Пасля атрымання дыплома Мікалай Труш працаваў інжынерам-праграмістам Вылічальнага цэнтра БДУ. У 1973 годзе паступіў у аспірантуру БДУ, у 1974 годзе пераведзены ў аспірантуру механіка-матэматычнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава па спецыяльнасці «тэорыя верагоднасцей і матэматычная статыстыка». Пасля заканчэння аспірантуры працаваў асістэнтам, старшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры тэорыі верагоднасцей і матэматычнай статыстыкі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі (ФПМІ) БДУ.
У 1981 годзе М. М. Труш абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Статыстычны спектральны аналіз стацыянарных выпадковых працэсаў» у спецыялізаваным Савеце па матэматыцы № 1 МДУ імя М. В. Ламаносава. У 1981–1987 гадах з’яўляўся намеснікам дэкана факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. Затым да 2008 года працаваў дэканам факультэта павышэння кваліфікацыі па прыкладной матэматыцы і ЭВМ і адначасова з 1987 года па 1991 год — дэканам спецфакультэта па прыкладной матэматыцы.
З 1989 года па 2000 год быў загадчыкам кафедры інфармацыйнага і праграмна-матэматычнага забеспячэння аўтаматызаваных вытворчасцей ФПМІ. У 1999 годзе абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Статистический спектральный анализ временных рядов». З 2000 года — загадчык кафедры тэорыі верагоднасцей і матэматычнай статыстыкі ФПМІ. У 2000 годзе рашэннем Вучонага Савета ўніверсітэта і ВАК Рэспублікі Беларусь абраны прафесарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У сувязі з далучэннем факультэта павышэння кваліфікацыі па прыкладной матэматыцы і ЭВМ да Інстытута бесперапыннай адукацыі БДУ ў 2008–2009 гадах быў дэканам факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў па прыкладной матэматыцы і ЭВМ на грамадскіх пачатках. З лютага 2009 года па красавік 2010 года быў дырэктарам Інстытута бесперапыннай адукацыі БДУ.
З 1993 года па 2000 год з’яўляўся вучоным сакратаром Савета па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, з 2000 года — намеснік старшыні Савета па абароне доктарскіх дысертацый. Пад кіраўніцтвам М. М. Труша абаронена 15 кандыдацкіх дысертацый аспірантамі з Беларусі, Сірыі, Егіпта, В’етнама. Узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» (1998).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Елісеева Валянціна Уладзіміраўна, бібліёграф ІІ кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі
-
Труш Мікалай Мікалаевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 15. С. 541.
-
Труш Николай Николаевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 413.
-
Труш Николай Николаевич // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 7. С. 276.
-
Труш Николай Николаевич // Прафесары і дактары навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, 1921–2001 / склад. Яноўскі А. А. Мінск : БДУ, 2001. С. 280–281.
-
Труш, Н. Н. Статистический спектральный анализ временных рядов : автореферат диссертации… доктора физико-математических наук / Труш Николай Николаевич ; Белорусский государственный университет. – Минск, 1999. – 40 с.