Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 27 Чэрвень 2019 13:29

12 ліпеня 2019 г. — 125 гадоў з дня нараджэння Антона Антонавіча Уса (1894–1980), беларускага мастацтвазнаўца

Антон Антонавіч Ус нарадзіўся 12 ліпеня 1894 г. у вёсцы Мішуковічы Ашмянскага павета Віленскай губерні (цяпер Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці) у сялянскай сям’і. У час Першай сусветнай вайны служыў у Рускай арміі, затым — у Чырвонай арміі. У 1919 г. уступіў у партыю бальшавікоў.

У Омску Антон Ус скончыў рабфак. У 1925–1929 гг. вучыўся ў 2-м Маскоўскім універсітэце на філалагічным аддзяленні педагагічнага факультэта, у 1929–1932 гг. — у аспірантуры Інстытута Чырвонай прафесуры ў Маскве. У 1930–1932 гг. загадваў кафедрай мастацтвазнаўства Маскоўскага ўніверсітэта. У 1932–1934 гг. — загадчык сектара літаратуры і мастацтва ЦК КП(б)Б.

У 1930-я Антон Ус пацярпеў ад неабгрунтаваных палітычных рэпрэсій. Спрабуючы іх пазбегнуць, пераехаў з Мінска ў Ленінград, уладкаваўся загадваць аддзелам рускага мастацтва ХІХ ст. у Дзяржаўным Рускім музеі. Але і там яго знайшлі: у 1935 г. быў арыштаваны па абвінавачванні ў «дыскрэдытацыі мерапрыемстваў Савецкай улады па адмене харчовых картак». Год прабыў у Ленінградскай турме, чатыры гады — у лагерах у п. Ухта Пячорскага раёна (Рэспубліка Комі).

Вызвалены з лагера ў 1940 г., пакінуты працаваць у г. Молатаве (Перм). У канцы 1943 г. па хадатайніцтве Якуба Коласа яго адпусцілі ў Беларусь, якую пачалі вызваляць ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Спачатку працаваў у Гомелі выкладчыкам рускай літаратуры на партыйных курсах. У 1944–1948 гг. — загадчык сектара выяўленчага мастацтва Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР, у 1945 г. удастоены звання прафесара. З 1945 г. член Саюза мастакоў СССР. У 1948–1956 гг. — на выкладчыцкай рабоце.

З 1952 г. А. А. Ус працаваў у Брэсцкім педагагічным інстытуце імя А. С. Пушкіна, на кафедры рускай літаратуры. Спрабаваў пісаць апавяданні, пасылаў іх Якубу Коласу, з якім па-сяброўску перапісваўся. Восем лістоў Якуба Коласа да А. А. Уса, напісаныя ў 1941–1956 гг., апублікаваны ў яго зборы твораў. Антон Антонавіч у 1956 г. быў рэабілітаваны, адноўлены ў партыі. Персанальны пенсіянер рэспубліканскага значэння, застаўся жыць у Брэсце. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі.

А. А. Ус друкаваўся з 1930 г. Аўтар артыкулаў, нарысаў і рэцэнзій па розных пытаннях і праблемах выяўленчага мастацтвазнаўства і літаратуры, па гісторыі беларускага мастацтва. Аўтар нарысаў аб творчасці Н. Сілівановіча, В. Пярова, І. Рэпіна, В. Сурыкава, І. Левітана, І. Шышкіна і інш. у перыядычным беларускаім і ўсесаюзным друку. Прапагандаваў сучаснае беларускае мастацтва.

А. А. Ус памёр 11 студзеня 1980 г., пахаваны на Гарнізонных могілках г. Брэста. Яго багатую бібліятэку вывезлі ў Ленінград знаёмыя прыёмнай дачкі. Брэсцкі мастак Пётр Васільевіч Зарэцкі збярог частку рукапісаў і перадаў у Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. У Брэсцкім мастацкім музеі захоўваецца партрэт Антона Антонавіча работы брэсцкага мастака Мікалая Дзмітрыевіча Чурабы.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

  1. Ус Антон Антонавіч // Беларускі саюз мастакоў, 1938–1998 : энцыкл. даведнік. Мінск, 1998. С. 547.
  2. Антон Усс = Anton Uss // Художники Брестчины : альбом-каталог [на рус. и англ. яз.] / авт.-сост. Б. Крепак, А. Грищук, М. Коньков. Минск, 1997. С. 114.
  3. Ус Антон Антонавіч / Л. Ф. Салавей // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 368.
  4. Усс Антон Антонович // Художники Советской Белоруссии : [справочник]. Минск, 1976. С. 352.
  5. Ус, А. Аб сацыялістычным рэалізме / Антон Усс. – Менск [Мінск] : Выдавецтва Беларускай акадэміі навук, 1933. – 11 с.
  6. Колас, Я. Збор твораў. У 14 т. Т. 14 / Якуб Колас. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1978. – 528 с. – Са зместу: А. А. Ус. С. 136, 152, 200, 501, 519.
  7. Колас, Я. Збор твораў. У 14 т. Т. 13 / Якуб Колас. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1977. – 680 с. – Са зместу: А. А. Ус. С. 222, 230, 236, 345, 360, 623.
  8. Чернатов, В. М. Забытые имена. Искусствовед Антон Усс / В. М. Чернатов // Музей ХХI стагоддзя: актуальныя праблемы дзейнасці. Мінск, 2008. С. 102–116.
  9. Архитектурное наследие Прибужского региона. Сохранение и культурно-туристское использование : тезисы докладов международной научно-практической конференции, 28–30 мая 2008 года / [ред. Н. Н. Власюк]. – Брест : БрГТУ, 2008. – 35 с. – Из содерж.: А. А. Усс.
  10. Чернатов, В. М. Забытые имена. Искусствовед Антон Антонович Усс (1894–1980) / В. М. Чернатов // Архитектурные тетради : сб. науч. трудов. Вып. 2. Минск, 2004. С. 68–74.
  11. История одной дружбы в письмах и документах: Якуб Колас и Антон Усс / публикация Антонины Гарон, Виталия Скалабана // Нёман. 2007. № 11. С. 128–155.
  12. Антон Антонович Усс : [некролог] // Заря. 1980. 15 января. С. 3.
  13. Усс, А. Ярко отражать жизнь — долг художника : [о Брестском филиале Союза художников БССР] / А. Усс // Заря. 1961. 18 июня.
  14. Ус, А. У брэсцкіх мастакоў : [аб філіяле Саюза мастакоў БССР] / А. Ус // Беларусь. 1957. № 10. С. 17.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 218 разоў