Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 25 Жнівень 2020 14:47

30 верасня 2020 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Мікалая Іосіфавіча Бусько (1940), пісьменніка, мастака

Мікалай Іосіфавіч Бусько нарадзіўся 30 верасня 1940 г. у вёсцы Пагарэлка Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька, Іосіф Несцеравіч Бусько, у час Вялікай Айчыннай вайны дапамагаў партызанам, з ліпеня 1944 г. — на фронце, удзельнічаў у штурме Кёнігсберга; быў вядомым на ўсю ваколіцу цесляром і сталяром. З жонкай, Марыяй Дзмітрыеўнай (Скок), выгадавалі чатырох дзяцей; завіхаліся і клапаціліся як маглі, але жылі бедна. Мікола, самы малодшы, з дзяцінства захапляўся маляваннем, хадзіў за 7 км у школу ў в. Турэц.

 

У 1958 г. Мікола Бусько закончыў Турэцкую сярэднюю школу. Пасля службы ў Савецкай арміі паступіў у Баранавіцкі тэхналагічны тэхнікум лёгкай прамысловасці, дзе правучыўся год. У 1962 г. паступіў у Маскоўскі завочны народны ўніверсітэт мастацтваў на факультэт выяўленчага мастацтва, які скончыў у 1967 г. Працаваў у Баранавічах Брэсцкай вобласці рабочым лесагандлёвай базы (1963–1965), мастаком-афарміцелем Дома афіцэраў (1965–1967), мясакамбіната (1967–1976), аўтобуснага парка.

Не парывае сувязей з малой радзімай, часта там бывае, збірае гісторыю вёсак Карэліцкага раёна. Дапамагаў у аднаўленні каменнай царквы Узнясення Гасподняга ў в. Ярэмічы, пабудаванай у 1867 г. і зачыненай у савецкі час, напісаў для яе некалькі ікон. Склаў кнігу «Паэзія баразны» (2003) пра жыццё і творчасць таленавітага паэта Алеся Мілюця (1908–1944).

З вершамі Мікола Бусько дэбютаваў у 1970 г. Друкаваўся ў карэліцкай раённай газеце «Полымя» і баранавіцкай — «Знамя коммунизма», а таксама ў абласных і рэспубліканскіх газетах, часопісах «Полымя», «Беларусь», «Вясёлка» i iнш., у калектыўных зборніках «Дзень паэзіі» (1989, 2013), «Незабудкі» (2000), «Вясёлка» (2007), альманасе «Святліца» (2000). Піша вершы ў традыцыйна-класічнай манеры. Актуальнасць тэматыкі і праблематыкі, шчырасць пачуцця, меладычнасць гучання яго вершаў былі заўважаны крытыкамі.

Цяпер пісьменнік болей піша прозы, нарысаў, артыкулаў. Са сталеннем усё часцей стаў звяртацца да дзяцей. Для дзіцячых твораў Міколы Бусько характэрны займальнасць, шчырасць, здольнасць словам ствараць выразную зрокавую карціну, што якраз адпавядае дзіцячаму ўзросту. На канкрэтных, цікавых для дзяцей прыкладах з навакольнага асяроддзя, на прыкладзе звяроў, свойскіх жывёл, казюрак ненавязліва раскрывае спрадвечныя праблемы дабра і зла, прыгожага і брыдкага і дапамагае сваім чытачам зрабіць правільны выбар.

Мікола Бусько — член Саюза пісьменнікаў СССР з 1989 г., з 2006 г. — у Саюзе пісьменнікаў Беларусі. Аўтар кніг «У Нёмна на плячах» (1986), «Ад галінкі да сучка — тэлефон у павучка» (1993), «Сузор’е Шаляў» (1995), «Бабрыная навука» (2001), «Сляды ад верасня» (2011), «У бары жывуць сябры» (2017), «Лясныя дзівосы» (2019).

Паводле твора Міколы Бусько «Бабрыная навука» кампазітар Юрый Вальмус напісаў оперу для дзяцей (1992), якая стала значнай з’яваў музычнай культуры г. Баранавічы 1990-х. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя У. А. Калесніка Брэсцкага аблвыканкама ў намінацыі «Проза» (2012). Кніга Міколы Бусько «У бары жывуць сябры» ў 2018 г. была вылучана на конкурс «Нацыянальная літаратурная прэмія» ў намінацыі «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

Творы М. І. Бусько

  1. Лясныя дзівосы : апавяданні, фантастычная аповесць : [для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту] / Мікола Бусько. – Мінск : Народная асвета, 2019. – 127 с. : іл.
  2. У бары жывуць сябры : казка, апавяданні / Мікола Бусько. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2017. – 95 с. : іл.
  3. Сляды ад верасня : проза / Мікола Бусько. – Мінск : Харвест, 2011. – 511 с. – (Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі).
  4. Мілюць, А. М. Паэзія баразны : вершы, нарысы на беларус. і пол. мовах / Алесь Мілюць ; уклад., прадм., рэд., пер. М. Бусько. – [Слонім] : Слонiмская друкарня, 2003. – 94 с. : іл.
  5. Бабрыная навука : скарагаворкі, загадкі, каламбуры, казкі : [для малодшага школьнага ўзросту] / Мікола Бусько. – Мінск : Юнацтва, 2001. – 143 с. : іл.
  6. Шасцікрылец Хмарагон : казка : [для малодшага школьнага ўзросту] / Мікола Бусько. – Мінск : Юнацтва, 1997. – 64 с. : іл.
  7. Сузор’е шаляў : вершы / Мікола Бусько. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1995. – 78 с.
  8. Ад галінкі да сучка — тэлефон у павучка : вершы і казкі / Мікола Бусько. – Мінск : Юнацтва, 1993. – 55 с. : іл.
  9. У Нёмна на плячах : лірыка / Мікола Бусько ; прадмова А. Вялюгіна. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1986. – 78 с. – (Першая кніга паэта).
  10. «Бераг. Будан паляўнічага...» ; Сузор’е шаляў ; На золку : вершы / Мікола Бусько // Літаратурная прастора Брэстчыны : анталогія твораў сяброў Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Брэст, 2018. С. 49–52.
  11. Пушчанскі гладыятар : апавяданне / Мікола Бусько // ЛіМ. 2017. 15 снежня (№ 50).
  12. Шэпты стомленай затокі : апавяданне / Мікола Бусько // ЛіМ. 2015. 18 верасня (№ 37). С. 5.
  13. Бліскучае сонца Прынёмання : [пра беларускага літаратуразнаўца У. А. Калесніка (1922–1994), ураджэнца Карэліцкага раёна] / Мікола Бусько // ЛіМ. 2012. 7 верасня. С. 21.
  14. Паштоўкі са сцежкі : [абразкі: «Кароль вазярыны»,«Птушка каменнага века»,«У бабрынай вёсцы»] / Мікола Бусько // Маладосць. 2009. № 11. С. 6974.
  15. Танцы в небе : [рассказы: «Овсянка», «Танцы в небе»] / Микола Бусько ; пер.с белорус. Т. Кувариной // Нёман. 2010. № 12. С. 114–119.
  16. Шкляны мост : згадкі з мінулага / Мікола Бусько // ЛiМ. 2010. 1 кастрычніка (№ 39). С. 9.
  17. Колодец : рассказы / Микола Бусько ; пер. с белорус. Михаила Позднякова // Нёман. 2007. № 6. C. 1017.
  18. Мускулы нашей экономики : очерк : [о деятельности Барановичского
    ДРСУ-136] / Микола Бусько // Нёман. 2006. № 12. С. 152–156.
  19. Калодзеж ; Карнавухі ; Тыгр вады : апавяданні / Мікола Бусько // Маладосць. 2006. № 11. С. 53–61.
  20. Замак Велькалапага : апавяданне / Мікола Бусько // Полымя. 2006. № 7. С. 78–83.
  21. Райскі кут ; Махнач ; Што падсказала сасна? ; Вушастыя танцоры : апавяданні / Мікола Бусько // Маладосць. 2005. № 11. С. 5–13.
  22. На ладонях Природы ; Комариная гора : рассказы / Микола Бусько // Нёман. 2005. № 10. С. 100–110.
  23. Извечное, святое... : [воспоминания о детстве и малой родине] / Микола Бусько // Нёман. 2005. № 9. С. 168174.
  24. Сляды ад верасня : апавяданне / Мікола Бусько // Полымя. 2004. № 9. С. 194–205.

 

Аб жыцці і творчасці М. І. Бусько

  1. Бусько Мікола (Мікалай Іосіфавіч) // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 358.
  2. Бусько Мікалай Іосіфавіч // Творчы партрэт пісьменніцкай суполкі : біяграфічны даведнік Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі / Н. М. Парчук. Брэст, 2018. С. 30–32.
  3. Мікола Бусько // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 130–131.
  4. Бусько Мікола (Мікалай Іосіфавіч) // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 621.
  5. Мікола Бусько // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. Мінск, 1994. С. 76.
  6. Бусько Мікола / Г. М. Урупіна // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1992. Т. 1. С. 424–425.
  7. Герцаў, В. Падручнік жыцця : [пра кнігу М. Бусько «Лясныя дзівосы»] / Віталь Герцаў // Наш край. Барановичи, 2019. 28 сентября. С. 1, 8.
  8. Герцаў, В. «У бары жывуць сябры», або Чаму вучыць прырода : [аб новай кнізе для дзяцей М. Бусько] / Віталь Герцаў // Наш край. Барановичи, 2017. 24 ноября. С. 5.
  9. Кошур, В. Быць зямлі сваёй сынам : [да 75-годдзя М. Бусько] / Валянціна Кошур // Полымя. Карэлічы, 2015. 26 верасня. С. 10.
  10. Маклюк, В. Шчырая сустрэча з землякамі : [аб прэзентацыі кнігі М. Бусько «Сляды ад верасня» ў бібліятэцы в. Пагарэлка] / Вольга Маклюк // Полымя. Карэлічы, 2013. 7 верасня. С. 3.
  11. Яго літаратурныя сляды : [паэт М. Бусько — лаўрэат літаратурнай прэміі імя У. Калесніка] // Наш край. 2012. 13 снежня. С. 1.
  12. Туркевіч, А. Цікавая сустрэча з паэтам : [пра сустрэчу з М. Бусько ў Баранавіцкай гарадской дзіцячай бібліятэцы] / А. Туркевіч // Народная трыбуна. 2007. 26 мая. С. 11.
  13. Туркевіч, А. Насевак поўнай жменяй : [пра сустрэчу з М. Бусько ў Баранавіцкай гарадской дзіцячай бібліятэцы] / А. Туркевіч // ЛіМ. 2007. 18 мая. С. 15.
  14. Шубіч, М. І пісьменнік, і мастак : [пра М. Бусько] / Міхась Шубіч // Народная трыбуна. 2006. 9 верасня. С. 4.
  15. Поздняков, М. Дань памяти : [о книге А. Милютя «Паэзія баразны», которая вышла благодаря стараниям составителя М. Бусько] / Михаил Поздняков // Нёман. 2005. № 8. С. 195–197.
  16. Кляшчук, В. Гарманічнае спалучэнне талентаў : [пра М. Бусько] / В. Кляшчук // Народная трыбуна. 2002. 9 лютага.
  17. Мiлагучнасць шчырага радка : а 60-годдзя паэта М. Бусько] // ЛіМ. 2000. 29 верасня. C. 12.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1082 разоў