Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 17 Верасень 2021 09:18

7 кастрычніка 2021 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Фамы Фаміча Мажэйкі (1936–2018), вучонага-хіміка, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР (1990)

Фама Фаміч Мажэйка нарадзіўся 7 кастрычніка 1936 г. у в. Скураты Косаўскай гміны Палескага ваяводства (цяпер Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці). Калі яму было паўтара года памерла маці, у дзесяць страціў бацьку. Гадаваўся ў бабулі і сясцёр Жэні і Веры. У 1948 г. закончыў пачатковую школу ў роднай вёсцы, у 1951 г. — сямігодку у в. Альшаніца, у 1954 г. — сярэднюю школу ў г. Косаве.

 

Гады дзяцінства, якое апаліла вайна і разруха, выявілі выдатныя здольнасці і мэтанакіраванасць беларускага сельскага хлопца. Фама Мажэйка паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. За час вучобы двойчы па камсамольскай пуцёўцы выязджаў на ўборку ўраджаю ў Казахстан — «на цаліну», з’яўляўся камандзірам студэнцкага атрада.

Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1959 г. Фама Мажэйка быў накіраваны на працу ў Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі АН БССР малодшым навуковым супрацоўнікам. З 1980 па 1989 г. працаваў намеснікам дырэктара па навуковай рабоце, адначасова загадчыкам лабараторыяй, з 1989 г. загадчыкам аддзела.

Абараніў кандыдацкую (1968), доктарскую (1988) дысертацыі. Ф. Ф. Мажэйку прысвоена ступень доктара хімічных навук (1989). З 1991 г. з’яўляецца членам-карэспандэнтам НАН Беларусі. З 2004 г. — загадчык лабараторыі Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі.

За час работы ў інстытуце Ф. Ф. Мажэйка стаў вядомым вучоным у вобласці калоіднай хіміі і фізіка-хімічнай механікі. Ён з’яўляецца адным з заснавальнікаў навуковага кірунку — калоіднай хіміі прыродных і тэхнагенных дысперсных сістэм з высокім утрыманнем солей, унёс буйны ўклад у развіццё навукі аб будаванні, уласцівасцях і механізме дзеяння павярхоўна-актыўных рэчываў у насычаных солевых растворах, ва ўдасканаленне тэхналогіі вытворчасці мінеральных угнаенняў і рашэнне калоідна-хімічных праблем пры атрыманні новых матэрыялаў на аснове канцэнтраваных солевых сістэм.

Ф. Ф. Мажэйка мае шэраг навуковых даследаванняў па калоіднай хіміі і фізіка-хімічнай механіцы. Аўтар большза 520 навуковых прац, у т. л. манаграфій, 198 вынаходак, падрыхтаваў 6 кандыдатаў навук.

Фама Фаміч прымае актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні вопытных і вопытна-прамысловых выпрабаванняў навуковых распрацовак, іх укараненні ў вытворчасць на розных прадпрыемствах краіны. Прысвяціў сваю дзейнасць адной з важнейшых для Беларусі праблем — інтэнсіфікацыі тэхналагічнага працэсу абагачэння калійных руд Старобінскага радовішча. У 1990 г. удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР за распрацоўку і ўкараненне тэхналогіі вырабу калійных угнаенняў з палепшанымі фізічнымі і аграхімічнымі ўласцівасцямі. Узнагароджаны таксама двума сярэбранымі і трыма бронзавымі медалямі ВДНГ СССР, Ганаровай граматай УСНТТ, медалём «Ветэран працы» і інш.

Ф. Ф. Мажэйка памёр 16 кастрычніка 2018 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Івацэвіцкай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Джэжора Людміла Сяргееўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

 

 

 

Асноўныя працы Ф. Ф. Мажэйкі

  1. Комбинированные методы получения высококачественного фосфатного концентрата и кондиционной фосфоритной муки при обогащении желваковых фосфоритов / Ф. Ф. Можейко. – Минск, 1993.
  2. Интенсификация процессов обезвоживания глинисто-солевых дисперсий, модифицированных высокомолекулярными защитными реагентами-депрессорами / Ф. Ф. Можейко. – Минск, 1993.
  3. Производство, использование минеральных удобрений в БССР и проблемы охраны окружающей среды / Ф. Ф. Можейко, Н. П. Крутько. – Минск, 1988.
  4. Физикохимия селективной флотации калийных солей / Х. М. Александрович, Ф. Ф. Можейко, Э. Ф. Коршук, А. Д. Маркин. – Минск : Наука и техника, 1983. – 270, [1] с.
  5. Исследование действия некоторых реагентов на коллоидно-химические свойства глинисто-солевых дисперсий : автореферат диссертации … кандидата химических наук : специальность 080 Коллоидная химия / Можейко Фома Фомич ; АН БССР, Отделение химических наук, Объединенный совет институтов физико-органической химии, общей и неорганической химии и Института торфа АН БССР. – Минск, 1968. – 26 с. : ил., табл.

 

Аб жыцці і дзейнасці Ф. Ф. Мажэйкі

  1. Мажэйка Фама Фамiч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 9. С. 502–503.
  2. Можейко Фома Фомич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 99.
  3. Можейко Фома Фомич // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2007. Т. 5. С. 178.
  4. Можейко Фома Фомич // Национальная академия наук Беларуси : энциклопедический справочник. Минск, 2017. С. 349–350.
  5. Можейко Фома Фомич // Национальная академия наук Беларуси : персональный состав, 1928–2008. – Минск, 2008. С. 285–286.
  6. Мажэйка Фама Фаміч // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 457.
  7. Фома Фомич Можейко : (к 75-летию со дня рождения) / С. А. Усанов [и др.] // Весці НАН Беларусі. Серыя хімічных навук. 2011. № 4. С. 121–123.
  8. Фома Фомич Можейко : (к 70-летию со дня рождения) / Н. П. Крутько [и др.] // Весці НАН Беларусі. Серыя хімічных навук. 2006. № 4. С. 122–123.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 99 разоў