Дома творчасці становіцца мастацкая творчасць. Два танцавальныя калектывы «Пралесачкі» і «Калі ласка» ўдастоены звання «ўзорны».

Чарговы пераезд адбыўся ў 1994 г. па новым адрасе: вул. Панфілаўцаў, 6. З прыходам таленавітых педагогаў з’яўляюцца новыя кірункі працы. Пачынае сваю дзейнасць танцавальны гурток, студыя выяўленчага мастацтва, клуб старшакласнікаў «Равеснік», гурток юнкораў. Педагогі дадатковай адукацыі вядуць карпатлівую работу па выхаванню ў дзяцей працавітасці, імкнення да ведаў, творчасці.

У сувязі з аб'яднаннем Кобрынскага гарадскога і раённага выканаўчых камітэтаў (2002) адбываецца аб'яднанне гарадскога Дома творчасці юных і раённага Дома дзіцяча-юнацкай творчасці ў раённы цэнтр дзіцячай творчасці.

З 2005 г. установу ўзначальвае Вольга Мікалаеўна Шугай. У 2013 г. звання «ўзорны» ўдастоены ансамбль сучаснага танца «Мадэрн». Дзіцячая творчасць у цэнтры пашырае не толькі межы сфер дзейнасці, але і геаграфію выступленняў. Кобрынскіх дзяцей ведаюць у іншых рэгіёнах Беларусі, у блізкім і далёкім замежжы. У 2013 г. адкрываецца аддзел турысцка-краязнаўчай работы, дзе праводзіцца вялізная работа па вывучэнні свайго краю, актывізуецца турыстычная дзейнасць.

З верасня 2014 г. ДУА «Кобрынскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці» кіруе Наталія Васільеўна Белая. З верасня 2015 г. пачынае функцыянаваць аддзел тэхнічнай творчасці. З верасня 2019 г. аддзел турызму і краязнаўства пераведзены ў эколага-біялагічны цэнтр. 22 чэрвеня 2023 г. адкрыта музейная экспазіцыя «Кобрыншчына ваенна-гістарычная», якую наведалі многія вучні школ раёна. Сённяшні дзень установы — гэта 4 аддзелы: сацыяльна-педагагічнай работы, дэкаратыўна-прыкладной творчасці, мастацкай творчасці, тэхнічнай творчасці. Цэнтр дзіцячай творчасці на працягу многіх гадоў застаецца ачагом культурнага і адукацыйнага жыцця горада і раёна.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Кобрынскай раённай энтралізаванай бібліятэчнай сістэмай.

Курачук Святлана Дзмітрыеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Кабакова, Г. Д. Калектывы Дома творчасці юных Кобрынскага райвыканкама / Г. Д. Кабакова // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 511.
  2. Скоробогатько, И. В. Об опыте работы с молодежью клуба правовых знаний «Пинкертон» Кобринского районного центра детского творчества / И. В. Скоробогатько // Актуальные проблемы идеологического обеспечения деятельности органов власти : инфорационный бюллетень № 2–3. Брест, 2006. С. 98–102.
  3. Дзяржаўнай установе адукацыі «Кобрынскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці» (1950) – 75 гадоў // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 192.
  4. Елизарова, Ж. Мир через искусство: [в 2024 г. Кобринский районный центр детского творчества принял миротворческую эстафету и стал третьим учреждением на Кобринщине, получившим почетный статус «Школа мира»] / Жанна Елизарова // Кобрынскі веснік. 2024. 21 верасня (№ 38). С. 4.
  5. Кудрявцев, А. Творческая гавань для юных дарований : [Кобринский районный центр детского творчества на протяжении многих лет остается очагом культурной и образовательной жизни города] / Антон Кудрявцев // Кобрынскі веснік. 2024. 3 жніўня (№ 31). С. 13.
  6. Вовк, Ю. Ключи от побед : [образцовому танцевальному коллективу «Пралесачкі» ГУО «Кобринский районный центр детского творчества» – 50 лет] / Юлия Вовк // Заря. 2024. 1 июня. С. 12.
  7. Бакун, Е. Давайте творить добро : [в ГУО «Кобринский районный центр детского творчества» состоялась торжественная церемония награждения участников конкурса детского творчества «Украсим храм вместе» и благотворительного проекта «Давайте творить добро»] / Елена Бакун // Кобрынскі веснік. 2024. 1 чэрвеня (№ 22). С. 12.
  8. Бакун, Е. Холст жизни Анатолия Зуброва : [o педагоге дополнительного образования образцовой изостудии Кобринского РЦДТ Анатолии Григорьевиче Зуброве] / Елена Бакун // Кобрынскі веснік. 2024. 11 мая (№ 19). С. 14.
  9. Соловей, А. Кобринскому районному центру детского творчества присвоили статус «Школа мира» / Александра Соловей // Кобрынскі веснік. 2024. 4 мая (№ 18). С. 15.
  10. Бакун, Е. Золотая весна «Пралесачак» : [образцовый танцевальный коллектив «Пралесачкі» Кобринского РЦДТ отмечает свое 50-летие] / Елена Бакун // Кобрынскі веснік. 2024. 4 мая (№ 18). С. 16.
  11. Елизарова, Ж. На работу с радостью, а с работы с гордостью : [по итогам работы за 2023 г. директор ГУО «Кобринский районный центр детского творчества» Наталия Белая занесена на Доску почета Кобринского района] / Жанна Елизарова // Кобрынскі веснік. 2024. 1 чэрвеня (№ 22). С. 7.
  12. Бакун, Е. Давайте творить добро : [благотворительный проект ГУО «Кобринский районный центр детского творчества» признан лучшим в республиканском конкурсе социально-значимых проектов] / Елена Бакун // Кобрынскі веснік. 2023. 29 ліпеня. С. 13.
  13. Елизарова, Ж. Здесь оживает история : [в ГУО «Кобринский районный центр детского творчества» состоялось открытие музейной экспозиции «Кобринщина военно-историческая»] / Жанна Елизарова // Кобрынскі веснік. 2023. 1 ліпеня (№ 48). С. 20.
  14. Чирун, С. Успехи кобринских «Пралесачак» / [Светлана Чирун ; беседовала] Маргарита Савчук // Кобрин-информ. 2021. 29 апреля (№ 17). С. 2.
  15. Елизарова, Ж. Архитекторы детских душ : [Кобринский районный центр детского творчества отмечает 70-летний юбилей] / Жанна Елизарова // Кобрынскі веснік. 2020. 11 лістапада. С. 6.
  16. Чэмер, М. Цэнтр, вокны якога свецяцца дапазна : [Кобрынскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці часта называюць востравам творчасці і шчасця] / Мікола Чэмер // Настаўніцкая газета. 2017. 2 лістапада. С. 12.
  17. Савчук, М. «Мы город детства в городе!» : [в Кобринском Дворце культуры прошел праздник, посвященный 65-летию Кобринского РЦДТ] / Маргарита Савчук // Кобрин-информ. 2015. 26 ноября. С. 4.
  18. Ніжнік, Н. Дом, дзе жыве творчасць : [экскурс у гісторыю Кобрынскага цэнтра дзіцячай творчасці, які ў бягучым годзе адзначыў свой 65-гадовы юбілей] / Н. Ніжнік // Кобрынскі веснік. 2015. 18 лістапада. С. 4.
  19. Казакова, А. Образцовые «Пралесачкі» : [o танцевальном коллективе «Пралесачкі» Кобринского районного центра детского творчества] / Анна Казакова // Кобрин-информ. 2015. 11 июня. С. 4.
  20. Игнатюк, В. Нам этот мир завещано беречь : [под таким названием прошёл краеведческий слёт учащихся районного центра детского творчества, который был посвящён 70-летию Великой Победы] / Валентина Игнатюк // Кобрынскі веснік. 2015. 23 мая. С. 3.
  21. Кондрашук, Н. Творчество во всём : [накануне нового учебного года районный центр детского творчества возглавила Наталия Белая] / Наталья Кондрашук // Кобрин-информ. 2014. 11 сентября. С. 6.
  22. Кондрашук, Н. Музыкальный источник : [образцовой вокальной студия «Крыніца» Кобринского РЦДТ – 35 лет] / Наталья Кондрашук // Кобрин-информ. 2014. 12 июня. С. 4.
  23. Казакова, А. Концерт длиною в 40 лет : [свой 40-летний юбилей отметит детский танцевальный коллектив Дома творчества юных «Пралесачка»] / Анна Казакова // Кобрин-информ. 2014. 29 мая. С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 276 разоў Апошняя змена Чацвер, 10 Красавік 2025 10:11