Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 24 Красавік 2018 09:55

Сустрэча з Анатолем Гладышчуком з нагоды прэзентацыі яго новай кнігі «Замок Берестейский. Книга вторая. Литва».

19 красавіка 2018 г. у Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага адбылася чарговая сустрэча з прафесарам Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, пісьменнікам, гісторыкам, навукоўцам, краязнаўцам Анатолем Гладышчуком з нагоды прэзентацыі яго новай кнігі «Замок Берестейский. Книга вторая. Литва».

«Замок Берестейский. Книга вторая. Литва» з’яўляецца лагічным працягам аповеда аб гістарычным мінулым 1000-гадовага горада, які быў распачаты ў кнізе «Замок Берестейский. Книга первая. Русь» і ахоплівае перыяд с сярэдзіны XIV да сярэдзіны XVI ст., калі Бярэсце і Берасцейскі замак дасягнулі вяршыні свайго палітычнага і эканамічнага росквіту.

На мерапрыемстве прысутнічалі блізкія і знаёмыя аўтара, яго студэнты і паплечнікі, вядомыя ў краязнаўчых колах людзі. Дырэктар Бібліятэкі Алена Якаўлеўна Стрыжэвіч выступіла з прывітальным словам і адзначыла цікавасць чытача да гістарычнага мінулага горада і чытацкую запатрабаванасць першай часткі выдання.

На пачатку сустрэчы Анатоль Антонавіч распавёў аб сваёй працы над кнігай, падзякаваў усім, хто меў непасрэднае дачыненне да яе выхаду. Аўтар сказаў, што да выдання ўжо падрыхтаваны рукапіс і трэцяй часткі — кніга «Берестейский замок. Республика» аб гісторыі горада ў складзе Рэчы Паспалітай, і ён спадзяецца, што яна таксама ў хуткім часе пабачыць свет.

Сярод выступоўцаў былі: кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі славянскіх народаў БрДУ імя А. С. Пушкіна, рэцэнзент кнігі Аляксандр Башкоў; дырэктар гарадзенскага выдавецтва «ЮрСаПринт», у якім выйшлі абодва выданні «Замка Берестейского», Аляксандр Рыжы; рэдактар кнігі Марына Шэпялевіч, вядомы у горадзе архітэктар Міхаіл Гайдуковіч, краязнавец, пісьменнік і журналіст Аляксандр Сувораў, культуролаг Віктар Місіюк, краязнавец Валерый Мароз і інш. 

Супрацоўнікамі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі была падрыхтавана кніжная выстава аб жыцці, творчай і прафесійнай дзейнасці Анатоля Гладышчука. Ва ўсіх прысутных была магчымасць пазнаёміцца з матэрыяламі, прадстаўленымі на ёй, а таксама пагутарыць з аўтарам, набыць прэзентуемую кнігу і атрымаць аўтограф.

 

Жэлянгоўская Ірына Іванаўна, галоўны бібліёграф аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі

Тэлефон для даведак: + 375 162 57 48 79

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1400 разоў Апошняя змена Чацвер, 10 Май 2018 13:10