У 1978 г. Аляксандр закончыў СШ № 1 г. Брэста (цяпер гімназія № 1), у атэстаце былі пяцёркі і толькі адна чацвёрка. Класным кіраўніком была Яўгенія Навумаўна Фадзеева, якая аб’яднала вельмі розных дзяцей у адзіны і дружны калектыў. Аднакласнікі шмат часу па-за школай бавілі разам: ездзілі на турбазу «Белае возера», спявалі пад гітару, хадзілі па тэрыторыі крэпасці, на танцавальную пляцоўку ў парк.
Ваенным Аляксандр Дарковіч стаў амаль выпадкова, паехаў з сябрамі паступаць у Ленінград, каб паглядзець краіну. Закончыў Ленінградскае вышэйшае агульнавайскавое каманднае вучылішча імя С. М. Кірава (1982). Служыў у часцях марской пяхоты Балтыйскага флоту, камандаваў узводам, ротай. З 1989 г. — камандзір батальёна 336-й асобнай гвардзейскай брыгады марской пяхоты.
Брыгада мае беларускія корні. У 1963 г. 336-ы мотастралковы полк 120-й Рагачоўскай мотастралковай дывізіі Беларускай ваеннай акругі перакінулі з Мінска ў Балтыйск і рэарганізавалі ў 336-ы полк марской пяхоты, якія пазней стаў брыгадай.
У 1983 г. батальёну А. В. Дарковіча давялося забяспечваць бяспеку сямей савецкіх ваеннаслужачых у Польшчы, дзе была напружаная абстаноўка. У 1985 г. давялося пабываць у Анголе, дзе ішла грамадзянская вайна. Прысутнасць савецкай марской пяхоты аказала стрымліваючую ролю, да эвакуацыі савецкіх грамадзян справа не дайшла. У снежні 1994 г. паступіў загад камандавання флоту даўкамплектаваць батальён да штату ваеннага часу — з 400 чалавек да 1000.
На пасадзе камандзіра зводнага дэсантна-штурмавога батальёна марской пяхоты Балтыйскага флоту А. В. Дарковіч у студзені-сакавіку 1995 г. удзельнічаў у баях у Грозным. Чачэнскія фарміраванні стварылі моцную абарону вакол прэзідэнцкага палаца Дудаева. Ніжнія і верхнія паверхі будынкаў прыстасавалі да вядзення агня стралковай зброі і супрацьтанкавых сродкаў. Уздоўж праспектаў і вуліц стварылі пазіцыі для вядзення агня артылерыі і танкаў прамой наводкай. У ноч на 15 студзеня батальён марской пяхоты ўступіў у бой. У жорсткіх баях батальён авалодаў кварталам горада, якія прымыкае да прэзідэнцкага палаца, а 19 студзеня самім палацам і садзейнічаў знішчэнню галоўнай групоўкі баевікоў.
У далейшым фарсіраваў раку Сунжа і разграміў падраздзяленні праціўніка ў раёне плошчы Мінутка, забяспечыў увод у бой галоўных сіл групоўкі. Батальён падпалкоўніка А. В. Дарковіча панёс мінімальныя страты сярод часцей федэральных войск (загінулі 26 чалавек), у той жа час нанёс значную шкоду дудаеўскім фарміраванням.
Са складу батальёна 412 чалавек узнагароджаны медалямі і ордэнамі, пяць чалавек атрымалі званне Герой Расійскай Федэрацыі. За мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні спецыяльнага задання, Указам Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ад 25 сакавіка 1995 г. гвардыі падпалкоўніку А. В. Дарковічу прысвоена званне Героя Расійскай Федэрацыі.
Закончыў Ваенную акадэмію імя М. В. Фрунзе (1998). У 1999–2002 гг. — камандзір 336-й асобнай гвардзейскай брыгады марской пяхоты Двойчы Чырвонасцяжнага Балтыйскага флоту ў г. Балтыйску. У 2002 г. па стане здароўя звольнены ў запас у званні гвардыі палкоўніка.
У 2002–2004 гг. А. В. Дарковіч працаваў у Калінінградскай вобласці дырэктарам завода па вытворчасці канцэнтратаў і прэміксаў. У 2004–2006 г. — на пасадзе выконваючага дырэктара вытворчага комплексу глыбокай перапрацоўкі алейных культур. У 2006–2022 гг. — работа на кіруючых пасадах кампаній у сферы IТ-тэхналогій. З 2022 г. — генеральны дырэктар Агульнарасійскай грамадска-дзяржаўнай арганізацыі «Ассамблея народов России». Выканаўчы дырэктар Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Белорусы России». Узнагароджаны ордэнам Дружбы (2022).
23 ліпеня 2015 г. у музеі гімназіі № 1 г. Брэста ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка А. В. Дарковічу. На цырымонію прыйшлі сам Аляксандр Васільевіч, Генеральны консул Расійскай Федэрацыі ў г. Брэсце Ігар Канякін, ветэраны вайны і Узброеных Сіл, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, саслужыўцы і аднакласнікі. Ад кіраўніцтва аўтаноміі «Белорусы России» гімназіі былі падораны кнігі патрыятычнай тэматыкі.
Аляксандр Васільевіч наведвае сваю малую радзіму Давыд-Гарадок, захапляецца зімовым святам «Конікі». Па ініцыятыве яго і ганаровага грамадзяніна г. Давыд-Гарадка Мікалая Бразоўскага ў снежні 2016 г. была падпісана Дамова аб пабрацімстве між пасяленнем Марушкінскае г. Масквы і Давыд-Гарадком. Адметным стала адкрыццё ў 2018 г. у Давыд-Гарадку балетнага класа — філіяла Акадэміі балета Гедымінаса Таранды (Масква). Народнае аматарскае аб’яднанне «Луч» Давыд-Гарадоцкага ГДК у рамках Дзён беларускай культуры выступіла ў Звёздным гарадку Маскоўскай вобласці (2020).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.
Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бiблiяграфii
- Зинович, С. А. Даркович Александр Васильевич / С. А. Зинович // Брест. Брэст. Brest. 1000 / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 60–61.
- Даркович Александр Васильевич // Печень, Н. А. Беларусь – России и миру : 300 лет / Николай Печень. Минск, 2024. С. 378.
- Гродненский, Н. Первая чеченская. История вооруженного конфликта / Н. Гродненский. – Минск : ФАУинформ, 2007. – 715 с. – (Военная историческая библиотека).
- Бунич, И. Л. Хроника чеченской бойни и шесть дней в Буденновске / Бунич. – Санкт-Петербург : Облик, 1995. – 318 с., [16] л. ил.
- Мельник, А. «У наших народов общее прошлое и мы обязаны его сохранить» : [год назад подписан Договор о побратимстве между Давид-Городком и поселением Марушкинское г. Москвы] / Анна Мельник // Навіны Палесся. Столін, 2017. 15 снежня. С. 8.
- Однажды в Бресте : Александр Даркович // Вечерний Брест. 2017. 28 июля. С. 4.
- Дарковіч, А. В. «Такіх краявідаў, як на Століншчыне, я не сустракаў больш нідзе» : герой Расіі, ураджэнец Давыд-Гарадка, часта бывае ў родных мясцінах / Аляксандр Васільевіч Дарковіч ; [гутарыла] Святлана Яскевіч // Звязда. 2015. 29 жніўня. С. 6.
- Митюков, А. Для ребят он был батяня-комбат : в Бресте открыли мемориальную доску Герою России белорусу Александру Дарковичу / Александр Митюков // Советская Белоруссия. 2015. 30 июля. С. 5. (приложение: Союз. Беларусь – Россия ; № 28).
- Кучерова, Л. Свинцовое небо над Грозным : [о Герое России А. В. Дарковиче, участнике боевых действий в Чечне] / Лариса Кучерова // Армия. 2010. № 1. С. 56–59.
- Мірановіч, В. Герой Расіі – ўраджэнец Давыд-Гарадка : [пра А. В. Дарковіча] / В. Мірановіч // Навiны Палесся. Столiн, 2009. 23 кастрычніка. С. 6.