Чацвер, 05 Чэрвень 2025 11:20

2022 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Іванавіча Кожына (1922–1986), мастака, журналіста, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны

Аляксандр Іванавіч Кожын нарадзіўся ў 1922 г. у Арлоўскай вобласці. Вучыўся ў мастацкім вучылішчы, якое закончыў у 1941 г. Напачатку Вялікай Айчыннай вайны быў прызваны ў Чырвоную армію. Прайшоў усю вайну ў пяхоце, быў цяжка паранены, лячыўся ў шпіталях. Узнагароджаны медалямі.

З канца 1940-х Аляксандр Кожын жыў у г. Брэсце. Працаваў мастаком у абласной газеце «Заря». Пры тагачаснай газетнай паліграфіі гэта пасада была неабходнай, добрага мастака цанілі ледзь не на вагу золата. Мастак ствараў застаўкі, графічныя малюнкі, а галоўнае — займаўся рэтушыраваннем фотаздымкаў. Асаблівага клопату мастака патрабавалі фотапартрэты. Таксама пісаў для газеты заметкі, фатаграфаваў у арганізацыях і на прадпрыемствах, рабіў лірычныя фотаэцюды.

Член Саюза журналістаў СССР (1958). Брат Аляксандра Іванавіча Аляксей Кожын у 1970-я гг. працаваў карэспандэнтам у газеце «Правда», бывала, прыязджаў у камандзіроўку ў Брэсцкую вобласць, змяшчаў свае карэспандэнцыі аб Брэстчыне.

Аляксандр Іванавіч быў выдатным графікам. Шмат працаваў у тэхніцы акварэлі і алейнага жывапісу, выканаў мноства партрэтаў. Уваходзіў у брэсцкую групу мастакоў, аснову ў якой складалі франтавікі — Пётр Данелія, Эдуард Куфко, Іван Фяцісаў, Віктар Чарнышоў і інш. Яго работы захоўваюцца ў фондах Дзяржаўнага мастацкага музея Беларусі, Музея абароны Брэсцкай крэпасці, Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея і інш.

З 1961 г. удзельнічаў у мастацкіх выставах, у тым ліку ў 7 рэспубліканскіх. У 1972 і 1978 гг. правёў свае персанальныя выставы. На другой дэманстраваліся 35 работ у розных тэхніках: алей, акварэль, графіка, лінагравюра. Асноўныя творы: «В тылу врага», «Слёзы войны», «На вечном посту», «Гроза прошла», «Таран», «Весна победная», «На земле отцов», «Старт разрешён», «Тишина». У 1983 г. у брэсцкай выставачнай зале Саюза мастакоў была праведзена трэцяя персанальная выстава Аляксандра Кожына, прымеркаваная да 60-годдзя мастака. Былі прадстаўлены лепшыя работы за трыццаць гадоў творчай працы і новыя. Сярод значных работ: «Глоток воды», «Последняя граната», «Первый», «Пайки», партрэты выбітных людзей краю.

Адным з першых пачаў ствараць у фарбах і графіцы выявы подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці. У 1961 г. прадставіў на выставу, прысвечаную 20-годдзю гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці, карціну «Ценою жизни», на якой баец з вінтоўкай у свеце пажарышча зачэрпвае каскай ваду з начнога Буга. Адна з драматычных старонак абароны Брэсцкай крэпасці — вострая нястача вады. Вада была неабходна раненым, жанчынам і дзецям, усім удзельнікам абароны. Але подступы да ракі абстрэльваліся, ноччу берагі асвятлялі пражэктары. Шмат байцоў загінулі, спрабуючы дабыць каштоўныя кроплі.

Твор Аляксандра Кожына натхніў скульптара, народнага мастака СССР Аляксандра Паўлавіча Кібальнікава на стварэнне для мемарыяльнага комплексу вобраза салдата манументальнай скульптуры «Жажда» (1971). Толькі вінтоўка заменена на аўтамат, які салдат трымае ў правай руцэ, з апошніх сіл цягнецца каскай да вады.

Пасля выхаду на пенсію Аляксандр Іванавіч часта прыходзіў у рэдакцыю, удзельнічаў у розных творчых пачынаннях брэсцкіх журналістаў. У жніво 1986 г. у рамках праекта «Награда — портрет в газете» выканаў шэраг партрэтаў перадавікоў сельскай гаспадаркі. Ужо на пенсіі Аляксандр Іванавіч пачаў пісаць невялікія апавяданні — гісторыі з свайго франтавога шляху. Яны былі надрукаваны ў газеце «Заря». Быў заўзятым футбольным балельшчыкам, любіў іграць у шахматы і настольны тэніс, менавіта па яго настаянню ў рэдакцыю набылі тэнісны стол.

А. І. Кожын памёр 18 лістапада 1986 г. — сказаліся цяжкія раны, атрыманыя на вайне.

У маі 2024 г. у Мастацкім музеі г. Брэста была арганізавана выстава «Мастакі аб Вялікай Айчыннай вайне», дзе паказана работа Аляксандра Кожына «Ценою жизни».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бібліяграфіі

 

  1. Туров, В. Г. Колонковые мазки высокой пробы : [о художнике газеты «Заря» А. И. Кожине] / Владимир Туров // След : художественно-документальные очерки / Владимир Туров. – Брест, 2010. С. 206–217.
  2. Гребенников, О. Связь времен : [о выставке произведений брестских художников-фронтовиков, посвященных Великой Отечественной войне, в Художественном музее г. Бреста] / Олег Гребенников // Заря. 2024. 29 мая. С. 24.
  3. Александров, Н. «Жажда» дяди Саши : [о брестском художнике Александре Кожине, причастном к созданию образа солдата монумента «Жажда» в МК «Брестская крепость-герой»] / Николай Александров // Родина. 2021. № 6. 2-я с. обл., с. 1.
  4. Верстова, А. Теркин на пенсии, или История одного фотоснимка : [о ветеране Великой Отечественной войны Василии Афанасьевиче Зотове, жил в Бресте; его снимки с Г. Пряхиным, Д. Костенко, Г. Кротовым, К. Лозаненко, А. Кожиным, И. Фетисовым, И. Рудчиком] / Алла Верстова // Брестская газета. 2014. 18 апреля (№ 16). С. 18.
  5. Туров, В. Колонковые мазки высокой пробы : [очерк о художнике газеты «Заря» А. И. Кожине] / Владимир Туров // Заря. 2008. 31 июля. С. 7.
  6. Памяти товарища : [памяти А. И. Кожина] / группа товарищей // Заря. 1986. 19 ноября. С. 3.
  7. Шпарло, В. «Поле, я твой колосок…» : [о комбайнере Яне Шелюке из Каменецкого района] / В. Шпарло ; рис. А. Кожина // Заря. 1986. 13 августа. С. 1.
  8. Вышинский, А. Потому и первые : [о механизаторе Геннадии Мироновиче из Лунинецкого района] / А. Вышинский ; рис. А. Кожина // Заря. 1986. 9 августа. С. 1.
  9. Ситуха, В. Не ради славы : [о водителе Николае Федоровиче Велесевиче из Березовского района] / В. Ситуха ; рис. А. Кожина // Заря. 1986. 6 августа. С. 3.
  10. Давидюк, Н. Принципы Салапутры : [о бригадире Николае Петровиче Салапутре из Пружанского района] / Н. Давидюк ; рис. А. Кожина // Заря. 1986. 26 июля. С. 1.
  11. Адамович, А. Почерк лидера : [о механизаторе Дмитрии Дмитриевиче Кульжике из Малоритского района] / А. Адамович ; рис. А. Кожина // Заря. 1986. 24 июля. С. 1.
  12. Адамович, А. Большая родня : [о механизаторе Николае Сергеевиче Стельмашуке из Жабинковского района] / А. Адамович ; рис. А. Кожина // Заря. 1986. 22 июля. С. 2.
  13. Кожин, А. Хлебушек : рассказ / Александр Кожин // Заря. 1986. 24 января.
  14. Александров, Н. Линия судьбы : [о творчестве художника А. И. Кожина и его персональной выставке] / Н. Александров // Заря. 1983. 6 июля.
  15. Кожин, А. Дубки среди лугов / Алексей Кожин // Правда. 1979. 26 сентября.
  16. Калеснік, У. Подзвіг перайшоў на палотны : [аб мастацкай выстаўцы ў г. Брэсце, прысвечанай гераічнай абароне Брэсцкай крэпасці] / У. Калеснік // Літаратура і мастацтва. 1961. 14 ліпеня.
  17. Никифоров, П. Подвиг героев – в искусстве : [о художественной выставке, посвященной 20-летию обороны Брестской крепости, в которой участвовал А. Кожин] / П. Никифоров // Заря. 1961. 2 июля.
  18. Он был здесь 15 лет назад : [в музее обороны Брестской крепости побывал сын защитника Николая Нестерчука Климентий Нестерчук] / фото А. Кожина // Заря. 1956. 18 декабря. С. 4.
  19. На рыбалке / фотоэтюд А. Кожина // Заря. 1955. 8 мая. С. 4.
  20. Золоторев, Л. Новогодние визиты : (дружеский шарж) / Л. Золотарев : рис. А. Кожина // Заря. 1955. 1 января. С. 4.
  21. [Молодые рабочие…] : [о новом общежитии для строителей на ул. Гоголя г. Бреста] / фото А. Кожина // Заря. 1955. 1 января. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 53 разоў Апошняя змена Чацвер, 05 Чэрвень 2025 11:37