Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 14 Верасень 2020 11:54

2020 г. — 250 гадоў з пачатку будаўніцтва касцёла Карла Барамея ў г. Пінску (1770), помніка архітэктуры стылю барока

У г. Пінску ў 1690-я гг. з’явіліся манахі каталіцкага ордэна барталамітаў (камуністаў), якія прыбылі ў Рэч Паспалітую з Паўночнай Італіі. Члены ордэна жылі абшчынай (камунай), адсюль іх празванне. На ўсход ад цэнтра горада манахі ордэна заснавалі свой кляштар — адзіны на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. У 1695 г. яны пабудавалі драўляны касцёл.

 

У сярэдзіне ХVIII ст. значныя сродкі кляштара камуністаў ахвяравалі дзяржаўныя дзеячы і магнаты ВКЛ — Міхаіл Агінскі, Адам Ігнацы і Юзаф Пратасевічы, Сымон Скірмунт, Міхаіл Орда і інш. На сабраныя сродкі ў 1770 г. у кляштары на месцы старога касцёла пачалося будаўніцтва новага мураванага храма.

Будынак уяўляе сабой прамавугольны ў плане аднанефны храм, без вылучанай апсіды. З боку галоўнага фасада да касцёла далучаецца двух’ярусная званіца з шатровай страхой і купалам. Таўшчыня сцен у асобных месцах перавышае 2 м. Бакавыя сцены прарэзаны невялічкімі арачнымі вокнамі і расчлянёны лапаткамі. Пілястры, нішы, прафіляваныя паяскі і карнізы, ліштвы вокнаў размешчаны на гранях званіцы. Дах пакрыты чарапіцай.

Інтэр’еру залы надае ўрачыстасць і манументальнасць высокае крыжовае скляпенне. У нартэсе (уваходная частка) касцёла зроблены галерэя (хор) і лесвіца, якая ўмуравана ў моцную сцяну званіцы. Невялікі барочны алтар быў вырашаны ў выглядзе трыумфальнай аркі з калонамі карынфскага ордара і трохвугольным разарваным франтонам.

Будаўніцтва храма было скончана ў 1782 г. У 1784 г. ён быў асвячоны ў імя святога Карла Барамея (Барамеўша). У ансамбль кляштара камуністаў на пачатак ХIХ ст. уваходзілі, акрамя касцёла, жылы дом (пабудаваны ў 1756 г.), сталовая і кухня, пякарня, свіран, стайня, карэтная, гумно, калодзеж і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Пад канец ХVIII ст. ордэн камуністаў пачаў прыходзіць у заняпад, многія яго кляштары былі зачынены, а манахі размеркаваны па розных парафіях. Аднак пінскія браты-камуністы працягвалі сваю службу да 1856 г.

Пасля зыходу манахаў, будынак касцёла прыйшоў у заняпад, патрабаваў рамонту, які быў праведзены ў 1860–1867 гг. Старая агароджа была заменена штакетам сталярнай работы, папраўлены іншыя будынкі. Касцёл, які стаў прыпісным да касцёла Успення Дзевы Марыі кляштара францысканцаў, быў асвячоны пад назвай Святой Тройцы.

У пачатку ХХ ст. тэрыторыя былога кляштара камуністаў раўнялася 836 дзесяцінам, у жылым доме месціліся ксяндзы. У 1912 г. Троіцкі касцёл стаў філіяльным пры прыходскім касцёле Успення Дзевы Марыі. У 1932 г. у касцёле быў хрышчоны Рышард Капусцінскі, будучы польскі журналіст, пісьменнік. У час Вялікай Айчыннай вайны касцёл пашкоджаны не моцна. У 1960 г. касцёл зачынілі, будынак выкарыстоўваўся рознымі арганізацыямі. Рэстаўрацыйна-рамонтныя работы былі праведзены ў 1980–1983 гг.

У 1987 г. пачалася новая рэстаўрацыя з мэтай прыстасавання будынка былога касцёла Карла Барамея пад установу культуры. 4 кастрычніка 1992 г. у старажытным будынку па вул. Кірава, 37 была адкрыта гарадская канцэртная зала камернай музыкі. Загучала музыка ў выкананні артыстаў Брэсцкай абласной філармоніі. Ужо за першы год з дня адкрыцця ў зале адбылося больш за 40 канцэртаў вядомых артыстаў з Масквы, Мінска, Гомеля, Брэста і інш. Адначасова ў зале дэмаструюцца выставы твораў выяўленчага мастацтва.

Першым дырэктарам канцэртнай залы быў Яўген Арсенцьевіч Раманюк, з 2000 г. — Ларыса Аляксандраўна Якушэвіч. 10 чэрвеня 1993 г. у канцэртнай зале адбылася прэзентацыя гарадскога камернага аркестра пад кіраўніцтвам Аксаны Міхайлаўны Макарэвіч. У 1994 г. усталяваны электрычны арган, з таго часу праводзяцца канцэрты арганнай музыкі. Арганіст — Вікторыя Георгіеўна Куцько. У 2013 г. у канцэртнай зале быў праведзены рамонт. Штогод тут праводзіцца фестываль класічнай музыкі «Лютаўскія музычныя вечары».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Пінскі касцёл Карла Барамеўша / Ю. А. Якімовіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 12. С. 371.
  2. Пинский костёл Карла Барамеуша // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 222.
  3. Касцёл святога Карла Барамея // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. Мінск, 2008. С. 291.
  4. Касцёл Карла Барамея / А. Кулагін // Памяць. Пінск : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 520.
  5. Костел Карла Баромея // Пинск : путеводитель по столице Полесья / сост. В. Макавчук. Пинск, 1993. С. 93.
  6. Костел Карла Баромея / Ю. А. Якимович // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 320.
  7. Адамовіч, С. Пінскі ордэн камуністаў / С. Адамовіч // Памяць. Пінск : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 99–102.
  8. Пинский городской концертный зал // Пинск : путеводитель по столице Полесья / сост. В. Макавчук. Пинск, 1993. С. 293–294.
  9. Пінскі Карла Барамея касцёл / Ю. А. Якімовіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 8. С. 442.
  10. Габрусь, Т. В. Мураваныя харалы : сакральная архiтэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. – Мінск : Ураджай, 2001. – 287 с. : іл. – Са зместу: Касцёл Карла Барамея. С. 261–262.
  11. Жук, С. А. Белорусское барокко в архитектуре г. Пинска / С. А. Жук // Пинск в современной Беларуси : тезисы докл. науч.-практ. конф. молодых учёных Пинщины, Пинск, 21 мая 2004 г. Пинск, 2004. С. 6971.
  12. Диденко, Ю. Летопись в стиле барокко : [история костёла Карла Баромея в Пинске] / Юлия Диденко // Полесская правда. Пинск, 2016. 17 декабря. С. 4.
  13. Гришковец, В. Культурное открытие : [о завершении ремонта Пинского городского концертного зала в костёле ХVIII в.] / Валерий Гришковец ; фото Вячеслава Ильенкова // Заря. 2013. 30 ноября. С. 4.
  14. Бучик, А. Обитель творческих людей : [о костёле Карла Баромея, в котором теперь устроен концертный зал] / Александр Бучик // Мясцовы час. Пiнск, 2005. 6 кастрычніка. С. 8.
  15. Якушевич, Л. Храм, где согреваются сердца : [к 10-летию Пинского городского концертного зала] / Л. Якушевич // Полесская правда. Пинск, 2002. 5 октября. С. 4.
  16. Славин, Л. Десять лет в мире музыки : [о работе городского концертного зала к 10-летию со дня его открытия] / Л. Славин // Пiнскі веснiк. 2002. 4 кастрычніка. С. 3.
  17. Славин, Л. Гармония под старыми сводами : [о городском концертном зале камерной музыки] / Л. Славин // Пінскі веснік. 1997. 30 верасня.
  18. Адамовіч, А. Пінскі ордэн камуністаў / С. Адамовіч // Беларуская мінуўшчына. 1997. № 3. С. 57–59.
  19. Кабяк, Р. Гучыць арган : [пра канцэртную залу ў былым касцёле ў Пінску] / Р. Кабяк // ЛіМ. 1995. 25 жніўня. С. 12.
  20. Ровицкий, В. В Пинске появился второй орган. Компьютерный : [об установке в Пинском городском концертном зале электрооргана] / В. Ровицкий // Заря. 1994. 10 марта.
  21. На радасць меламанам : [пра былы касцёл Карла Барамея ў Пінску, у якім цяпер канцэртная зала] // Народная трыбуна. 1994. 29 студзеня.
  22. Ровицкий, В. Памятник музыкой в жизнь возвращен : [об открытом концертном зале камерной музыки в бывшем костёле Карла Баромея в Пинске] / В. Ровицкий // Заря. 1992. 13 октября.
  23. Пирог, С. Костел для... коммунистов : [о костёле Карла Баромея в Пинске] / С. Пирог // Заря. 1992. 30 июля.
  24. Савченко, М. И зазвучит орган... : [о начале реставрации бывшего костёла Карла Баромея в Пинске] / М. Савченко // Заря. 1987. 13 марта.
  25. Савченко, М. Возрождение памятника старины : [о начале реставрации костёла Карла Баромея в Пинске] / М. Савченко // Полесская правда. Пинск, 1987. 28 февраля.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 99 разоў