Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 12 Лістапад 2015 10:28

16 кастрычніка 2015 г. – 110 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Трафімавіча Анішчыка (1905–1973)

Міхаіл Трафімавіч Анішчык нарадзіўся 16 кастрычніка 1905 года ў вёсцы Була Слонімскага павета (цяпер Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і батрака.

 

У 1921–1927 гадах Міхаіл Анішчык батрачыў. З 1924 года прымаў удзел у рэвалюцыйным руху. У 1925 годзе ўступіў у камуністычную партыю. З 1926 года ў шэрагах Беларускай сялянска-рабочай грамады. Міхаіл Трафімавіч з’яўляўся добрым арганізатарам працоўных мас, праводзіў вялікую работу з членамі КПЗБ. У 1927 годзе Міхаіл Анішчык быў арыштаваны за арганізацыю дэманстрацыі працоўных Слоніма. У турме ён прабыў два гады.

З пачатку 1929 года Міхаіл Трафімавіч становіцца сакратаром Слонімскага акруговага камітэта КСМЗБ. У жніўні 1929 года зноў арыштаваны і прыгавораны да чатырох гадоў зняволення.

У 1934 годзе стаў сакратаром Слонімскага акруговага камітэта КПЗБ. Але восенню гэтага года яго зноў арыштавалі і прыгаварылі да шасці гадоў турмы. Так ён быў тройчы зняволены польскімі ўладамі, амаль дзесяць гадоў правёў ў турмах буржуазна-памешчыцкай Польшчы.

У час вызвалення Заходняй Беларусі ствараў атрады рабочай гвардыі на Слонімшчыне. Працаваў оперупаўнаважаным міліцыі. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у лістападзе 1940 года быў абраны дэпутатам і старшынёй Слонімскага гарадскога Савета.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Трафімавіч становіцца актыўным арганізатарам партызанскіх груп і атрадаў, быў у Чырвонай арміі. У 1942–1943 гадах прайшоў навучанне ў спецшколе.

У маі 1943 года Міхаіл Трафімавіч прыбыў у родныя мясціны як упаўнаважаны ЦК КП(б)Б і Беларускага штаба партызанскага руху па Баранавіцкай вобласці. З чэрвеня дзейнічаў як сакратар Слонімскага падпольнага міжрайкома КП(б)Б, разам з адказным рэдактарам Мікалаем Васільевічам Бурсевічам (1912–1998) рэдагаваў падпольную газету «Вольная праца» (цяпер раённая газета “Слонімскі веснік”). У верасні 1943 года пад кіраўніцтвам М. Т. Анішчыка быў створаны Слонімскі падпольны раённы камітэт КП(б)Б. У студзені 1944 года па ініцыятыве Міхаіла Трафімавіча на базе партызанскіх атрадаў імя Панамарэнкі, Дзяржынскага, Сталіна, Ракасоўскага, Фурманава, “За радзіму” была створана ў студзені 1944 года партызанская брыгада імя К. К. Ракасоўскага, якая дзейнічала на тэрыторыі Слонімскага і Быценскага раёнаў.

Пасля вайны Міхаіл Трафімавіч на партыйнай і савецкай рабоце. З 1955 па 1963 гады – дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 4–5 склікання.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені, Чырвонай Зоркі, Чырвонага Сцяга, чатырма медалямі. 24 чэрвеня 1969 года ўдастоены звання «Ганаровы грамадзянін г. Слоніма».

Памёр Міхаіл Трафімавіч Анішчык 8 лютага 1973 года. Імем М. Т. Анішчыка названа вуліца ў г. Слоніме Гродзенскай вобласці.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Івацэвіцкай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Вазнішчык Вольга Мікалаеўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Анищик Михаил Трофимович // Долготович, Б. Д. Почётные граждане белорусских городов : биографический справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2008. С. 232–233.

  2. Анішчык Міхаіл Трафімавіч // Памяць. Слонімскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск : БЕЛТА, 2004. С. 655.

  3. Анішчык Міхаіл Трафімавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 1. С. 372.

  4. Анішчык Міхаіл Трафімавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 1. С. 122.

  5. Анищик Михаил Трофимович // Их именами названы… : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 32–33.

  6. Анішчык Міхаіл Трафімавіч // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1969. Т. 1. С. 346–347.

  7. Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны : документы и материалы июнь 1941 – июль 1944 : в 3 т. – Минск, 1967. – Т. 1. – Из содерж. : [о назначении Анищика Михаила Трофимовича помощником уполномоченного ЦК КП(б)Б по Барановичской области]. – С. 436–437.

  8. Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 – июль 1944) : краткие сведения об организационной структуре партизанских соединений, бригад (полков), отрядов (батальонов) и их личном составе. – Минск, 1983. – Из содерж.: [Анищик Михаил Трофимович с 14 августа 1943 года возглавляет Слонимский межрайпартцентр]. – С. 79.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1301 разоў Апошняя змена Аўторак, 12 Май 2020 10:39