Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 21 Ліпень 2015 15:48

25 ліпеня 2015 г. – 175 гадоў з дня нараджэння Юльяна Фаміча Крачкоўскага (1840–1903), беларускага фалькларыста, этнографа, гісторыка, археографа, краязнаўцы, педагога

Юльян Фаміч Крачкоўскі нарадзіўся 25 ліпеня 1840 года ў вёсцы Азяты Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і арганіста ўніяцкай царквы. Бацька Юльяна паходзіў з беларускіх сялян, меў нямнога зямлі і змалку прывучаў дзяцей да гаспадаркі.

Бацька памёр у 1847 годзе, пакінуўшы трох дачок і малодшага сына – сямігадовага Юльяна, якога маці ўладкавала ў панамарскую школу ў вёсцы Тараканы пад Брэст-Літоўскам, а неўзабаве перавяла ў Жыровіцкае духоўнае вучылішча. Там яго спевы пачуў рэгент мітрапаліцкага хору і забраў юнака з цудоўным голасам у духоўнае вучылішча ў Вільні.

Першым настаўнікам Юльяна ў Вільні стаў Антон Іванавіч Пшчолка. Ю. Крачкоўскі нараўне з багаслоўскімі дысцыплінамі з цікавасцю вывучае літаратуру па агульнай гісторыі, філасофіі, прыродазнаўстве, самастойна авалодвае некалькімі замежнымі мовамі. Дзякуючы выдатным музычным і вакальным здольнясцям, ён становіцца рэгентам семінарскага хору.

Таленавітага і працавітага выпускніка накіроўваюць на далейшую вучобу ў Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію, дзе ён трапляе пад апеку прафесара-славянафіла Міхаіла Восіпавіча Каяловіча, становіцца яго любімым вучнем. Ю. Крачкоўскі пазнаёміўся з пісьменнікам І. Аксакавым і гісторыкам М. Кастамаравым, што дало новы імпульс яго фальклорна-этнаграфічным захапленням.

Пасля паспяховага заканчэння акадэміі (1861) Юльян Крачкоўскі рашуча адмаўляецца ад духоўнага сану. Ён пачынае працаваць выкладчыкам рускай мовы ў Маладзечынскай настаўніцкай семінарыі, вядзе заняткі па царкоўных спевах, кіруе семінарскім хорам. Зацікавіўся вуснай паэтычнай творчасцю народа, пачаў збіраць і запісваць беларускія народныя песні, звычаі, абрады. На падставе сабраных матэрыялаў піша шэраг артыкулаў для газеты “Виленский вестник”.

Педагагічная дзейнасць Юльяна Фаміча працягвалася каля трыццаці гадоў. Пасля ён выязджае ў Тульскую губерню, працуе на педагагічных курсах у Навасілаве. Праз год зноў вярнуўся на радзіму. Некаторы час займае пасаду інспектара народных вучылішчаў Вілейскай вучэбнай акругі, а ў 1872 годзе прызначаецца дырэктарам толькі што адкрытай Полацкай настаўніцкай семінарыі.

У 1874 годзе выязджае ў Германію, каб азнаёміцца там з арганізацыяй навучальнага працэсу. У наступным годзе Ю. Крачкоўскаму даручаюць пасаду дырэктара Віленскага хрысціянскага настаўніцкага інстытута. Па яго ініцыятыве ў інстытуце наладжваюцца літаратурныя і музычныя вечары са спевамі і чытаннем вершаў, спектаклямі, пастаўленымі сіламі студэнцкай моладзі. Выхаваўча-культурныя мерапрыемствы, прапанаваныя і распрацаваныя Ю. Крачкоўскім, былі навіною ў сістэме адукацыі Паўночна-Заходняга краю. Але метадычныя навацыі дырэктара выклікалі незадавальненне ў кансерватыўнай адміністрацыі вучэбнай акругі, яна паклапацілася хутчэй пазбавіцца педагога-наватара. Ю. Крачкоўскі вязджае ў Сярэднюю Азію, у 1884 годзе ўзначальвае настаўніцкую семінарыю ў Ташкенце.

Праз чатыры гады Юльян Фаміч вяртаецца ў Вільню і з 1888 года па 1902 год займае пасаду старшыні Віленскай археаграфічнай камісіі па разбору і выданню старажытных актаў. За гэты час камісія выдала 14 тамоў. Ю. Крачкоўскі быў складальнікам 16, 20 і 25-га тамоў, напісаў прадмовы да іх. Яго прадмовы адрозніваюцца ад іншых сваімі незвычайнымі памерамі (прадмова да 20 т. займала больш за 200 старонак). У той жа час ён напісаў некалькі прац, якія тычацца гісторыі уніі, праваслаўных храмаў Вільні, а таксама тапаграфіі Вільні XVI–XVII стст. У віленскіх перыядычных выданнях Ю. Крачкоўскі друкуе артыкулы, водгукі. За рэцэнзію на “Исторический очерк состояния православной церкви в Литовской епархии за время с 1839–1889 гг.” ўзнагароджаны залатым медалём.

Некаторы час Юльян Фаміч працаваў старшынёй часовай камісіі па кіраванню Віленскай публічнай бібліятэкай і этнаграфічным музеем. У 1893 годзе ён падрыхтаваў ІХ археалагічны з’езд, які праходзіў у Вільні, быў старшынёю мясцовага камітэта. За старанную службу Юльян Крачкоўскі атрымаў тытул сапраўднага стацкага саветніка, ордэна Св. Уладзіміра III і IV ступені, Св. Ганны II ступені і Св. Станіслава І ступені.

Сур’ёзным даследчыкам народных звычаяў і абрадаў Ю. Крачкоўскі выявіў сябе ў асноўных сваіх фальклорна-этнаграфічных працах “Очерки быта западно-русского селянина” (1869) і “Быт западно-русского селянина” (1874). Ён першы ў дарэвалюцыйнай фалькларыстыцы апісаў шэраг дзіцячых гульняў (у рэдзьку, праменьчык, гаршкі, ката, казла, каня, блудзеня, кацялка, крупніка, яшчара, золата і інш.) паказаў іх багацце і разнастайнасць. “Быт западно-русского селянина” складаецца з дзвюх частак. Першая прысвячаецца беларускаму вяселлю, другая – каляндарным абрадам. Пры апісанні вяселля, былі ўключаны звыш 200 песень, 90 прыказак. У другім раздзеле падаецца шэраг дакладных апісанняў беларускага хаўтурнага абраду, народнай медыцыны, кулінарыі.

У 1903 годзе Юльян Крачкоўскі выдаў апошні свой твор – грунтоўны зборнік дакументаў аб гісторыі Віленскай вучэбнай акругі, які прысвячаўся 100-годдзю яе заснавання і ахопліваў першы перыяд яе дзейнасці – з 1803 па 1833 гады.

Юльян Фаміч быў цалкам пазбаўлены амбіцый і ўсё жыццё заставаўся сціплым і простым чалавекам, добрым мужам і бацькам. Ён быў жанаты на дачцы віленскага пратаіерэя, свайго першага настаўніка, Ганне Антонаўне Пшчолцы. У іх было чацвёра дзяцей: Мікалай (1871–1927), Юлія (1874–1942), Аляксей (1876–1905) і Ігнат (1883–1951). Мікалай Юльянавіч скончыў Пецярбургскую ваенна-медыцынскую акадэмію і лічыўся здольным ваенным хірургам. Ігнат Юльянавіч вядомы як буйнейшы вучоны-ўсходазнаўца, заснавальнік арабістыкі ў Савецкім Саюзе, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР.

Абарвалася жыццё Юльяна Фаміча Крачкоўскага 25 ліпеня 1903 года. На яго радзіме ў вёсцы Азяты адна з вуліц носіць імя Ю. Ф. Крачкоўскага. У 1995 годзе на будынку Азяцкага сельскага дома культуры ўсталявана мемарыяльная дошка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Карпішчук Марына Віктараўна, бібліёграф

 

Творы Ю.Ф. Крачкоўскага

  1. Очерки быта западно-русского селянина / Ю. Ф. Крачкоўский // Виленский сборник. – Вильна: печатня А. Г. Сыркина, 1869. – С. 160209.

  2. Очерки Униятской церкви. Кн. 1–2 / Ю. Ф. Крачковский. – Москва, 1871. – 404 с.

  3. Очерки Униятской церкви. Кн. 3–4 / Ю. Ф. Крачковский. – Москва, 1876.

  4. Бытъ западно-русскаго селянина / Юл. Ф. Крачковский. – Москва: Императорское Общество Истории и Древностей Российских при Московском Университете, 1874. – 212 с.

  5. Памяти Помпея Николаевича Батюшкова / Ю. Ф. Крачковский. – Вильна: типография А. Г. Сыркина, 1892. – 34 с.

  6. Старая Вильна до конца XVII столетия / Ю. Крачковский. – Вильна: типография А. Г. Сыркина, 1893. – 207 с., [4] л. план.

  7. Православные святыни г. Вильны : из «Трудов Девятого Археологического Съезда в Вильне» / Ю. Ф. Крачковский. – Москва : тип. Г. Лисснера и А. Гешеля, преемн. Э. Лисснера и Ю. Романа, 1897. – 28 с.

  8. Русско-польские отношения :некоторые замечательные по этому предмету мысли, слова, речи, узаконения, размышления и рассуждения / Ю. Ф. Крачковский. Изд. 2-е доп.– Вильна : типография А. Г. Сыркина, 1897.– 178 с.

 

Аб жыцці і творчасці Ю. Ф. Крачкоўскага

  1. Крачкоўскі Юльян Фаміч // Культура Беларусі: энцыклапедыя. Мінск, 2013. Т. 4. С. 567.

  2. Крачковский Юлиан Фомич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1: Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 1. С. 508.

  3. Юльян Крачкоўскі (1840–1903) // Літаратурная карта Берасцейшчыны / [укл. А. Крэйдзіч]. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2008. С. 198–201.

  4. Крачковский Юлиан Фомич // Республика Беларусь : энциклопедия : в [7] т. Минск, 2007. Т. 4. С. 277.

  5. Крачкоўскі Юльян Фаміч // Беларускі фальклор : энціклапедыя. Мінск, 2005. С. 718.

  6. Крачкоўскі Юльян Фаміч // Асветнікі зямлі беларускай Х–ХХ ст. : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2001. С. 241–242.

  7. Ю. Ф. Крачкоўскі // Памяць. Жабінкаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск : Ураджай, 1999. С. 133–135.

  8. Крачкоўскі Юльян Фаміч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 8. С. 470.

  9. Крачкоўскі Юльян Фаміч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 255.

  10. Бензярук, А. Вучоны з вёскі Азяты // Бензярук, А. Свята для сэрца : невялікія гісторыі для юных беларусаў / Анатоль Бензярук. Мінск : Литература и Искусство, 2009. С. 114–115.

  11. Бензярук, Р. Зямля і навука : Крачкоўскі Юльян Фаміч // Сорак дарог / Расціслаў і Анатоль Бензерукі. Брэст : Альтернатива, 2007. С. 17–19.

  12. Федарук, С. Падарожжа на яго радзіме : да 170-годдзя Ю. Ф. Крачкоўскага : [гістарычнае падарожжа ў Азяцкай селькай бібліятэцы] / С. Федарук // Сельская праўда (Жабінка). 2010. 24 ліпеня. С. 7.

  13. “165 гадоў з дня нараджэння...” : [Крачкоўскага Юльяна Фаміча (1840–1903), фалькларыста, этнографа] / аўтар рубрыкі Л. Галубовіч // Полымя. 2005. № 7. С. 238.

  14. Замкавец, У. Вучоны з вёскі Азяты : Юльян Крачкоўскі (1840–1903) / Уладзімір Замкавец // Настаўніцкая газета. 2004. 20 сакавіка. С. 6.

  15. Бензярук, А. Вучоны з Азятаў : да 160-годдзя Юльяна Крачкоўскага / Анатоль Бензярук // Сельская праўда (Жабінка). 2000. 26 ліпеня.

  16. Цішчанка, І. Адна навука не пакіне чалавека : да 145-годдзя з дня нараджэння Ю. Ф. Крачкоўскага / Іван Цішчанка // Мастацтва. 1995. № 12. С. 45–48.

  17. Бензярук, Р. На вуліцы Крачкоўскага : [верш] / Расціслаў Бензярук // Сельская праўда (Жабінка). 1995. 13 верасня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1594 разоў Апошняя змена Панядзелак, 11 Май 2020 12:20