Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 02 Красавік 2020 16:22

27 лютага 2020 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Фёдара Данілавіча Клімчука (1935–2018), мовазнаўца, даследчыка гаворак Заходняга Палесся, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2000)

Фёдар Данілавіч Клімчук нарадзіўся 27 лютага 1935 г. у вёсцы Сіманавічы Драгічынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У першых класах навучаўся ў Сіманавіцкай школе, а потым — у школах г. Драгічына.

 

У 1952–1954 гг. Фёдар Клімчук — студэнт гістарычнага аддзялення Пінскага дзяржаўнага настаўніцкага інстытута. Пасля заканчэння інстытута настаўнічаў у в. Відзібор Столінскага раёна. З 1955 г. працаваў у школах Драгічынскага раёна, пераважна ў Сіманавіцкай сярэдняй школе, а таксама ў Ласінскай, Субацкай, Завершанскай, Ляхавіцкай, Радастаўскай, Застаўскай. Праца з вучнямі падабалася маладому настаўніку. Ён ладзіў пешыя і веласіпедныя вандроўкі па Драгічыншчыне і суседніх рэгіёнах Палесся, разам з вучнямі шукаў старажытныя стаянкі людзей, назіраў за асаблівасцямі маўлення мясцовых жыхароў.

У 1957 г. наладзіў сувязі з аддзелам дыялекталогіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. З гэтага часу па спецыяльных праграмах пачаў збіраць дыялектны, фальклорны і этнаграфічны матэрыял. 2 студзеня 1959 г. упершыню наведаў аддзел дыялекталогіі Інстытута мовазнаўства імя А. А. Патэбні АН УССР у Кіеве. У 1962 г. наладжаны сувязі і пачалося супрацоўніцтва з Мікітам Ільічом Талстым (праўнук Л. М. Талстога) і іншымі супрацоўнікамі Інстытута славяназнаўства і балканістыкі АН СССР. М. І. Талсты быў кіраўніком шматлікіх навуковых экспедыцый на Палессе, якія ладзіліся з 1962 г.

У 1964–1967 гг. Фёдар Клімчук навучаўся на завочным аддзяленні Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага (гістарычны факультэт), які паспяхова скончыў. У 1968–1971 гг. — у аспірантуры пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Пасля яе заканчэння шмат гадоў (да канца лютага 2005 г.) працаваў у сектары дыялекталогіі (пасля аддзел дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі) інстытута, спачатку на пасадзе малодшага, а з 6 лістапада 1981 г. — старшага навуковага супрацоўніка. У 1973 г. абараніў дысертацыю «Да лінгвагеаграфіі Заходняга Палесся», яму была прысвоена навуковая ступень кандыдата філалагічных навук.

Ф. Д. Клімчук — аўтар больш за 200 прац у галіне дыялекталогіі, лінгвагеаграфіі, лексікаграфіі, славістыкі, фальклору, этнагенэзу, глотагенэзу, сацыялінгвістыкі, тапанімікі. Сярод іх — манаграфія «Гаворкі Заходняга Палесся. Фанетычны нарыс» (1983), дзе спецыяльны раздзел прысвечаны апісанню фанетычнай сістэмы чатырох гаворак Драгічыншчыны (вёсак Сіманавічы, Заяленне, Папіна, Субаты). Аўтар перакладаў на гаворку роднай вёскі некаторых вядомых твораў Гамера, Гогаля, складальнік і рэдактар зборніка «Пераклады з твораў Л. М. Талстога на гаворкі Палесся» (2011).

Ф. Д. Клімчук ў складзе аўтарскага калектыву ўдастоены Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2000) у галіне гуманітарных і сацыяльных навук за цыкл прац «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» у 5 тамах (1993–1998).

З’яўляўся актыўным дзеячам грамадскага аб’яднання «Заходнепалескае навукова-краязнаўчае таварыства „Загароддзе“», створанага ў 1995 г. Фёдар Данілавіч быў унікальным знаўцам фальклору Беларускага Палесся, ведаў і спяваў амаль тысячу песень. Складаў вершы, напісаў аповесць «Яныс», якая выйшла асобным выданнем у 2013 г. Напісаныя на традыцыйнай гаворцы жыхароў в. Сіманавічы творы ўяўляюць не толькі мастацкую, але і значную навуковую каштоўнасць.

Працаваў над перакладам «Новага Запавету», бо лічыў, што «мова, на якую перакладзена Біблія, ніколі не знікне, не забудзецца». Першая частка кнігі «Новый Завіт. Пераклад на заходнепалескую гаворку» выйшла ў 2010 г., а цалкам першая і другая — ужо пасля смерці Фёдара Данілавіча — у 2019 г. У Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы, а таксама ў Сіманавічах адбылася прэзентацыя выдання «Новага Завіту».

Фёдар Данілавіч быў працавітым, сціплым, добразычлівым, мэтанакіраваным, ініцыятыўным і выключна спагадлівым чалавекам. Яго сэрца перастала біцца 22 кастрычніка 2018 г. Пайшоў з жыцця ў гадавіну смерці сваёй маці, з якой меў моцную духоўную повязь. Пахавалі Ф. Д. Клімчука на Заходніх могілках у Мінску.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Елісеева Валянціна Уладзіміраўна, бібліёграф ІІ кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Асноўныя працы Ф. Д. Клімчука

  1. Новый Завіт : Новы Запавет Госпада нашага Ісуса Хрыста / пераклад на заходнепалескую гаворку Фёдара Клімчука. – Мінск : Медысонт, 2019. – 319, [1] с. : партр.
  2. Лінгвістычны мікраатлас Тураўшчыны / [А. А. Крывіцкі і інш. ; уклад.: Ф. Д. Клімчук і інш.] ; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, Грамадскае аб’яднанне «Тураўскае навукова-асветніцкае таварыства». – Мінск : Беларуская навука, 2016. – 273, [2] с. : карты.
  3. Шепелевич В. В. Песни деревни Ковнятин Пинского района / В. В. Шепелевич ; [науч. ред. Ф. Д. Климчук]. – Пинск : Паляшук, 2014. – 159 с. : портр.
  4. Самуйлік, Я. Р. Атлас гаворак выганаўскага Палесся / Я. Р. Самуйлік ; [аўтар прадмовы Ф. Д. Клімчук ; рэд. Ф. Д. Клімчук ; Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны універсітэт, Кафедра беларускай і рускай моў]. – Брэст : БрДТУ, 2013. – 322 с. : карты.
  5. Яныс : аповесць : (на заходнепалескай гаворцы в. Сіманавічы) / Ф. Д. Клімчук. – Мінск : А. М. Вараксін, 2013. – 83 с.
  6. Пераклады на заходнепалескую гаворку : (вёска Сіманавічы Драгічынскага раёна Берасцейскай вобласці) / Ф. Д. Клімчук ; Грамадскае аб’яднанне «Заходнепалескае навукова-краязнаўчае таварыства „Загароддзе“». – Мінск : Мэджык, 2012. – 183 с. : партр.
  7. Традыцыйнае вяселле вёскі Сіманавічы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці = Традиционная свадьба села Симоновичи Дрогичинского района Брестской области / Ф. Д. Клімчук ; Грамадскае аб’яднанне «Заходнепалескае навукова-краязнаўчае таварыства „Загароддзе“». – Мінск : Мэджык, 2011. – 84 с.
  8. Пераклады з твораў Л. М. Талстога на гаворкі Палесся / Грамадскае аб’яднанне «Заходнепалескае навукова-краязнаўчае таварыства „Загароддзе“» ; [склад., навук. рэд. Ф. Д. Клімчук]. – Мінск : Мэджык, 2011. – 311 с. : карта.
  9. Вярэніч, В. Л. Палескі архіў : лінгвістычныя, этнаграфічныя і гістарычныя матэрыялы / В. Л. Вярэніч ; пад навук. рэд. Фёдара Клімчука, Эльжбеты Смулковай і Анны Энгелькінг ; Грамадскае аб’яднанне «Заходнепалескае навукова-краязнаўчае таварыства „Загароддзе“». – Мінск : А. Н. Вараксін, 2009. – 691 с. : іл., табл., карты.
  10. Лексіка гаворак Беларускага Прыпяцкага Палесся : атлас, слоўнік / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы ; [уклад.: Г. Ф. Вештарт і інш. ; рэд.: Ф. Д. Клімчук, У. А. Кошчанка, І. І. Лапуцкая]. – Мінск : Права і эканоміка, 2008. – 352 с. : карты.
  11. Трухан, Т. М. Лексіка апрацоўкі льну : тэматычны слоўнік, лексічны атлас / Т. М. Трухан, Ф. Д. Клімчук ; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. – Мінск : Права і эканоміка, 2006. – 200, [2] с. : карты.
  12. Босак, А. Атлас гаворак Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці і сумежжа (Верхняга Над’ясельдзя) : фанетыка і марфалогія / Алена Босак, Віктар Босак ; адк. рэд. Клімчук Ф. Д. ; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа. – Мінск, 2005. – 94 с. : карты.
  13. Загароддзе-3 : матэрыялы навук.-краязн. канф. «Палессе ў XX стагоддзi», 1–4 чэрв. 2000 г., Беласток / пад рэд. Ф. Д. Клімчука [і інш.]. – Мінск : Тэхналогія, 2001. – 317 с.
  14. Загароддзе-2 : матэрыялы навук.-краязн. канф. «Палессе — скрыжаванне культур і часу», 25–27 верас. 1999 г., Пінск / Заходнепалескае навукова-краязнаўчае таварыства «Загароддзе», Беларускі інстытут праблем культуры, Кафедра беларускай культуры Універсітэта ў Беластоку ; уклад., агул. рэд. Клімчука Ф. Д., Лабачэўскай В. А. – Мінск : Тэхналогія, 2000. – 207 с., [4] л. іл.
  15. Загароддзе-1 : матэрыялы Міждысцыплінар. навук. семінара па пытаннях даслед. Палесся (Мінск, 19 верас. 1997 г.) / пад агул. рэд. Ф. Д. Клімчука. – Мінск : БелІПК, 1999. – 99, [1] с.
  16. Лексічны атлас беларускіх народных гаворак : у 5 т. / Акадэмія навук Беларусі, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа ; [пад рэд. М. В. Бірылы, Ю. Ф. Мацкевіч ; навук. рэд.: В. М. Курцова, І. Я. Яшкін, Ф. Д. Клімчук і інш.]. – Мінск : Фонд фундаментальных даследаванняў Рэспублікі Беларусь : Камітэт геадэзіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, 1993–1998.
  17. Лексічныя ландшафты Беларусі. Жывёльны свет / [І. Я. Яшкін і інш. ; навук. рэд.: Ф. Д. Клімчук, І. Я. Яшкін] ; Акадэмія навук Беларусі, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа. – Мінск : Навука і тэхніка, 1995. – 252, [3] с. : карты.
  18. Леванцэвіч, Л. В. Атлас гаворак Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Марфалогія : вучэбны дапаможнік / Л. В. Леванцэвіч ; [рэдактар Ф. Д. Клімчук]. – Брэст : БрДПІ, 1994. – 146 с., [142] л. карт.
  19. Дыялектны слоўнік Брэстчыны / [склад.: М. М. Аляхновіч і інш. ; рэд.: Г. М. Малажай, Ф. Д. Клімчук]. – Мінск : Навука і тэхніка, 1989. – 292, [2] с.
  20. Гаворкі Заходняга Палесся : фанетычны нарыс / Ф. Д. Клімчук ; Акадэмія навук Беларускай ССР, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа. – Мінск : Навука і тэхніка, 1983. – 126, [2] с. : табл., карты.
  21. Да лінгвагеаграфіі Заходняга Палесся : фанетыка 4 палескіх гаворак : дысертацыя ... кандыдата філалагічных навук / Ф. Д. Клімчук. – Мінск, 1973. – 193 с. : табл.
  22. Родавыя прозвішчы, імёны жыхароў вёскі Сіманавічы Драгічынскага раёна (пачатак) / Ф. Д. Клімчук // Беларуская дыялекталогія. Мінск, 2018. Вып. 5. С. 146–165.
  23. Успаміны пра Юзэфу Фларыянаўну Мацкевіч / Ф. Д. Клімчук // Беларуская дыялекталогія. Мінск, 2012. Вып. 2. С. 11—14.
  24. «Жёлтые волосы» и этногенез / Ф. Климчук // Гiстарычная брама. 2010. № 1.
  25. Очерк древней и средневековой Пинщины / Ф. Климчук // Гiстарычная брама. 2009. № 1. С. 3–23.
  26. Дыялектнае ўзмежжа ў Ніжнім Пагарынні / Ф. Клiмчук // Актуальныя праблемы мовазнаўства і лінгваадукацыі : матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі да 70-годдзя з дня нараджэння прафесара Галіны Мікалаеўны Малажай, Брэст, 20–21 сакавіка 2008 г. Брэст, 2008. С. 35–37.
  27. Гаворкі ў нізоўях ракі Гарынь / Ф. Клімчук // Дыялекталогія і гісторыя беларускай мовы : матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі, Мінск, 15–16 красавіка 2008 г. Мінск, 2008. С. 130–135.
  28. Старадаўняя пісьменнасць і палескія гаворкі / Ф. Клiмчук // Беларуская лінгвістыка. Мiнск, 2001. Вып. 50. С. 19–24.

 

Аб жыцці і дзейнасці Ф. Д. Клімчука

  1. Климчук Фёдор Данилович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 460.
  2. Климчук Фёдор Данилович / П. А. Михайлов // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2007. Т. 4. С. 82.
  3. Клімчук Фёдар Данілавіч // Памяць. Драгічынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 430.
  4. Паказальнік прац Ф. Д. Клімчука / падрыхтавала В. М. Курцова // Беларуская дыялекталогія : матэрыялы і даследаванні. Мінск, 2016. Вып. 4. С. 9–25.
  5. Курцова, В. М. Фёдар Данілавіч Клімчук: слынны даследчык беларускіх гаворак : (да 80-годдзя з дня нараджэння) / В. М. Курцова // Беларуская дыялекталогія : матэрыялы і даследаванні. Мінск, 2016. Вып. 4. С. 5–9.
  6. Курцова, В. М. Фёдар Данілавіч Клімчук : (да 80-годдзя з дня нараджэння) / В. М. Курцова // Беларуская лінгвістыка. Мiнск, 2015. Вып. 74. С. 128–132.
  7. Трухан, Т. М. Фёдар Данілавіч Клімчук : (да 70-годдзя з дня нараджэння) / Т. М. Трухан // Белорусская лингвистика. Минск, 2005. Вып. 55. С. 111–113.
  8. Антропов, Н. П. К юбилею Ф. Д. Климчука. Фёдор Данилович Климчук — патриот и исследователь Полесья / Н. П. Антропов // Живая старина. Москва, 2005. Вып. 3. С. 4748.
  9. Кунцэвіч, Л. П. Фёдар Данілавіч Клімчук : (да 60-годдзя з дня нараджэння) / Л. П. Кунцэвіч // Белорусская лингвистика. Минск, 1996. Вып. 45. С. 74.
  10. Буйнич, Е. Увековечил симоновичский диалект / Елена Буйнич // Драгічынскі веснік. 2020. 14 сакавіка. С. 4.
  11. Расафонаў, А. У раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя «Новага Завіту» : [у перакладзе на мясцовую гаворку Ф. Д. Клімчука] / Андрэй Расафонаў ; фота аўтара // Драгічынкі веснік. 2019. 11 мая. С. 11.
  12. Шафран, Г. Светлай памяці нашага земляка Фёдара Данілавіча Клімчука / Галіна Шафран // Драгічынскі веснік. 2018. 3 лістапада. С. 16 : фат.
  13. Клімчук, Ф. Д. Справа яго жыцця / Фёдар Данілавіч Клімчук ; [гутарыла] Галіна Шафран // Драгічынскі веснік. 2017. 21 студзеня. С. 3 : фат.
  14. Міхайлаў, П. А. Даследчык палескіх скарбаў Фёдар Клімчук / Павел Міхайлаў // Роднае слова. 2015. № 2. С. 38–40.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1228 разоў