Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 13 Май 2016 11:54

12 чэрвеня 2016 г. – 75 гадоў з дня нараджэння Дота Саматавіча Абдусаматава (1941), мастака

Дот Саматавіч Абдусаматаў нарадзіўся 12 чэрвеня 1941 года ў пасёлку Шахрынау (Таджыкская ССР). Бацька працаваў правадніком – суправаджаў людзей цераз перавал. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны бацька быў прызваны ў Чырвоную армію і загінуў на фронце. Мацi памерла ў час вайны, хлопчык выхоўваўся ў дзіцячым доме ў Душанбэ у рускамоўным асяродку.

Здольнаму юнаку няпроста было дабіцца здзяйснення сваёй мары – стаць мастаком. У 1963 годзе Дот Абдусаматаў закончыў Душанбінскае мастацкае вучылішча, у 1971 годзе – Ленінградскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В. Мухінай. Студэнтам пакахаў беларуску, якая вучылася ў Ленінградскім тэхнікуме, у 1969 годзе ажаніўся з ёю ў Брэсце.

Пасля заканчэння Ленінградскага вучылішча Дот Саматавіч пяць гадоў выкладаў ў мастацкім вучылішчы ў Душанбэ. Затым працаваў ў Мастацкім фондзе Таджыкскай ССР, заснаваў першую майстэрню па габелене.

З 1972 года прымае ўдзел у мастацкіх выставах. Працуе ў вобласці роспісу па тканіне, габелена, станковага жывапісу і графікі. Творы знаходзяцца ў музеях і галерэях Таджыкістана, Беларусі, Аўстрыі, Расіі і інш. У 1979 годзе быў прыняты ў Саюз мастакоў СССР. Асноўныя творы: палотны «Карарскія горы», «Кісці рук», «Флора», «Самсон і Даліла», «Юзіфь», «Восеньскі пейзаж».

У 1992 годзе, калі ў Таджыкістане пачыналася грамадзянская вайна, Дот Абдусаматаў пераехаў у Беларусь, якая стала яго другой радзімай, тут нарадзіліся дзве дачкі. У 1994–2000 гадах працаваў у Маскве, у Сонечнагорску. Жыццё выпрацавала ў ім адметныя рысы асобы: цэльнасць, уважлівасць і чуласць, дабразычлівасць і годнасць.

Дот Саматавіч бываў у розных краінах – Егіпце, Ізраілі, Італіі, вывучаў іх помнікі і культуру. У мастака глыбокі жаль, што людзі не ўсвядамляюць каштоўнасці чалавечага жыцця і міра. Біблейскія сюжэты ў творчасці мастака – гэта таксама аб жыцці і смерці, аб вечнасці.

У ліпені 2012 года ў выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра працавала першая персанальная выстава твораў Дота Абдусаматава «Усё праходзіць». Было прадстаўлена больш за 70 палотнаў брэсцкага мастака. Дот Саматавіч заўжды творча непакоіцца: завяршаючы адны жывапісныя творы, ён ужо трымае на прыкмеце новыя складаныя ідэі-кампазіцыі. Як сапраўдны творчы чалавек, жыве стваральным памкненнем мастака здзівіць свет.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Дот Абдусаматаў : [«Флора»] // Мастакі Брэстчыны : альбом-каталог / аўт.-склад. М. П. Кузьміч. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2010. С. 12–13.

  2. Дот Абдусаматов : [«Полуденный сон Фавна»] // Художники Брестчины – 2002 : альбом-каталог / авт.-сост.: М. Коньков, А. Жук, А. Грищук, Б. Репак. Минск : А. Климов, 2002. С. 10–11.

  3. Валасюк, Л. З настальгіяй па Душанбэ : [ілюстрацыі: «Грацыя», «Кафэ»] // Валасюк, Л. Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2014. С. 96–97.

  4. Рэлігійны жывапіс : [карціна Дота Абдусаматава “Царква ў вёсцы Чарняны”] // Голас часу (Маларыта). 2014. 5 лістапада.

  5. Павлова, Л. Всё пройдет – останется искусство : [о выставке Д. С. Абдусаматова «Всё пройдёт» в выставочном зале Брестского ООКЦ] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2012. 19 июля (№ 29). С. 10.

  6. Гармель, Е. Следы времени : [о выставке Д. С. Абдусаматова в выставочном зале Брестского ООКЦ] / Елена Гармель ; фото Юрия Макарчука // Заря. 2012. 14 июля. С. 6.

  7. Валасюк, Л. Фантазiя ў мастацтве / Лявон Валасюк // Народная трыбуна. 2011. 9 лiпеня. С. 11.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1276 разоў Апошняя змена Пятніца, 15 Май 2020 10:44