У 1860 годзе Аляксандр Ваейкаў паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, пачаў вывучэнне метэаралогіі, але ў наступным годзе ўніверсітэт быў закрыты. Паехаў за мяжу, дзе слухаў курсы па метэаралогіі ў берлінскім, гейдзельбергскім і геттынбергскім універсітэтах. У Германіі Аляксандр Іванавіч у 1865 годзе стаў доктарам філасофіі.
З 1866 года А. І. Ваейкаў быў членам Імператарскага рускага геаграфічнага таварыства. Па даручэнні таварыства ў 1869–1870 гадах ездзіў для азнаямлення з метэаралагічнымі станцыямі ў Вене, Мілане, Парыжы, Бруселі і Лондане.
Шмат падарожнічаў па Расійскай імперыі, Заходняй Еўропе, Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы. У 1868 і 1970 гадах даследаваў Каўказ. У 1872 годзе аб’ездзіў Галіцыю, Букавіну, Румынію, Венгрыю і Трансільванію. У лютым 1873 года прыехаў у Нью-Йорк і да кастрычніка здзейсніў вялікую паездку па ЗША і Канадзе. У наступным годзе вандраваў па Юкатане, Мексіцы, Чылі, наведаў Рыа-дэ-Жанэйра. У наступныя гады пабываў у Індыі, Кітаi, на Цэйлоне, Яве, а таксама ў Японіі. Вынікі назіранняў за час гэтых вандровак былі апублікаваны ў выглядзе шматлікіх артыкулаў і заметак у розных часопісах.
А. І. Ваейкаў у 1882 годзе паступіў прыват-дацэнтам у Пецярбургскі ўніверсітэт па кафедры фізічнай геаграфіі, у 1887 годзе назначаны ардынарным прафесарам па той жа кафедры. Быў абраны ганаровым членам многіх рускіх і замежных навуковых таварыстваў. З 1883 года быў старшынёй метэаралагічнай камісіі Рускага геаграфічнага таварыства. Праз гэту камісію арганізаваў па краіне шырокую сетку добраахвотных карэспандэнтаў, якія вялі сістэматычныя метэаралігічныя назіранні над навальніцамі, дажджамі і іншымі элементамі клімату. Вынікі апрацоўкі атрыманых матэрыялаў публікаваліся ў выданнях таварыства.
У 1891 годзе А. І. Ваейкаў праехаў па Беларускім Палессі. У выніку былі напісаны працы «Климат Полесья» (1891) і «Пинское Полесье и итоги его осушения» (1893). Буйныя гідрамеліярацыйныя работы на тэрыторыі Беларусі былі выкананы ў 1873–1898 гадах Заходняй экспедыцыяй па асушванні балот на чале з І. І. Жылінскім. Гэты праект па асушванні зямель не меў аналагаў у свеце, быў высока ацэнены ў Расіі і за мяжой (залаты медаль на сусветнай выстаўцы ў Парыжы ў 1878 г.). Быў складзены першы праект асушвання балот Палескай нізменасці з дапамогай рэгулявання існуючых і стварэння новых шляхоў стоку. За час дзейнасці экспедыцыі прарыты больш за 4 000 км каналаў асушыцельнага і лесатранспартнага значэння, палепшаны больш за 600 тыс. га лугавых і лясных угоддзяў.
У 1880 годзе А. І. Ваейкаву прысвоена навуковая ступень доктара фізічнай геаграфіі. У 1910 годзе — член-карэспандэнт Пецярбургскай Акадэміі навук. У 1912 годзе — заслужаны прафесар Пецярбургскага ўніверсітэта.
Навуковая спадчына А. І. Ваейкава — больш за 1 700 публікацый. Аўтар значнай навуковай працы «Климаты земного шара, в особенностиРоссии» (1884), дзе ўпершыню ў сусветнай метэаралогіі паставіў задачу высветліць сутнасць метэаралігачных з’яў і кліматычных працэсаў. За гэту працу ўзнагароджаны вялікім залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства. Заснавальнік і рэдактар «Метеоролигического вестника» (1891).
Аляксандр Іванавіч на працягу многіх гадоў узначальваў Пецярбургскае вегетарыянскае таварыства і прадстаўляў Расію на міжнародных з’ездах вегетарыянцаў.
А. І. Ваейкаў памёр 9 лютага 1916 года ў Петраградзе. Яго імем у 1949 годзе названа Галоўная геафізічная абсерваторыя ў Санкт-Пецярбургу. У пасёлку Ваейкава Усеволжскага раёна Ленінградскай вобласці, які названы ў яго гонар, устаноўлены бюст (скульптар Міхаіл Анікушын).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii
-
Ваейкаў Аляксандр Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 440.
-
Ваейкаў Аляксандр Іванавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 107.
-
Ваейкаў Аляксандр Іванавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1970. Т. 2. С. 545.
-
Дзердзеевский, Б. Л. Александр Иванович Воейков / Б. Л. Дзердзеевский // Люди русской науки : очерки о выдающихся деятелях естествознания и техники / под ред. И. В. Кузнецова. Москва : Гос. издательство физико-математической литературы, 1962. [Т. 2] : Геология, география. С. 488–496.
-
Заходняя экспедыцыя па асушэнню балот Палесся, 1873–1898 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 426.
-
Западная экспедиция по осушению болот / В. С. Аношко // Мелиорация : энцикл. справочник. Минск, 1984. С. 189–190.
-
Воейков, А. И. Пинское Полесье и результаты его осушения / Александр Иванович Воейков // Известия Русского географического общества. 1893. Т. 29, вып. 2.
-
Воейков, А. И. Избранные сочинения : [в 4 т.] / Александр Иванович Воейков. – Москва ; Ленинград : Издательство Академии наук СССР, 1948–1957. 4 т.
-
А.И. Воейков и современные проблемы климатологии : сборник статей / под ред. М. И. Будыко. – Ленинград : Гидрометеоиздат. 1956. – 283 с.
-
Бранг, П. Россия неизвестная: история культуры вегетарианских образов жизни от начала до наших дней / Петер Бранг ; пер. с нем. А. Бернольд и П. Бранг. – Москва : Языки славянской культуры, 2006. – 568 с.
-
Анучин, Д. Н. О людях русской науки и культуры / Д. Н. Анучин. – Москва : Географгиз, 1950. – 535 с.
-
Берг, Л. С. Всесоюзное географическое общество за сто лет / Л. С. Берг. – Москва ; Ленинград : Издательство Академии наук СССР, 1946. – 263 с.
-
Берг, Л. С. Очерки по истории русских географических открытий / Л. С. Берг. – Москва ; Ленинград : Издательство Академии наук СССР, 1949. – 467 с.
-
Селянинов, Г. Т. История создания «Климатов земного шара» А. И. Воейкова и их значение в развитии климатологии / Г. Т. Селянинов // Известия Всесоюзного Географического общества. 1948. Т. 80, вып. 1.