Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 03 Студзень 2019 10:47

Мікалаю Пацеюку – 80!

“Я з палескага сяла…”

Аднаму са старэйшых пісьменнікаў Маларытчыны Мікалаю Пацеюку ў другой палове снежня споўнілася 80 гадоў. З гэтай нагоды ў чытальнай зале раённай бібліятэкі прайшло юбілейнае мерапрыемства “Я – з палескага сяла”. На яго былі запрошаны калегі па літаратурным цэху, а таксама аматары паэзіі: сябры, знаёмыя, аднакласнікі, бібліятэкары, настаўнікі…


На літаратурным небасхіле Маларытчыны імя Мікалая Пацеюка займае пачэснае месца. Ён з 2012 года з’яўляецца старшынёй літаб’яднання “Над рэчанькай Рытай”, якое існуе пры раённай газеце “Голас часу”, аўтарам трох паэтычных зборнікаў (“Мелодыя сэрца”, Маларыта, 2007; “З-пад буслінага крыла”, Брэст, 2011;  “Душой не пакрывіць”, Брэст, 2015). Яго творы часта друкуюцца на старонках раённай газеты, штогадовага альманаха “Жырандоля”. Вершы Мікалая Іванавіча кранаюць пяшчотай і незвычайнай любоўю да родных мясцін, сваёй мовы, людзей, якія тут жывуць і працуюць, радуюцца і засмучаюцца.


Сустрэча, вядучай якой была Галіна Кучына, прайшла ў цёплай, нязмушанай і добразычлівай атмасферы. Падчас яе выступіў сам Мікалай Пацяюк, які расказаў пра сваё нялёгкае, але шчаслівае дзяцінства, пра жыццёвы шлях, працоўную дзейнасць, прачытаў як ужо надрукаваныя, так і нядаўна напісаныя вершы. Яны ў аўтарскім выкананні гучалі вельмі шчыра, кранальна і выклікалі ў слухачоў шмат станоўчых пачуццяў.


Мікалая Пацеюка шчыра вітаў з юбілеем старшыня Брэсцкага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Мікола Аляхновіч. Ён зачытаў віншавальны адрас ад кіраўніцтва гэтай творчай арганізацыі. Добрыя словы ў адрас Мікалая Іванавіча гаварылі берасцейскія майстры слова Мікола Сянкевіч, Мікола Пракаповіч і Аляксей Філатаў, мясцовыя паэты Уладзімір Данілюк і Генадзь Мішчук, а таксама былы дырэктар Ляхавецкай СШ Вера Гаварко, аднакласніца і былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №1 Ганна Федарук, былы адказны сакратар раённай газеты “Голас часу” Ірына Касцевіч,  Галіна Пракапук, Валерый Савасціёнак, дырэктар раённай бібліятэкі Наталля Кузьміцкая… Прысутныя выказалі Мікалаю Іванавічу словы ўдзячнасці за Яго творчасць,  шчыры душэўны дыялог, пажадалі поспехаў і натхнення.


Час, адведзены на мерапрыемства, хутка прабег. Адзначалася, што яно дало магчымасць у чарговы раз судакрануцца з чароўным беларускім словам і проста добра адпачыць у кампаніі аднадумцаў. На развітанне прысутныя на спецыяльным стэндзе Мікалаю Іванавічу пакідалі шчырыя віншавалі з нагоды яго 80-годдзя.


Мікалай Пацяюк цяпер працягвае пісаць вершы. Ён па-ранейшаму натхнённа працуе, кааб хутка парадаваць сваіх чытачоў-прыхільнікаў новым зборнікам вершаў.


Мікалай НАВУМЧЫК.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2210 разоў Апошняя змена Чацвер, 19 Сакавік 2020 13:37