Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 17 Кастрычнік 2017 10:35

15 кастрычніка 2017 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Мікалая Мікалаевіча Пігулеўскага (1897–1967), спевака, музычнага дзеяча, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР (1957)

Мікалай Мікалаевіч Пігулеўскі нарадзіўся 15 кастрычніка 1897 года ў вёсцы Вялікае Падлессе Ляхавіцкай воласці Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці). У 1919 годзе быў членам Ляхавіцкага валаснога рэўкома.

 

У 1920–1924 гадах — артыст Беларускага дзяржаўнага тэатра. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1925), Беларускі музычны тэхнікум (1928), Беларускую студыю оперы і балета (1933). У 1933–1935 гадах — саліст Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР. Артыст лірыка-драматычнага плана, выконваў галоўныя партыі ў операх рускіх і замежных класікаў: Анегін, Ялецкі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П. Чайкоўскага), Гразны («Царская нявеста» М. Рымскага-Корсакава), Валянцін («Фауст» Ш. Гуно) і інш.

Мікалай Пігулеўскі некаторы час настаўнічаў у роднай вёсцы Вялікае Падлессе. Ён першы стаў арганізоўваць харавыя гурткі пры школе, куды ўваходзіла і вясковая моладзь. З гэтага часу фактычна пачынаецца росквіт самадзейнага хору беларускай народнай песні Вялікага Падлесся. Мікалай Пігулеўскі ўмацаваў думку ў самадзейных артыстаў, што вясковыя песні неабходна заспяваць у горадзе дзеля таго, каб іх перадалі па радыё, каб яны iшлі ў людзі. З гэтай думкай і звярнуліся вясковыя спевакі ў абласны Баранавіцкі радыёкамітэт. Там яны спаткаліся з маладым этнографам Генадзем Іванавічам Цітовічам, які працаваў тады ў музычным аддзеле радыёкамітэта Баранавіцкай вобласці. Падлескі хор знайшоў моцную падтрымку з боку знакамітага этнографа. Г. I. Цітовіч пачынае працаваць з самадзейным хорам. А ўдзел у Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве даў сапраўдны штуршок для станаўлення знакамітага калектыву.

У час Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Пігулеўскі з сям’ёй апынуўся ў г. Арджанікідзэ на Каўказе, дзе ўдзельнічаў у музычнай групе. У 1942–1944 гадах — саліст Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР. Выступаў на Паўночна-Заходнім фронце ў складзе франтавых канцэртных брыгад (з Л. Александроўскай, І. Жыновічам і інш.).

Жонка, Аляксандра Уладзіміраўна, закончыла філалагічны факультэт БДУ, перад вайной была ўключана ў склад камісіі па змяненні беларускай граматыкі, рэцэнзіравала творы Якуба Коласа. Іх сын, Уладзімір Мікалаевіч Пігулеўскі, у Арджанікідзэ стаў шафёрам, удзельнічаў у перагонцы аўтамабіляў, што пастаўлялі амераканцы праз Іран; быў паранены пры авіяналёце, лячыўся ў Ташкенце, дзе пасябраваў з Якубам Коласам; затым ваяваў на Украiнскiм фронце, прайшоў з баямі ад Роўна да Вены, узнагароджаны ордэнамі і медалямі. З 1950 года жыў у Пінску, працаваў у будаўнічых арганізацыях.

Спявак актыўна гастраляваў па Беларусі ў складзе Першага беларускага вакальнага квартэта, што існаваў у 1927–1965 гадах. Калектыў вызначаўся роўнасцю гучання, зліццём галасоў, тонкай нюансіроўкай. Зрабіў шмат фондавых запісаў на радыё, выступаў у адкрытых канцэртах.

Артыст М. М. Пігулеўскі актыўна прапагандаваў беларускую вакальную музыку. Выконваў і папулярызаваў камерныя творы беларускіх кампазітараў (М. Анцава, М. Аладава, М. Чуркіна і інш.). Працаваў адказным рэдактарам музычнага вяшчання на Беларускім радыё ў 1948–1953 гадах. Мікалай Мікалаевіч займаўся грамадскай справай — у 1953–1959 гадах быў адказным сакратаром праўлення Саюза кампазітараў БССР. У 1957 годзе ўдастоены звання «Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР».

М. М. Пігулеўскі памёр 16 сакавіка 1967 года.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Прытульчык Рыма Уладзіміраўна, бібліятэкар-бібліёграф

 

 

  1. Пігулеўскі МікалайМікалаевіч / Г. П. Пашкоў // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 12. С. 349.

  2. Пигулевский НиколайНиколаевич / С. В. Русецкий // Большая энциклопедия Большого театра Беларуси. Минск, 2014. С. 461–462.

  3. Пігулеўскі МікалайМікалаевіч / С. У. Русецкі // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2015. Т. 6. С. 170.

  4. Пигулевский Николай Николаевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 203.

  5. Пигулевский Николай Николаевич // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 6. С. 5657.

  6. Пігулеўскі Мікалай Мікалаевіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Минск, 2003. Т. 2. С. 255.

  7. Пігулеўскі Мікалай Мікалаевіч / Д. М. Жураўлёў // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 4. С. 278.

  8. Мікалай МікалаевічПігулеўскі // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск, 1989. С. 424.

  9. Беларускі вакальны квартэт // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларус  : у 5 т. Мінск. 1984. Т. 1. С. 377.

  10. Падлескі народны хор / Н. Л. Мяцеж // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск. 1986. Т. 4. С. 136.

  11. Куницкий, П. «Якуб Колас всегда говорил со мной прибаутками» : [о Владимире Николаевиче Пигулевском, сыне Н. Н. Пигулевского] / Павел Куницкий // Вечерний Брест. 2012. 26–28 декабря. С. 6.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1702 разоў Апошняя змена Пятніца, 30 Кастрычнік 2020 11:32