Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 22 Жнівень 2017 16:24

24 лістапада 2017 г. – 145 гадоў з дня нараджэння Георгія Васілевіча Чычэрына (1872–1936), дзяржаўнага дзеяча, дыпламата, які ў складзе савецкай дэлегацыі падпісаў Брэсцкі мір (1918)

Георгій Васілевіч Чычэрын нарадзіўся 24 лістапада 1872 года ў Тамбоўскай губерні ў дваранскай сям’і. Вучыўся ў Тамбоўскай і Пецярбургскай гімназіях. З дзяцінства быў эрудытам, паліглотам, цудоўна іграў на раялі, валодаў фенаменальнай памяццю. У 1896 годзе скончыў гісторыка-фалалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, працаваў у архіве Міністэрства замежных спраў, даследаваў гісторыю дыпламатыі.

 

З 1904 года Георгій Чычэрын удзельнічаў у рэвалюцыйным руху. У 1904–1917 гадах знаходзіўся ў эміграцыі (Германія, Францыя, Англія). З 1905 года – член РСДРП. Удзельнік V з’езда РСДРП (1907). У Лондане быў сакратаром Цэнтральнага бюро замежных груп рускіх палітэмігрантаў. У студзені 1918 года вярнуўся ў РСФСР, адразу ўключыўся ў будаўніцтва савецкай дзяржавы, прымкнуў да бальшавікоў. Намеснік наркома Л. Троцкага, з 30 мая 1918 года – народны камісар замежных спраў СССР (да 1922 – РСФСР), член Усерасійскага ЦВК і ЦВК СССР.

18 лютага 1918 года аўстра-германскія войскі ў складзе 52 дывізій і 13 брыгад перайшлі ў наступленне на фронце ад Рыжскага заліва да вусця Дуная. Немцы падышлі да Петраграда, уступілі ў Крым, 21 лютага занялі Мінск. 19 лютага У. І. Ленін ад імя Савета народных камісараў РСФСР накіраваў германскаму ўраду радыёграму са згодай на падпісанне міру. Аднак нямецкае наступленне працягвалася. Германія выставіла больш жорсткія ўмовы міру.

Г. В. Чычэрын уваходзіў у склад савецкай дэлегацыі, якую ўзначальваў Рыгор Якаўлевіч Сакольнікаў (1888–1939). Дэлегацыя прыбыла ў г. Брэст-Літоўск Гродзенскай губерні (цяпер г. Брэст) для заключэння міру. 1 сакавіка дэлегацыя атрымала канчатковы тэкст мірнага дагавору. Брэсцкi (Брэст-Лiтоўскi) мiрны дагавор быў падпiсаны 3 сакавiка 1918 года прадстаўнiкамi Савецкай Расii з аднаго боку i прадстаўнiкамi краiн Чацвярнога саюза (Германii, Аўстра-Венгрыi, Балгарыi i Турцыi) — з другога. Ратыфiкаваны ІV Надзвычайным Усерасiйскiм з’ездам Саветаў 15 сакавiка 1918 года i германскiм iмператарам Вiльгельмам II 26 сакавiка 1918 года.

Брэсцкім мірам завяршыўся перыяд удзелу Расіі ў Першай сусветнай вайне. Краіна знаходзілася ў стане палітычнага і эканамічнага крызісу. Брэсцкі мір — гэта падзел беларускіх зямель паміж Германіяй, Савецкай Расіяй, Украінай, Літвой і Латвіяй. Беларусь не атрымлівала кампенсацый на аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, паколькі Германія і Расія ўзаемна адмовіліся ад пагашэння ваенных страт. Брэсцкі мір узмацніў незалежніцкія настроі ў беларускім нацыянальна-вызваленчым руху.

Да пачатку лістапада 1918 года Чырвонай арміяй быў вызвалены шэраг валасцей Аршанскага, Лепельскага, Магілёўскага, Полацкага і Сенненскага паветаў. 10 лістапада Чырвоная армія вызваліла Мінск. Калі ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі была скінута кайзераўская манархія, Германія 11 лістапада 1918 года падпісаннем Камп’енскага перамір’я адмовілася ад Брэсцкага міру. Канчаткова Брэсцкі мір скасаваны паводле Версальскіх мірных пагадненняў 1919 года з пераможанай Германіяй.

Г. В. Чычэрын унёс значны дыпламатычны ўклад у вывядзенне Савецкай Расіі з міжнароднай ізаляцыі. У 1920 годзе заключыў мірны дагавор з Эстоніяй. Узначальваў савецкую дэлегацыю на міжнародных канферэнцыях у Генуі (1922) і Лазане (1922–1923). Падпісаў Рапальскі дагавор 1922 года з Германіяй, дагаворы аб ненападзе і нейтралітэце з Турцыяй (1925), Афганістанам (1926) і інш. Па яго ініцыятыве з 1921 года ў Расіі пачынаюцца гастролі замежных дырыжораў і артыстаў.

Георгій Васілевіч — аўтар прац па гісторыі рэвалюцыйнага руху, міжнародных адносін. Усё жыццё ён захапляўся музыкай. Прапагандаваў творчасць Моцарта, Вагнера, Бетховена, Штрауса і іншых заходніх кампазітараў-класікаў. Вольфганг Амадэй Моцарт быў яго захапленнем з юнацтва на ўсё жыццё. З 1928 года ён натхнённа працаваў над кнігай пра свайго любімага кампазітара. З палкай перакананасцю аўтар зацвярджае глыбокае разуменне асобы і творчасці вялікага аўстрыйскага кампазітара, раскрывае значэнне яго музыкі для сучаснасці. Аднак кніга пры жыцці не была выдадзена, пабачыла свет толькі ў 1970 годзе.

З 1928 года шмат хварэў (дыябет, полінеўрыт), лячыўся ў Германіі. Фактычна яшчэ з 1927 года нарком быў адсунуты ад актыўнай дзейнасці. У гэты час у СССР мянялася ўнутраная палітыка, пачыналіся рэпрэсіі супраць былых дваран. З 21 ліпеня 1930 года Г. В. Чычэрын знаходзіўся на пенсіі. Памёр 7 ліпеня 1936 года, пахаваны на Навадзявочых могілках г. Масквы.

У 1979 годзе ў Брэсце яго імем названа вуліца. Вобраз дыпламата адлюстраваны ў мастацкай літаратуры аб падзеях першых гадоў Савецкай Расіі. Народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін у сваім гістарычным рамане «Петраград – Брэст» (1983), у якім распавядаецца пра Беларусь у час падпісання Брэсцкага міру, таксама вывеў вобраз Г. В. Чычэрына. Вобраз Г. В. Чычэрына ёсць у кінафільмах «Москва – Генуя» (1964), «Гимнастёрка и фрак» (1968), «Красные дипкурьеры» (1977). У 1986 годзе рэжысёрам Аляксандрам Зархi знята двухсерыйная біяграфічная кінастужка «Чичерин» (кiнастудыя «Масфiльм»; у галоўнай ролі Леанід Філатаў). У Тамбове 12 снежня 1987 года адкрыты дом-музей Г. В. Чычэрына, праводзяцца Чычэрынскія чытанні.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Чичерин Георгий Васильевич // Большая энциклопедия : в 62 т. Москва, 2006. Т. 58. С. 377.

  2. Чычэрын Георгій Васілевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 17. С. 324.

  3. Чичерин Георгий Васильевич // Имена в истории : крат. биогр. Справочник / авт.-сост.: П. И. Бригадин [и др.]. Минск, 1993.
    С. 183–184.

  4. Чичерин Георгий Васильевич // Деятели СССР и революционного движения России : энцикл. словарь Гранат / под общ. ред. В. В. Журавлева [и др.]. Москва, 1989. С. 752–759.

  5. Чичерин Георгий Васильевич //Их именами названы… : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 669–670.

  6. Чичерин Георгий Васильевич // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 384.

  7. Чычэрын Георгій Васілевіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 11. С. 257.

  8. Брестский мир, 1918 // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 2. С. 520–521.

  9. Брэсцкi мiр, 1918 // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск, 1996. Т. 3. С. 296–297.

  10. Брэсцкi мiр, 1918 / П. А. Селіванаў, А. В. Ціхаміраў // Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi : у 6 т. Мiнск, 1994. Т. 2. С. 102–105.

  11. На крутых паваротах гісторыі : [Брэсцкі мір] // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 221–225.

  12. Брестский мир, 1918 // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 131–133.

  13. Чичерин, Г. В. Моцарт : исследовательский этюд / Георгий Васильевич Чичерин ; [общ. ред., вступ. ст., коммент. Е. Ф. Бронфин]. – Ленинград : Музыка, 1987. – 207 с., [16] л. ил.

  14. Чичерин, Г. В. Ленин и внешняя политика / Георгий Васильевич Чичерин. – Москва : Политиздат, 1977. – 15 с.

  15. Чичерин, Г. В. Статьи и речи по вопросам международной политики / Георгий Васильевич Чичерин ; [сост. и авт. вступ. ст. Л. И. Трофимова]. – Москва : Издательство социально-экономической литературы, 1961. – 516 с. : ил. – (Библиотека внешней политики).

  16. О'Коннор, Т. Э. Георгий Чичерин и советская внешняя политика 1918–1930 гг. : [пер. с англ.] / Т. Э. О'Коннор ; общ. ред. Ю. С. Борисова ; послесл. И. М. Труша. – Москва : Прогресс, 1991. – 320 с.

  17. Зархи, А.Г. Чичерин /А. Г. Зархи, В. Т. Логинов.  Москва : Искусство, 1989.  103 с. – (Б-ка кинодраматургии).

  18. Ховратович, И. М. Георгий Васильевич Чичерин / И. М. Ховратович. – Москва : Мысль, 1980. – 108 с. – (Партийные публицисты).

  19. Зарницкий, С. В. Чичерин / С. В. Зарницкий, А. Н. Сергеев. – 2-е изд., испр. и доп. – Москва : Молодая гвардия, 1975. – 287 с., [12] л. ил. – (Жизнь замечательных людей).

  20. Ховратович, И. М. Ленинские принципы внешней политики в публицистике Г. В. Чичерина. (1918–1928 гг.) : автореферат диссертации… кандидата исторических наук / Ирина Михайловна Ховратович ; Моск. гос. ин-т междунар. отношений, Кафедра журналистики. – Москва, 1975. – 23 с.

  21. Горохов, И. Г. В. Чичерин — дипломат ленинской школы / И. Горохов, Л. Замятин, И. Земсков ; под общ. ред. и вступ. ст. А. А. Громыко.  изд. 2-е, доп. – Москва : Политиздат, 1974. – 222 с., [6] л. портр., ил.

  22. Шамякiн, I. П. Петраград – Брэст : гiст. Раман / Іван Пятровіч Шамякін. – Мінск : Мастацкая лiтаратура, 1983. – 412 с.

  23. Брестский мир : 95 лет со дня подписания / УК «Областная библиотека им. М. Горького» ; [сост.: Е. И. Жук, М. Н. Путилина ; редкол.: В. А. Горбачевская, Т. С. Ковенько, А. М. Мяснянкина ; под общ. ред. А. Н. Вабищевича]. – Брест : Брестская типография, 2013. – 52 с.

  24. Уилер-Беннет, Д. Брестский мир. Победы и поражения советской дипломатии / Джон Уилер-Беннет. – Москва : Центрполиграф, 2009. – 416 с.

  25. Бутаков, Я. Брестский мир. Ловушка Ленина для кайзеровской Германии / Я. А. Бутаков. – Москва : Вече, 2012. – 448 с. – (Военный архив).

  26. Фельштинский, Ю.Г. Крушение мировой революции. Брестский мир: октябрь 1917 – ноябрь 1918 / Ю. Г. Фельштинский. – Москва : ТЕРРА, 1992. – 656 с.

  27. Из рукописи Г. В. Чичерина. Крымская война и Парижский мир // Новая и новейшая история.2007. № 5. С. 140177.

  28. Из рукописи Г. В. Чичерина. Послы времен канцлерства А. М. Горчакова // Новая и новейшая история. 2007. № 2. С. 145155.

  29. Шилин, П. Баталии в Белом дворце : [новые поступления в Брестский областной краеведческий музей, которые рассказывают о подписании Брестского мира 1918 г.] / П. Шилин // Заря. 1992. 5 марта.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1416 разоў Апошняя змена Чацвер, 22 Красавік 2021 11:27