Панядзелак, 27 Лістапад 2023 16:10

90 лет В. Ляшук

У аддзеле краязнаўства Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага пачала работу выстава «Вучоны, педагог, настаўнік», прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння літаратуразнаўцы, даследчыцы беларускай літаратуры і літаратурнага краязнаўства, члена-карэспандэнта Беларускай акадэміі адукацыі, заслужанага работніка вышэйшай школы БССР Веры Якаўлеўны Ляшук.

 

Вера Якаўлеўна Ляшук нарадзiлася 1 лістапада 1933 г. у вёсцы Марозавічы Брэсцкага раёна. У 1954 г. паступіла, у 1959 г. закончыла Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут (факультэт беларускай мовы і літаратуры). У 1975 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю  па тэме «Краязнаўства як сродак павышэння эфектыўнасці  навучання і выхавання» ў Мінскім педінстытуце  імя А. М. Горкага. Навуковая кар’ера: выкладчык — 1963, старшы выкладчык — 1965, дацэнт — 1978, дэкан філфака — 1980–1985, прафесар — 1988, загадчык кафедры беларускага літаратуразнаўства — 1994. Гады атрымання навукова-педагагічных званняў: дацэнт — 1978, прафесар — 1990, член-карэспадэнт Беларускай акадэміі адукацыі — 1995. У 1991–2004 гг. узначальвала кафедру методыкі выкладання літаратуры і краязнаўства.

Аўтар вучэбных дапаможнікаў і манаграфій, у т. л. «Краязнаўчы матэрыял на ўроках літаратуры» (Мінск, 1980), «Іван Мележ у школе» (Мінск, 1981), «Вывучэнне эпічных твораў: 5–8 класы» (Мінск, 1987), «Літаратурнае краязнаўства ў школе» (Мінск, 1991), «Вывучэнне беларускай літаратуры ў школе» (Мінск, 1994), «Вывучэнне ў школе трылогіі Якуба Коласа “На ростанях”» (Мінск, 2001), «Вывучэнне творчасці Адама Міцкевіча ў школе» (Мінск, 2003), «Вывучэнне творчасцi Янкі Брыля ў школе» (Мінск, 2004), «Вывучэнне творчасцi Якуба Коласа ў школе» (Мінск, 2006), «Гуманістычны пафас заходнебеларускай літаратуры» (Брэст, 2007), «Вывучэнне творчасці Максіма Багдановіча ў школе» (Мінск, 2008). Важнай для ўсіх краязнаўцаў Брэстчыны стала кніга «Літаратурная Берасцейшчына» (Мінск, 2008), якую Вера Якаўлеўна Ляшук напiсала разам з Галінай Мікалаеўнай Снітко. Літаратуразнаўцы прысвяцілі сваю працу Уладзіміру Андрэевічу Калесніку, энтузіясту літаратурнага краязнаўства.

В. Ляшук выступае таксама як аўтар-складальнік, складальнік, рэдактар кніг. Разам з Аляксеем Антонавічам Майсейчыкам склала зборнік «Паўлюк Багрым» (Мінск, 1994). Пад рэдакцыяй Веры Якаўлеўны выйшлi падручнікі і дапаможнікі «Родная літаратура» (Мінск, 1996), «Беларуская літаратура» (Мінск, 1997), «Методыка выкладання беларускай літаратуры» (Мінск, 1999) i iнш. Ва ўсіх працах Вера Якаўлеўна з’яўляецца глыбокім аналітыкам, даследчыкам гістарычных літаратурных з’яў, чалавекам энцыклапедычных ведаў, метадыстам з арыгінальнай і практычна выверанай канцэпцыяй.

В. Я. Ляшук — Заслужаны работнік вышэйшай школы БССР (1987), член-карэспандэнт Беларускай акадэміі адукацыі (1995), узнагароджана Граматай Вярхоўнага Савета БССР, медалямі «Ветэран працы» і імя Францыска Скарыны (2004), знакамі «Отличник просвещения СССР», «Выдатнік народнай асветы БССР», Граматамі Міністэрства адукацыі БССР і Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры БССР.

Кніжная выстава, прысвечаная юбілярцы, складаецца з двух раздзелаў. Першы раздзел прысвечаны навуковай творчасці літаратуразнаўцы. Прадстаўлены вучэбныя дапаможнікі і манаграфіі. Гэтыя крыніцы даюць магчымасць азнаёміцца з працамі літаратуразнаўцы; пагартаць старонкі сёння ўжо рарытэтных выданняў; прасачыць, з чаго пачыналася навуковая творчасць Веры Якаўлеўны Ляшук. 

У раздзеле «Аб жыцці і дзейнасці» прадстаўлены кнігі, энцыклапедычныя даведнікі, артыкулы з часопісу «Роднае слова».

Таксама на экспазіцыі прадстаўлены выданні з аўтографамі знакамітых пісьменнікаў: Ніны Мацяш, Уладзіміра Калесніка, Міколы Сенькаўца, Расціслава Бензярука, Зінаіды Дудзюк і выкладчыка Брэсцкага тэхнічнага універсітэта Ніны Борсук.

Экспазіцыя будзе дзейнічаць да сярэдзіны лістапада.

 

Аддзел краязнаўства

Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 79

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 707 разоў