У 16 гадоў Віктар Скрыпчанка быў прыняты ў Рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву ў Мінску (трэнер — Ю. А. Пышнік). У 1992 г. трапіў у дублюючы склад мінскага «Дынама». З 1993 па 1997 гг. выступаў за «Дынама-93» Мінск, у складзе якога выйграў Кубак Беларусі і двойчы станавіўся бронзавым прызёрам чэмпіянату. У пачатку 1998 г. падпісаў кантракт з ФК «БАТЭ» Барысаў, з якім у 1999 і 2002 гг. станавіўся чэмпіёнам Беларусі. У чэмпіёнскім сезоне 1999 г. быў капітанам каманды.
У пачатку 2000 г., пасля турніру Кубка Садружнасці, які праводзіцца ў Маскве, падпісаў двухгадовы кантракт з маскоўскім ЦСКА. У сезоне 2000 г. выйшаў у стартавым складзе ЦСКА на вырашальны фінальны матч за Кубак Расіі, у якім ЦСКА саступіў маскоўскаму «Лакаматыву» ў дадатковы час з лікам 2:3, гуляючы з 12-й хвіліны ў меншасці, пасля выдалення Максіма Бокава. Пасля прыходу на пасаду галоўнага трэнера ЦСКА Паўла Садырына замест Алега Далматава футбаліст пакінуў армейскі клуб і другую палову сезона 2000 г. правёў у ФК «БАТЭ», перайшоўшы ў беларускі клуб на правах арэнды.
У пачатку 2001 г. падпісаў кантракт з ФК «Уралан» Эліста, з якім па выніках сезона выйшаў у вышэйшы дывізіён чэмпіянату Расіі. Пасля сезона 2001 г. вярнуўся ў чэмпіянат Беларусі і выступаў за ФК «БАТЭ» да канца 2005 г., за выключэннем сезона 2003 г., які правёў у складзе ФК «Шахцёр» Салігорск на правах арэнды. У сезоне 2006 г. выступаў за віцебскі «Лакаматыў». Апошнім клубам у кар'еры, у сезоне 2007 г., стаў ФК «Савіт» Магілёў, які па выніках сезона дамогся права ўдзелу ў вышэйшым дывізіёне чэмпіянату Беларусі.
Вадзім Скрыпчанка шэсць разоў уключаўся ў спіс 22 лепшых футбалістаў чэмпіянату Беларусі (1995, 1997–2000, 2002). Ён правёў дзесяць гульняў у складзе нацыянальнай зборнай Беларусі, забіў у іх 2 галы (у жніўні 1997 г. у таварыскім матчы са зборнай Ізраіля, у сакавіку 2000 г. — у таварыскім матчы са зборнай Балгарыі). Мае трэнерскую ліцэнзію УЕФА катэгорыі Pro.
Гульнявую кар'еру Вадзім Скрыпчанка завяршыў восенню 2007 г. і перайшоў на трэнерскую працу ў ФК «БАТЭ» Барысаў, стаўшы асістэнтам галоўнага трэнера. У 2010–2011 гг. уваходзіў у трэнерскі штаб нацыянальнай зборнай Беларусі. 27 снежня 2011 г. прызначаны галоўным трэнерам ФК «Мінск». У розыгрышы Кубка Беларусі сезона 2012/13 ФК «Мінск» пад кіраўніцтвам трэнера стаў уладальнікам Кубка Беларусі.
Затым Вадзім Скрыпчанка працаваў трэнерам у краснадарскай «Кубані», галоўным трэнерам у екацярынбургскім «Урале», самарскіх «Крылах Саветаў», ФК «Анжы» Махачкала, ФК «Арарат-Арменія» Ерэван, ФК «Тарпеда-БелАЗ» Жодзіна, ФК «Мінск». 21 лістапада 2022 г. прызначаны галоўным трэнерам мінскага «Дынама». У сезоне 2023 г. прывёў гэтую каманду да першага за 19 гадоў чэмпіёнскага тытула. У снежні 2023 г. падоўжыў кантракт з мінскім клубам на яшчэ адзін сезон.
У еўракубкавым сезоне 2024/25 у другім кваліфікацыйным раўндзе Лігі чэмпіёнаў «Дынама» саступіла балгарскаму «Лудагорцу» і працягнула гуляць у Лізе Еўропы. Дарэчы, у гэтай лізе мінскае «Дынама» да гэтага не гуляла. Саступіўшы «Андэрлехту», клуб атрымаў права на ўдзел у групавым этапе Лігі канферэнцый. Атрымаўшы адну перамогу над «Ларнам» з Паўночнай Ірландыі і саступіўшы ў астатніх матчах,«Дынама» выбыла з еўракубкаў. 25 лістапада 2024 г. клуб абыграў «БАТЭ» 1:0 і за тур да заканчэння чэмпіянату стаў чэмпіёнам Беларусі.
На ўрачыстай цырымоніі закрыцця айчыннага футбольнага сезона 2024 г. «Зорны мяч» В. В. Скрыпчанка быў названы лепшым трэнерам краіны па выніках года. Яму ўручылі статуэтку «Лепшаму трэнеру чэмпіянату Беларусі – 2024». Вадзім Скрыпчанка прывёў каманду да заваёвы другога запар чэмпіёнскага тытула і да выхаду ў групавы этап Лігі канферэнцый2024/25.
Вадзім Віктаравіч знаходзіцца ў росквіце трэнерскай кар'еры. Яго праца ў мінскім «Дынама» стала сапраўдным трыумфам, вярнуўшы клубу лідарства ў беларускім футболе і забяспечыўшы ўдзел у еўракубках. Пад яго кіраўніцтвам каманда дэманструе стабільную гульню, тактычную гнуткасць і непераможны баявы дух.
Асаблівасцю трэнерскага стылю В. В. Скрыпчанкі з'яўляецца ўвага да дэталяў і індывідуальны падыход да кожнага футбаліста. Ён умее знаходзіць патэнцыял у гульнях і ствараць моцны калектыў, здольны вырашаць самыя складаныя задачы. Яго аўтарытэт у камандзе не выклікае сумненняў, і футбалісты гатовыя выконваць усе яго ўстаноўкі на полі.
У планах Вадзіма Скрыпчанкі на будучыню — працягваць развіваць беларускі футбол і дасягаць новых вяршынь з мінскім «Дынама». Ён марыць пра паспяховае выступленне ў еўракубках і жадае, каб беларускія клубы дастойна прадстаўлялі краіну на міжнароднай арэне, верыць у талент беларускіх футбалістаў і робіць усё магчымае для іх прагрэсу.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
Маларыцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай.
Кучына Галіна Уладзіміраўна, загадчык аддзела маркетынгу,
сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы
- Народный фотоальбом. Малорита : книга с фотографиями о Малорите и ее жителях : 1566–2019 / [автор текста, составитель В. А. Савастиёнок]. Минск, 2019. С. 24
- Физическая культура и спорт// Города и районы Брестчины : история и современность. / А. А. Горбацкий, О. Н. Иванчина, Р. Ю. Чуль [и др.]. Брест : ОАО «Брестская типография», 2020. С. 572–577.
- Навумчык, М. І. Наши лидеры в спорте : [Вадим Скрипченко и Борис Пуховский – знаменитые спортсмены, которые родились и выросли на малоритской земле] / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2025. 15 студзеня. С. 5.
- Баброў, В. З Барысава – на Урал : [супрацоўнік газеты «Уральскі рабочы» спецыяльна для газеты «Голас часу» ўзяў інтэрв'ю ў нашага земляка Вадзіма Скрыпчанкі, які ўзначальвае футбольны клуб «Урал»у Екацерынбургу] / Виктор Баброў // Голас часу. Маларыта, 2016. 13 красавіка. С. 8.
- Касцевіч, І. Ад футбаліста да трэнера : [наш зямляк, маларытчанін Вадзім Скрыпчанка нядаўна назначаны галоўным трэнерам расійскага футбольнага клуба «Урал» г. Екацерынбурга] / Ірына Касцевіч // Голас часу. Маларыта, 2015. 26 верасня. С. 2.
- Скрипченко, В. Вадим Скрипченко: За рулём «Урала» : [интервью с уроженцем Малориты Вадимом Скрипченко; возглавляет клуб российской футбольной премьер-лиги «Урал» из Екатеринбурга] / Вадим Скрипченко ; расспрашивал Сергей Мощик // Вечерний Брест. 2015. 14 октября. С. 9.
- Мошчык, С. Як стаць футбалістам? З вялікай літары : [пра футбаліста Вадзіма Скрыпчанка] // Голас часу. Маларыта, 2005. 12 студзеня. С. 2.