Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 26 Лістапад 2021 15:17

3 снежня 2021 г. — 230 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Лявонавіча Гамаліцкага (1791–1861), урача-фізіёлага, гісторыка, члена Віленскай археалагічнай камісіі, літаратара, педагога

Міхаіл Лявонавіч Гамаліцкі нарадзіўся 3 снежня 1791 г. у в. Бялавічы Слонімскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці). Бацька, уніяцкі святар Лявон Гамаліцкі, амаль пяцьдзясят гадоў служыў у бялавіцкай Свята-Ільінскай царкве. Пачатковую, а затым і сярэднюю адукацыю Міхаіл атрымаў у школе манахаў-базыльянаў у Жыровічах. У 1809 г. паступіў на медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта, вучыўся ў прафесара Юзафа Франка.

 

У 1816–1827 гг. Міхаіл Гамаліцкі выкладаў тэарэтычную хірургію ў Віленскім універсітэце. У 1815 г. абараніў доктарскую дысертацыю. У тым жа годзе яго выбралі членам Віленскага медыцынскага таварыства, пазней быў яго сакратаром, рэдактарам яго выданняў. З 1819 г. малады вучоны выкладаў курсы тэарэтычнай хірургіі і фізіялогіі.

У 1824 г. прафесар М. Л. Гамаліцкі ўзначаліў кафедру фізіялогіі. Шырока праводзіў вопыты на жывёлах, прадоўжыў даследаванні па пераліванні крыві. У медыцынскіх колах гэта была яркая фігура, але быццам з-за хваробы пакінуў універсітэт, перастаў займацца медыцынай. Некаторы час яшчэ змяшчаў артыкулы па медыцыне ў перыядычных выданнях, займаўся прыватнай лекарскай практыкай.

Міхаіл Гамаліцкі з 1828 г. пачаў займацца вывучэннем філалогіі і гісторыі. Збіраў даўнія рукапісы, камплектаваў багатую гісторыка-філалагічную бібліятэку. Вывучаў гісторыю Вільні, яе касцёлаў і цэркваў, жыццё святога Казіміра, беларускую філалогію і археалогію, займаўся літаратурнай дзейнасцю. Калі выйшла ў свет «Гісторыя Вільні» Міхаіла Балінскага ў 3 т. (Вільня, 1836–1837), М. Л. Гамаліцкі змясціў на яе рэцэнзію з істотнымі папраўкамі і дапаўненнямі, якія значна ўзбагацілі змест твора.

Знаёмства М. Л. Гамаліцкага з маладым памешчыкам з Марачоўшчыны Вандалінам Пуслоўскім перарасло ў моцнае сяброўства. У ваколіцах Косава (цяпер у Івацэвіцкім раёне) яны пачалі праводзіць сумесныя археалагічныя даследаванні. Засталіся ненадрукаванымі палявыя археалагічныя дзённікі, альбомы, справаздачы.

Член-карэспандэнт Археалагічнага таварыства (1856), член Русскага геаграфічнага таварыства (1857).Сабраныя матэрыялы паслужылі М. Л. Гамаліцкаму для напісання працы пра жыццё і дзейнасць вялікага князя ВКЛ Вітаўта «Fragmenta Witoldowe», якая засталася ненадрукаванай. Апекаваўся маладым даследчыкам літоўскіх і беларускіх старажытнасцей Адамам Кіркорам (1818–1886), дапамагаў яму ў арганізацыі і прымаў удзел у яго археалагічных экспедыцыях, збіранні археалагічных матэрыялаў. Працаваў плённа, шмат яго матэрыялаў засталося ў рукапісах, якія трапілі пасля ў архіў А. Кіркора.

М. Л. Гамаліцкі памёр 2 лютага 1861 г. у Вільні. Пасля смерці яго бібліятэка паступіла ў Віленскі музей старажытнасцей. Да 200-годдзя з дня нараджэння земляка ў Бялавічах паставілі памятны знак — валун з мемарыяльнай дошкай. Імем Міхаіла Гамаліцкага названа вуліца ў г. Івацэвічы. Свята-Ільінская царква ў Бялавічах, пабудаваная ў другой палове ХVІІІ ст., захавалася да нашага часу, з’яўляецца помнікам народнага драўлянага дойлідства з элементамі барока і класіцызму.

Малодшы брат М. Л. Гамаліцкага, Іпаліт (Фердзінанд Лявонавіч) Гамаліцкі (1804–1846), стаў уніяцкім святаром, доктарам багаслоўя. Закончыў Галоўную духоўную семінарыю пры Віленскім універсітэце (1827). З 1828 г. быў інспектарам, а з 1836 г. выконваў абавязкі рэктара, з 1839 г. стаў рэктарам Літоўскай уніяцкай семінарыі ў Жыровічах. Пасля пераводу семінарыі ў Вільню ў снежні 1844 г. быў назначаны настаяцелем Віленскага кафедральнага сабора. Узнагароджаны ордэнамі св. Ганны ІІІ ступені (1838), св. Уладзіміра ІV ступені (1840), св. Ганны ІІ ступені (1843) і іншымі адзнакамі.

Другі брат М. Л. Гамаліцкага, Ігнацій, таксама стаў святаром, служыў канонікам (протаіерэем) у Брэст-Літоўску, быў членам Духоўнай кансісторыі, адметным прапаведнікам.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Івацэвіцкай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Джэжора Людміла Сяргееўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Гамаліцкі Міхаіл Лявонавіч / Г. А. Каханоўскі // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 5. С. 9.
  2. Гамаліцкі Міхаіл Лявонавіч // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : [у 3 т.]. Мінск, 2010. Т. 3. С. 152–153.
  3. Гомолицкий Михаил Леонтьевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 284–285.
  4. Гамаліцкі Міхаіл Лявонавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2003. Т. 6, кн. 2. С. 363.
  5. Гамаліцкі Міхаіл Лявонавіч // Асветнікі зямлі Беларускай : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2001. С. 108–109.
  6. Гамаліцкі Міхаіл Лявонавіч // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 64.
  7. Гамаліцкі Міхаіл Лявонавіч // Мысліцелі і асветнікі Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1995. С. 389.
  8. Гамаліцкі Міхаіл Лявонавіч // Археалогія і нумізматыка Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 1993. С. 154.
  9. Гамаліцкі Міхаіл Лявонавіч / Г. А. Каханоўскі // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 25.
  10. Гомолицкий Михаил Леонтьевич // Уроженцы Беларуси на службе зарубежной медицине / К. И. Прощаев, А. Н. Ильницкий. Белгород, 2009. С. 11.
  11. Грицкевич, В. П. С факелом Гиппократа : из истории белорусской медицины / В. П. Грицкевич. – Минск : Наука и техника, 1987. – 270 с., [16] л. ил.Из содерж.: Михаил Гомолицкий. С. 147.
  12. Каханоўскі, Г. Адчыніся, таямніца часу : гіст.-літ. нарысы / Генадзь Каханоўскі. – Мінск : Мастацкая літараутра, 1984. – 199 с., [8] л. іл. – Са зместу: Міхаіл Гамаліцкі. С. 21–22.
  13. Каханоўскі, Г. А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI–ХІХ стст. / Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі. – Мінск : Навука і тэхніка, 1984. – 120 с. : іл.
  14. Янковский, П. Г. Записки сельского священника / Плакид Гаврилович Янковский ; вступ. ст. В. Киселева. – Минск : Свято-Петро-Павловский собор, 2004. – 376 с. – Из содерж.: Виленский кафедральный протоиерей Ипполит Гомолицкий. Упоминается Михаил Гомолицкий. С. 297–319.
  15. Зайка, А.Міхаіл Гамаліцкі урач, гісторык з Бялавічаў / Алесь Зайка // Крыніцы і вытокі : нарысы з гісторыі і культуры Івацэвіччыны : да 500-годдзя г. Івацэвічы / Алесь Зайка. Брэст, 2019. С. 4952.
  16. Зайка, А. Міхаіл Лявонавіч Гамаліцкі / Алесь Зайка // Івацэвіцкі веснік. 2016. 13 снежня. С. 6.
  17. Каханоўскі, Г. Львоўскае рэха : [пра паездку ў г. Львоў, яго старажытнасці] / Генадзь Каханоўскі // Полымя. 1971. № 11. С. 214–225. Са зместу: Міхаіл Гамаліцкі. С. 217–218.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 526 разоў