Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 23 Верасень 2020 08:43

20 снежня 2020 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Іосіфа Іосіфавіча Плаўскага (1935–2011), гаспадарчага дзеяча, Героя Сацыялістычнай Працы (1971)

Іосіф Іосіфавіч Плаўскі нарадзіўся 20 снежня 1935 г. у вёсцы Зубялевічы Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1950–1951 гг. вучыўся ў Ганцавіцкай сельскагаспадарчай школе малодшых ветэрынарных фельчараў Брэсцкай вобласці.

 

У 1951–1954 i 1957–1961 гг. Іосіф Плаўскі працаваў ветфельчарам (заатэхнікам) калгаса «Сцяг Саветаў» Клецкага раёна Мінскай вобласці. У 1954–1957 гг. — тэрміновая служба ў Савецкай арміі. Служыў на Далёкім Усходзе, у артылерыі, на трэцім годзе быў старшыной палкавой школы. Армія многаму навучыла, развіла і ўмацавала.

У лютым 1961 г. Іосіф Плаўскі быў абраны старшынёй калгаса «Памяць Леніна», адной з адстаючых на той час гаспадарак Клецкага раёна. У свае 25 гадоў стаў самым маладым кіраўніком гаспадаркі ў раёне. Адразу прапанаваў актыўна заняцца вырошчваннем ільну. Закупілі добрае насенне, новую сеялку, арганізавалі звенні. Людзі працавалі з вялікім стараннем. Сабралі па 12 ц валакна з кожнага гектара, у калгасную касу паступілі дзясяткі тысяч рублёў.

Каля рэчкі Лань меліяравалі пустуючыя землі, засеялі карыснымі травамі, стала больш кармоў. Затым быў абноўлены дойны статак племяннымі каровамі, фермы пачалі даваць высокія прыбыткі. За дзесяць гадоў І. І. Плаўскі здолеў вывесці калгас у перадавыя, зрабіўшы яго лепшым у раёне. Збіралі па 40–45 ц збожжа, 280–300 ц бульбы з кожнага гектара. З хутароў у вёскі перасяляліся дзясяткі сем’яў. За калгасныя сродкі пабудавалі жылыя дамы, гандлёвы цэнтр са сталовай, Дом культуры.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 красавіка 1971 г. за поспехі ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці І. І. Плаўскі быў удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Серп і Молат» (№ 15901).

І. І. Плаўскі працягваў вучыцца: завочна закончыў Смілавіцкі зоаветэрынарны тэхнікум (1968), Віцебскі ветэрынарны інстытут (1974). У 1976 г. калгас «Памяць Леніна» быў аб’яднаны з дзяржаўным племянным заводам «Чырвоная зорка». Дырэктарам узбуйненага дзяржплемзавода быў назначаны І. І. Плаўскі. Племзавод спецыялізаваўся на развядзенні і ўдасканаленні чатырох ліній чорна-пярэстай пароды кароў малочнага кірунку.

Пасля аб’яднання магчымасці гаспадаркі «Чырвоная зорка» значна ўзраслі: у тры разы павялічыліся асноўныя фонды, падвоілася колькасць жывёламесцаў, умяшчальнасць бульбасховішчаў узрасла з 1000 т до 11 000. Аб’яднанне сябе апраўдала, з году ў год раслі надоі: у 1976 г. — 3982, 1980 г. — 4580, 1982 г. — 4695, 1984 г. — 5000 кг у сярэднім ад кожнай каровы. Племзавод «Чырвоная зорка» атрымаў пераходны Чырвоны сцяг за перамогу ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве 1986 г. У выніку мэтанакіраванай племянной работы ў гаспадарцы была выведзена новая парода кароў, якая атрымала назву «Зорка» (1990).

І. І. Плаўскі, чалавек творчы, ураўнаважаны і мудры, 22 гады ўзначальваў прадпрыемства. У час перабудовы некаторыя яго калегі разгубіліся, а ён купляў тэхніку і не прагадаў, бо грошы хутка ператварыліся ў нішто, а тэхніка працуе. Першымi ў раёне ў 1996 г. пабудавалі царкву ў в. Цапра; значнае ахвяраванне паступіла ад І. І. Плаўскага, на якое былі набыты неабходныя царкоўныя прадметы. У 2006–2008 гг. з’яўляўся намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце РУСП «Племзавод „Чырвоная зорка“».

Іосіф Іосіфавіч у 1958 г. быў прыняты ў КПБ, вёў актыўную грамадскую дзейнасць. Выбіраўся дэпутатам сельскага i раённага Саветаў дэпутатаў, Вярхоўнага Савета БССР (1967–1971, 1980–1985), членам ЦК КПБ, членам рэспубліканскага Савета калгасаў.

Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1966, 1971), ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1976), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1986), медалямі, Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2005). 20 лістапада 1995 г. яму было прысвоена званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі». Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці (2008).

І. І. Плаўскі жыў у аг. Янавічы Клецкага раёна. Памёр 3 кастрычніка 2011 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Плавский Иосиф Иосифович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2019. Т. 5, кн. 3. С. 71.
  2. Плавский Иосиф Иосифович // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биогр. справочник. Минск, 2014. С. 178.
  3. Плавский Иосиф Иосифович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 239.
  4. Плавский Иосиф Иосифович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 496.
  5. Плаўскі Іосіф Іосіфавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 487.
  6. Плаўскі Іосіф Іосіфавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 8. С. 467.
  7. Плаўскі Іосіф Іосіфавіч. Вернасць зямлі / К. П. Прыёмка // Памяць. Клецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 496–497.
  8. Племзавод «Чырвоная Зорка» // Памяць. Клецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 459–461.
  9. Алешка, В. Энергія таленту : [пра І. І. Плаўскага] / Вячаслаў Алешка // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск, 1989. С. 383–384.
  10. Пігараў, Р. Гісторыя адноўленага храма : [царква ў в. Цапра] / Раман Пігараў // Памяць. Клецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 560–561.
  11. Шибалис, М. И. Поле действия : [о директоре племзавода «Красная звезда» Клецкого района И. И. Плавском] / Михаил Израилевич Шибалис ; [фотоил. Л. Б. Эйдина, М. Л. Минковича]. – Минск : Ураджай, 1988. – 159 с., [16] л. фот. – (Наши замечательные земляки).
  12. Здрок, И. Опустела без него земля : [памяти И. И. Плавского] / Иван Здрок // Да новых перамог. Клецк, 2011. 12 лістапада. С. 3.
  13. Плаўскі, І. І. Іосіф Плаўскі: «Я шчаслівы чалавек» / І. І. Плаўскі ; гутарыла Жанна Гаўрычэўская // Мiнская праўда. 2010. 21 снежня.
  14. Здрок, И. Книга жизни по Иосифу Плавскому / Иван Здрок // Белорусская нива. 2010. 18 декабря. С. 6.
  15. Русіновіч, В. Шлях да вяршыні : [І. І. Плаўскі ўдастоены звання «Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці»] / В. Русіновіч // Да новых перамог. Клецк, 2009. 31 студзеня. С. 1.
  16. Плавский, И. «Потомкам в наследство» : [о работе племзавода «Красная звезда» Клецкого района] / Иосиф Плавский // Белорусская нива. 2008. 18 января. С. 2.
  17. Лісоўскі, С. Пераемнасць : [пра кіраўнікоў племзавода «Чырвоная зорка» Клецкага раёна Іосіфа Плаўскага і Мікалая Дылеўскага] / С. Лісоўскі// Мінская праўда. 2007. 8 снежня. С. 1.
  18. Жолуд, С. Кветкі для героя : [пра вечар-ушанаванне І. І. Плаўскага з нагоды яго 70-годдзя] / С. Жолуд // Мінская праўда. 2005. 27 снежня.
  19. Шведов, О. Тот самый Плавский! / О. Шведов // Народная газета. 2004. 19 лістапада. С. 5.
  20. Заградский, В. Клецкое молоко : [о племзаводе «Красная звезда» Клецкого района] / В. Заградский // Народная газета. 2004. 28 студзеня.
  21. Плавский, И. И. «Будь впереди всегда, Красная звезда» / И. И. Плавский ; записал Олег Шведов // Народная газета. 2003. 15 лістапада.
  22. Величко, В. Философия мудрого агрария : [о директоре племзавода «Красная звезда» И. И. Плавском] / В. Величко // Мінская праўда. 2003. 28 студзеня.
  23. Свістуновіч, С. «Няхай кожны дрыжыць над сваім...» : [пра дырэктара племзавода «Чырвоная зорка» Клецкага раёна І. І. Плаўскага] / С. Свістуновіч // Звязда. 2001. 10 лістапада.
  24. Шибалис, М. Ярко светит «Красная звезда» : [племзавод «Красная звезда» Клецкого района отметил своё 60-летие] / Михаил Шибалис // Рэспубліка. 1999. 24 лістапада.
  25. Плавский, И. Дорога, выверенная жизнью / И. Плавский ; беседовал А. Вильчинский // Белорусская нива. 1999. 23 ноября. С. 2.
  26. Плаўскi, I. I. Крытэрый дысцыпліна і парадак / І. І. Плаўскі ; гутарыў К. Прыёмка // Мінская праўда. 1997. 12 чэрвеня.
  27. Козлова, А. К Плавскому на чай или на молоко? / А. Козлова // Рэспубліка. 1996. 13 красавіка. С. 8.
  28. Прыёмка, К. Гэта ёмкае слова гаспадар : [штрыхі да партрэта І. І. Плаўскага] / К. Прыёмка // Да новых перамог. Клецк, 1995. 20 снежня.
  29. Акшевский, И. Земли своей, судьбы своей хозяин / И. Акшевский // Белорусская нива. 1995. 19 декабря.
  30. Шлома, М. Чалавек, які ніколі не адрываўся ад зямлi / М. Шлома, К. Прыёмка // Мінская праўда. 1995. 19 снежня.
  31. Тильков, А. Звёзды не тускнеют : [о племзаводе «Красная звезда» Клецкого района] / А. Тильков // Белорусская нива. 1995. 18 ноября.
  32. Тильков, А. Батька : [о директоре племзавода «Красная звезда» И. И. Плавском] / А. Тильков // Белорусская нива. 1994. 20 декабря.
  33. Вырвич, М. Плавский есть Плавский / М. Вырвич, В. Тильков // Белорусская нива. 1994. 28 января.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1031 разоў