Панядзелак, 27 Лістапад 2023 15:59

Выстава «„Запомніце мяне, якая я ёсць“: да 75-годдзя з дня нараджэння Я. Янішчыц»

У аддзеле краязнаўства распачала працу выстава «„Запомніце мяне, якая я ёсць“: да 75-годдзя з дня нараджэння Я. Янішчыц». Яўгенія Янішчыц — знакавая фігура ў беларускай паэзіі другой паловы ХХ ст. «Ластаўкай палескай», «палескай летуценніцай» называюць паэтэсу Яўгенію Янішчыц. Свет паэзіі Я. Янішчыц маляўнічы і шматгалосны, адметны трапяткой непасрэднасцю самавыяўлення. Цікавасць да яяе асобы, лёсу і твораў і праз час не страчваецца, а наадварот — расце. 

 

Афіцыйны адлік творчага шляху Янішчыц трэба весці з 1963 г., калі з’явіліся першыя публікацыі твораў і першыя крытычныя водгукі на яе вершы ў раённай газеце «Палеская праўда» на яе роднай Піншчыне. Праз год вершы былі апублікаваны ў рэспубліканскіх часопісах «Маладосць», «Беларусь», «Бярозка». Да 1963 г. было напісана столькі вершаў, што юная паэтэса падрыхтавала першы рукапісны зборнік «Першыя россыпы» (1963 г.), які быў запісаны ў сшытку. Адкрываў зборнік верш «Маці», а ўсяго ў яго ўваходзіла 58 вершаў.

У 1966 г. Я. Янішчыц скочыла сярэднюю школу і паступіла на філалагічны факультэт БДУ. Творы паэтэсы пачалі друкавацца ў штогадовым зборніку «Дзень паэзіі», у калектыўным зборніку БДУ, у часопісах «Молодая гвардия» і «Дружба народов», у «Литературной газете» і газеце «Правда». У 1970 г. пабачыў свет першы надрукава зборнік Я. Янішчыц «Снежныя грамніцы», а ў 1971 г. паэтка была прынята у Саюз пісьменнікаў БССР. Усяго за сваё кароткае жыццё Яўгенія Іосіфаўна выпусціла 7 зборнікаў паэзіі. Паэтычныя творы Я. Янішчыц адзначаны прэміяй Ленінскага камсамола і Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы.

На выставе «„Запомніце мяне, якая я ёсць“: да 75-годдзя з дня нараджэння Я. Янішчыц» прадстаўлены прыжыццёвыя эборнікі аўтаркі, а таксама асобныя кнігі і калектыўныя зборнікі паэзіі, выдадзеныя пасля яе сыходу з жыцця. Сярод іх: «Снежныя грамніцы» (Мінск ,1970), «Дзень вечаровы» (Мінск, 1974), «Ясельда» (Мінск, 1978); «На беразе пляча» (Мінск, 1980), «Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментырыі» (Мінск, 2016), «Непрыручаная птушка» (Мінск, 2023); «Пад ветразем надзеі» (Мінск, 1989); «Піншчына літаратурная» (Пінск, 1999), «Беларуская песня» (Мінск, 2023) і інш.

Асобны раздзел выставы знаёміць з літаратурна-крытычнымі выданнямі аб жыцці і творчай дзейнасці нашай знакамітай ўраджэнкі, у т. л. са зборнікамі навуковых канферэнцый: Калядка С. У. «Непрыручаная птушка Палесся. Творчая індывідуальнасць Яўгеніі Янішчыц» (Мінск, 2007), А. І. Бельскі «Класікі і сучаснікі ў школе» (Мінск, 2005), «Духоўнае самавызначэнне асобы ў сучасным свеце» (Брэст, 2015), «З пяшчотным даверам да чытача» (Брэст, 2015) і інш. Экспазіцыя таксама знаёмяць са шматлікімі творамі-прысвячэннямі і ліставаннямі знакамітых беларускіх пісьменнікаў з Яўгеніяй Іосіфаўнай.

Запрашаем усіх жадаючых і прыхільнікаў творчасці паэткі азнаёміцца з багатай дакументнай калекцыяй з фонда аддзела краязнаўства.

 

Аддзел краязнаўства 

+375 162 957 48 79

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 636 разоў Апошняя змена Панядзелак, 27 Лістапад 2023 16:56